У Беларусі прызналі яшчэ шэсць палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 29 кастрычніка
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ шэсць чалавек. Супраць былога палітвязня Аляксея Санчука распачалі новую крымінальную справу, а беларуса Андрэя Заянчкоўскага будуць завочна судзіць за ўдзел у пратэстах і актыўнасць у інтэрнэце. Тым часам у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі новыя старонкі.

У Беларусі з'явіліся яшчэ шэсць палітвязняў
Палітвязнямі прызналі Таццяну Конюхаву, Антона Макарава, Сяргея Белага, Паўла Губенку, Сяргея Рыбалёва і Віктара Фёдарава.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пераслед звязаны з узаемадзеяннем з «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і ажыццяўленнем права на свабоду выказвання меркаванняў. У дачыненні да гэтых людзей ужылі ўтрыманне пад вартай або пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.
Супраць былога палітвязня Аляксея Санчука распачалі новую крымінальную справу
Былому палітвязню Аляксею Санчуку даслалі позву ў Следчы камітэт Савецкага раёна для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазраванага.
Паводле самога Санчука, крымінальную справу, верагодна, распачалі паводле артыкула 422 Крымінальнага кодэкса Беларусі — за ўхіленне ад прэвентыўнага нагляду.
«Мяркуючы па ўсім, крымінальную справу распачалі паводле арт. 422 КК Беларусі [ухіленне ад прэвентыўнага нагляду], бо я не з'явіўся ва ўстаноўлены законам тэрмін для пастаноўкі на ўлік у РУУС, што з'яўляецца падставай для крымінальнага пераследу», — паведаміў ён праваабаронцам.
Аляксея Санчука затрымалі 4 лістапада 2020 года і асудзілі да шасці гадоў калоніі. У пачатку ліпеня 2026 года ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, і неўзабаве пакінуў Беларусь.
Беларуса будуць завочна судзіць за ўдзел у пратэстах і актыўнасць у інтэрнэце
9 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гродна пачнуць разглядаць справу 34-гадовага Андрэя Заянчкоўскага ў парадку спецыяльнай вытворчасці.
Яму інкрымінуюць распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, а таксама паклёп на Лукашэнку, абразу Лукашэнкі і абразу прадстаўніка ўлады.
4 верасня Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да беларуса.
Чарговае папаўненне спіса «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго ўключылі сайт «Беларуская Вызвольная Армія», некалькі старонак і акаўнтаў у сацыяльных сетках, а таксама Telegram-канал і чат.
У спіс трапілі:
- Сайт: «Беларуская Вызвольная Армія».
- Telegram: канал «БВА | Беларуская Вызвольная Армія» і група «Бусел Чат».
- Threads: старонка «Берасцейская Вясна» (brest.viasna), а таксама акаўнты Eugenia Mayday, yauheni_dudkin і Alix Sarana.
- Facebook: старонкі Vlad Kobets (Уладзімір Кобец), dudkinyauheni (Яўген Дудкін), «Ваяры», «Мікіта Слепянок», Aliaksandr Partyka, Bulba HaЎse, Enrique de Salvaje і Jula Daraskievitc.
- Instagram: акаўнт yauheni_dudkin.
- TikTok: акаўнты «Что за день?!» і «ЖывеБеларусь».