Новыя забароны, затрыманне Аляксея Хлястова і праблемы са здароўем у журналіста Кірыла Пазняка. Хронікі рэпрэсій 22 траўня

 У Беларусі працягваюць пашыраць абмежаванні для людзей, якіх улады лічаць «экстрэмістамі». Цяпер ім хочуць забараніць займацца рэпетытарствам. Тым часам сілавікі затрымалі спевака Аляксея Хлястова, журналіст Кірыл Пазняк апынуўся ў шпіталі пры СІЗА ў цяжкім стане, а МУС працягвае папаўняць «спіс экстрэмістаў». Суды і сілавыя структуры таксама працягваюць палітычны пераслед жыхароў рэгіёнаў — ад пенсіянераў да таксістаў.

1_1097_1.png

У Беларусі хочуць забараніць «экстрэмістам» працаваць рэпетытарамі

На грамадскае абмеркаванне вынеслі праект пастановы Савета міністраў «Аб рэестры фізічных асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць па навучанні дзяцей».

Як паведамляе Dev.by, Міністэрства адукацыі будзе прымаць заўвагі і прапановы да 1 чэрвеня.

Згодна з праектам, займацца рэпетытарствам можна будзе толькі пасля ўключэння ў спецыяльны дзяржаўны рэестр. Без уключэння ў яго такая дзейнасць стане незаконнай.

У тлумачэнні да праекта гаворыцца, што новаўвядзенне дазволіць абмежаваць доступ да працы з дзецьмі для людзей, у дачыненні да якіх уступіў у сілу прысуд за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Таксама гаворка ідзе пра шэраг іншых артыкулаў — звязаных з наркотыкамі, злачынствамі супраць непаўналетніх, забойствамі і іншымі правапарушэннямі.

Пры гэтым абмежаванні прапануюць ужываць нават пасля пагашэння або зняцця судзімасці.

Палітвязень і журналіст Кірыл Пазняк трапіў у шпіталь пры СІЗА

Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміла яго былая жонка Алена.

Паводле яе слоў, журналіст Кірыл Пазняк знаходзіцца ў цяжкім стане ў шпіталі пры СІЗА-1.

«З запушчанымі наступствамі пнеўманіі і кавіду, якія падхапіў у ізалятары на Акрэсціна восем месяцаў таму», — напісала яна.

Алена Пазняк таксама заклікала зрабіць усё магчымае, каб захаваць жыццё журналіста.

Кірыл Пазняк быў затрыманы 4 верасня 2025 года — у дзень, калі YouTube-канал «Платформа 375» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Разам з ім тады затрымалі і яго дачку Яніну Пазняк.

У Мінску затрымалі спевака Аляксея Хлястова

Пра затрыманне ў эмацыйным відэа ў Threads паведаміла жонка спевака.

Паводле яе слоў, цяпер Аляксей Хлястоў знаходзіцца на Акрэсціна.

Пасля падзей 2020 года спявак трапіў у так званыя «чорныя спісы», пасля чаго яму фактычна забаранілі выступаць у Беларусі. Пазней ён працаваў таксістам.

Праўладныя Telegram-каналы сцвярджаюць, што Хлястова адпусцяць «пасля адбыцця пакарання».

Акаўнт, звязаны з сілавымі структурамі, сцвярджае, што спевак нібыта «ігнараваў выклікі ў ДАІ» пасля парушэння правілаў паркоўкі і «не падпарадкаваўся законным патрабаванням».

Паводле версіі праўладных каналаў, год таму Хлястоў ужо трапляў у поле зроку ГУБАЗіКа.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 чалавек

22 траўня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Цяпер у спісе 6631 чалавек.

Сярод новых імёнаў — гомельская пенсіянерка Вольга Строева.

Як паведамляе «Гомельская Вясна», жанчыну затрымалі яшчэ 3 верасня 2025 года. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай, але раней было вядома толькі пра абвінавачанне ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».

Цяпер высветлілася, што Гомельскі абласны суд прызнаў яе вінаватай адразу паводле некалькіх палітычных артыкулаў:

▪️ «распальванне сацыяльнай варожасці»

▪️ «заклікі да санкцый»

▪️ «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

▪️ «абраза Лукашэнкі»

Гомельскага таксіста асудзілі па трох палітычных артыкулах

33-гадовы Ілля Карпаў родам з Буда-Кашалёўскага раёна, але жыў у Гомелі.

Як піша «Наша Ніва», з 2018 года ён займаўся ўласным бізнэсам — вырабляў піламатэрыялы і мэблю на заказ. Таксама мужчына падпрацоўваў таксістам у Мінску.

У мясцовых чатах Карпаў рэгулярна пісаў пра праблемы дарожнага руху — паведамляў пра зламаныя святлафоры, пашкоджаныя знакі і прапаноўваў ідэі для паляпшэння сітуацыі на скрыжаваннях.

Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле:

— ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»),

— ч. 1 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»),

— арт. 369-1 КК («дыскрэдытацыя Беларусі»).

Дакладны прысуд пакуль невядомы, але мужчыну пагражала да сямі гадоў калоніі.

Жыхара Глускага раёна асудзілі за «паклёп» на Лукашэнку

Пра гэта паведаміла пракуратура.

Паводле версіі ведамства, на старонцы мужчыны знайшлі відэа, якія нібыта змяшчалі «паклёп» на Лукашэнку.

Яму прызначылі два гады «хатняй хіміі».

Таксама пракуратура паведаміла, што з пачатку 2026 года ў суд Глускага раёна ўжо накіравалі 70 заяў аб прызнанні розных матэрыялаў «экстрэмісцкімі».

Міліцыя апублікавала «пакаяльнае відэа» з жыхаром Лагойска

На відэа 34-гадовага мужчыну прымусілі сказаць, што ён «дапускаў негатыўныя выказванні на адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і міністра ўнутраных спраў» у TikTok.

Паведамляецца, што мужчыну ўзялі пад варту і распачалі супраць яго крымінальную справу.