Ператрусы за Дзень Волі і 12 гадоў Балкунцу. Хронікі рэпрэсій 25 траўня
У Беларусі працягваецца ціск на людзей, звязаных з эміграцыйнымі ініцыятывамі і акцыямі салідарнасці за мяжой. Праваабаронцы паведамляюць ужо пра дзясяткі ператрусаў у сваякоў актывістаў, а супраць Паўла Севярынца распачалі новую крымінальную справу пасля яго выступу на Дні Волі ў Вільні. Тым часам суды выносяць новыя завочныя прысуды, а ў расійскі спіс «тэрарыстаў і экстрэмістаў» уключылі 15-гадовага беларускага падлетка.

Праваабаронцы паведамляюць пра больш як 30 ператрусаў у сваякоў беларускіх актывістаў
Паводле праваабаронцаў, сілавікі ўжо правялі больш за 30 ператрусаў у сваякоў беларусаў, якія жывуць за мяжой і займаюцца грамадскай або палітычнай дзейнасцю.
Вядома, што частка гэтых выпадкаў звязаная з удзелам у мерапрыемствах да Дня Волі ў Варшаве, Вільні, Беластоку і ЗША.
Супраць Паўла Севярынца распачалі новую крымінальную справу
Пра гэта сам Павел Севярынец паведаміў у Facebook.
«Узбудзілі крымінальную справу за Дзень Волі, правялі ператрус у Віцебску», — напісаў палітык.
У Віцебску жыве маці Севярынца.
Пасля вызвалення ў снежні 2025 года Павел Севярынец упершыню публічна выступіў 25 сакавіка 2026 года на мітынгу з нагоды Дня Волі ў Вільні.
Нагадаем, палітыка затрымалі ў чэрвені 2020 года і асудзілі на сем гадоў зняволення паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
13 снежня 2025 года Севярынца вызвалілі разам з групай палітвязняў. Спачатку яго вывезлі ва Украіну, а пазней — пры ўдзеле беларускіх і міжнародных ініцыятыў — эвакуявалі ў Літву.
КДБ прыйшоў з ператрусам да сваякоў віцебскага актывіста Дзмітрыя Карняенкі
Пра яшчэ адзін ператрус, які адбыўся 21 траўня, паведаміў сам Дзмітрый Карняенка.
Паводле актывіста, супрацоўнікі КДБ прыйшлі да яго сваякоў у Віцебску.
«Афіцыйна — з нагоды святкавання Дня Волі. Неафіцыйна — каб у гэты дзень не выходзілі на жалобныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню палітвязня», — напісаў ён у Facebook.
Карняенка адзначыў, што падчас ператрусу нічога не забралі, піша @vicspring.
У Беларусі супраць актывіста распачалі некалькі крымінальных спраў. На сайце МУС яго пазначылі як удзельніка «экстрэмісцкіх фармаванняў» — «Хрысціянскай візіі» і ініцыятывы «Народный депутат».
Паводле Карняенкі, сілавікі рэгулярна прыходзяць да яго сваякоў. У бацькі актывіста ўжо двойчы бралі генетычны матэрыял.
Дзмітрыя Балкунца завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі
25 траўня Мінскі гарадскі суд у межах спецыяльнай вытворчасці разгледзеў справу 43-гадовага Дзмітрыя Балкунца.
Яго прызналі вінаватым паводле васьмі крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «дыскрэдытацыі Беларусі» і «закліках да санкцый».
Суд прызначыў Балкунцу 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 5000 базавых велічыняў — гэта 225 тысяч рублёў.
Раней пракуратура сцвярджала, што Балкунец нібыта «стварыў і размясціў не менш за 28 інфармацыйных публікацый», у якіх заклікаў да захопу ўлады, санкцый і «дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі».
15-гадовага беларускага падлетка ўнеслі ў расійскі спіс «тэрарыстаў і экстрэмістаў»
Расфінманіторынг абнавіў расійскі спіс «тэрарыстаў і экстрэмістаў». Сярод новых імёнаў апынуўся 15-гадовы Валянцін Дамарацкі з аграгарадка Перасвятое Рэчыцкага раёна.
Як паведамляе «Гомельская Вясна», гэта самы малады беларус у гэтым спісе.
Побач з яго імем стаіць пазнака, якая сведчыць пра падазрэнне або абвінавачванне ў «тэрарыстычнай дзейнасці» на тэрыторыі Расіі. Што менавіта ставяць у віну падлетку, не раскрываецца праз яго ўзрост.
У Расіі па артыкулах, звязаных з тэрарызмам і экстрэмізмам, да адказнасці могуць прыцягваць ужо з 14 гадоў. Для ўключэння ў спіс дастаткова нават статусу падазраванага — прысуд суда не патрабуецца.
Цяпер у расійскім спісе «тэрарыстаў і экстрэмістаў» амаль 22 тысячы чалавек. Больш за 150 з іх — непаўналетнія.
Былая алімпіядніца са Светлагорска атрымала палітычны прысуд
31-гадовую Дар’ю Калінаву асудзілі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Як піша «Наша Ніва», у школьныя гады Дар’я была адной з самых вядомых вучаніц Светлагорска. Яна рэгулярна перамагала на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па працоўным навучанні, удзельнічала ў міжнародных конкурсах і даследчых праектах.
Пасля школы жанчына працягнула адукацыю ў Еўропе.
Цяпер Гомельскі абласны суд прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Паводле папярэдняй інфармацыі, справа можа быць звязаная з «Беларускім гаюном».
Жыхара Гомеля асудзілі па «справе Гаюна»
28-гадовага гамяльчаніна Аляксандра Новікава судзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Як паведамляе «Гомельская Вясна», Гомельскі абласны суд прызначыў яму два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Сайт «Праваабаронцы супраць катаванняў» прызналі «экстрэмісцкім»
Таксама ў адпаведны спіс дадалі:
— Facebook-старонку «Беларускiя зялёныя-БПЗ»,
— Instagram-акаўнт «freeebelarus» і яго лагатып,
— Threads-старонку «andrey_tkachov (Andrey Tkachov | Health Coach)»,
— Facebook-старонку «Vesna Books/Выдавецтва Вясна»,
— суполку ва «Укантакце» «Экалогія: завод беленай цэлюлозы, Светлагорск».