Ксяндза асудзілі на тры гады калоніі. Хронікі рэпрэсій 3 лістапада
Ксяндза Анатоля Парахневіча асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі, але сутнасць абвінавачання застаецца невядомай. Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын больш за 20 дзён не выходзіць на сувязь з роднымі. Таксама ў Беларусі распачалі новыя спецыяльныя вытворчасці і папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Ксяндза Анатоля Парахневіча асудзілі на тры гады зняволення
Настаяцеля рымска-каталіцкай парафіі ў Альковічах ксяндза Анатоля Парахневіча асудзілі ў судзе Вілейскага раёна. Прысуд вынеслі ў кастрычніку, але дакладная дата пакуль невядомая. Пра гэта паведамляе Katolik.life са спасылкай на вернікаў.
Паводле іх звестак, святару прызначылі тры гады пазбаўлення волі і штраф у памеры 50 базавых велічыняў — 2250 рублёў.
Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачання невядомая. Паводле інфармацыі выдання «Хрысціянская візія», Парахневіча асудзілі за «абразу ўлады і экстрэмізм». Мяркуецца, што гаворка можа ісці пра артыкул 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) і артыкул 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Аднак афіцыйнага пацвярджэння гэтых звестак няма.
Раней святару інкрымінавалі здраду дзяржаве, але, як адзначае выданне, мінімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула складае сем гадоў зняволення.
Паводле звестак вернікаў, нават кіраўніцтва курыі не мае дакладнай інфармацыі пра тое, у чым абвінавацілі святара.
Вядома, што Парахневіч абскарджвае прысуд. Раней парафіяне напісалі калектыўны зварот з просьбай вызваліць настаяцеля.
Ксяндза затрымалі 17 сакавіка 2026 года. Вобыскі ў ягоным доме, касцёле і парафіяльным доме праводзілі супрацоўнікі КДБ.
Дзяніс Івашын больш за 20 дзён не выходзіць на сувязь. Магчыма, яго зноў змясцілі ў ШІЗА
Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын, якога ўтрымліваюць у магілёўскай папраўчай калоніі № 15, больш за 20 дзён не выходзіць на сувязь з роднымі.
Ягоная жонка Вольга Івашына мяркуе, што журналіста маглі зноў змясціць у штрафны ізалятар (ШІЗА). Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Апошні раз Дзяніс тэлефанаваў дадому 17 кастрычніка. Раней Вольга паведаміла, што муж ужо другі тыдзень запар не выходзіць на сувязь.
«Такія нялюдскія лічбы дзён без звестак пра нашага Дзяніса пакідаюць у нас усё менш сумневаў наконт таго, што яго зноўку змясцілі ў ШІЗА, але сцвярджаць тое мы не можам», — напісала яна ў Facebook.
Беларусаў будуць завочна судзіць за ўдзел ва ўзброеным фармаванні і абразу прадстаўнікоў улады
Юрыя Белавусава абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса — удзел ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі іншай дзяржавы.
У дачыненні да яго распачалі спецыяльную вытворчасць. Мужчыну выклікаюць у Маскоўскі раённы суд Мінска на 13 лістапада 2026 года.
Таксама 2 лістапада Следчы камітэт паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да беларуса Яўгена Шпакоўскага і беларускі Людмілы Жданко.
Яўгену інкрымінуюць:
арт. 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;
ч. 1 арт. 368 — абразу Лукашэнкі;
арт. 369 — абразу прадстаўніка ўлады.
Людміле інкрымінуюць:
ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
арт. 369 — абразу прадстаўніка ўлады.
Абодвух запрашаюць вярнуцца ў Беларусь.
Сайт, Telegram-канал і лагатып спецроты «ВОЛЯ» дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У яго трапілі:
- сайт і канал у тэлеграме «БЕЛАРУСКАЯ СПЕЦРОТА БПЛА "ВОЛЯ"», а таксама лагатып падраздзялення.
- Facebook-акаўнты «Ksenia Pleshkova» (Ксенія Плешкова), «Виктория Войцева» і «Animia Masha».