Супраць Кацярыны Андрэевай завялі новую крымінальную справу. Хронікі рэпрэсій 4 лістапада

Былую палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву зноў пераследуюць паводле крымінальнай справы. У Беларусі затрымалі пяцярых чалавек за каментары ў Threads, а падчас суда над палітвязнем Алегам Ларычавым яму выклікалі хуткую дапамогу. 

1_1097_1.png

Супраць былой палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай завялі новую крымінальную справу

Пра гэта Кацярына паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.

«Маму і тату заўтра выклікаюць у СК: новая крымінальная справа супраць мяне», — напісала журналістка.

Нагадаем, у 2021 годзе Кацярыну Андрэеву асудзілі на два гады калоніі за стрым з «Плошчы Пераменаў». У 2022 годзе яе абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і прызначылі восем гадоў і тры месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Кацярына выйшла на волю 19 сакавіка 2026 года ў выніку перамоваў спецпасланніка ЗША Джона Коўла з рэжымам Лукашэнкі.

У Беларусі затрымалі пяцярых чалавек за «негатыўныя каментары» пра чыноўнікаў і сілавікоў у Threads

Пра затрыманні паведаміў прадстаўнік прэсавай службы МУС. Паводле яго, гэта жыхары розных рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 36 да 66 гадоў. Ім ставяць у віну тое, што яны пакідалі «негатыўныя каментары» на адрас высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і супрацоўнікаў сталічнай міліцыі.

Як сцвярджаюць у МУС, каментары выявілі падчас кругласутачнага маніторынгу сацыяльных сетак супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення ўнутранай бяспекі ведамства.

Прадстаўнік МУС таксама заявіў, што затрыманыя «прызналі віну» і тлумачылі свае ўчынкі, у тым ліку, уздзеяннем алкаголю. Паводле ведамства, ім пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Якія менавіта артыкулы Крымінальнага кодэкса ім інкрымінуюць, не паведамляецца.

Telegram-канал МУС апублікаваў кадры затрыманняў мужчын узброенымі міліцыянтамі, а таксама некалькі «пакаянных відэа» з размытымі тварамі. Падрабязнасці пра асобы затрыманых не раскрываюцца.

Пачаўся суд над палітвязнем Алегам Ларычавым. Падчас пасяджэння яму выклікалі хуткую дапамогу

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла Аліна Герашчанка.

Паводле яе, у Алега не загойваюцца язвы на нагах, павысілася тэмпература, а медыцынскую дапамогу яму аказваюць нерэгулярна. У палітвязня цукровы дыябет, таму існуе рызыка развіцця гангрэны.

Алег Ларычаў — мастак, стрыт-арт-мастак, грамадскі дзеяч і арганізатар фестывалю Urban Myths. Раней яго некалькі разоў затрымлівалі і прыцягвалі да адказнасці, у тым ліку ў сувязі з арт-актывізмам. Пераслед быў звязаны з абвінавачаннямі ў «экстрэмісцкай» дзейнасці.

У лістападзе 2025 года Ларычава затрымалі зноў. Цяпер над ім пачаўся суд.

Віцебскі вядучы вяселляў расказаў пра данос у міліцыю пасля карпаратыву

Пасля карпаратыўнай сустрэчы з калегамі нехта напісаў у чат-бот МУС, што Віталь Савельеў нібыта дапускаў «абразлівыя выказванні палітычнага характару». Праз дзве гадзіны пасля заканчэння мерапрыемства да вядучага прыехаў нарад міліцыі, каб атрымаць тлумачэнні.

Савельеў патлумачыў, што пра палітыку падчас сустрэчы не гаварылі: на штогадовым карпаратыве гучалі розныя жарты, і ён сам пажартаваў пра калегу. Гэты калега, якога не было на мерапрыемстве, нібыта і звярнуўся ў міліцыю.

Віталь Савельеў паспрабаваў высветліць, ці сапраўды калега напісаў у чат-бот, і атрымаў адмоўны адказ. Усю гісторыю ён расказаў у сваім TikTok. На відэа звярнуў увагу Telegram-канал «Витебск, я гуляю! | Новости Витебска».

Вядучы абураны: ён не чакаў, што нехта з калегаў здольны напісаць на яго данос. У каментарах да відэа адны падтрымліваюць Савельева і згадваюць практыкі 1937 года, іншыя раяць не жартаваць пра адсутных. Некаторыя просяць апублікаваць сам жарт, каб зразумець, што адбылося, а іншыя мяркуюць, што вядучага маглі «падставіць» канкурэнты.

«У сучасным свеце гэта вельмі сур'ёзнае абвінавачанне. Кепска, што гэта можа сапсаваць жыццё табе і тваёй сям'і», — адзначыў Віталь Савельеў.