Шэсць гадоў калоніі за данаты. Хронікі рэпрэсій 28 кастрычніка
Грамадзяніна Чэхіі Віталя Дзямідчыка асудзілі на шэсць гадоў калоніі пасля вяртання ў Беларусь да хворай маці. Блогера Глеба Сямёнава абвясцілі ў міждзяржаўны вышук, а супраць мінчука Уладзіміра Парфіновіча распачалі спецыяльную вытворчасць. Былы палітвязень Канстанцін Залатых паведаміў пра анкалагічнае захворванне і папрасіў дапамогі.

Грамадзяніну Чэхіі, які прыехаў у Беларусь да хворай маці, прызначылі шэсць гадоў калоніі
52-гадовага Віталя Дзямідчыка, які мае беларускае і чэшскае грамадзянствы, нядаўна асудзілі на шэсць гадоў калоніі.
Мужчыну затрымалі 30 чэрвеня 2026 года пасля таго, як ён прыехаў у Беларусь наведаць хворай маці. Падставай для крымінальнага пераследу, верагодна, сталі данаты Палку Каліноўскага.
Пра прысуд паведаміла Крысціна Шыянок.
Блогера Глеба Сямёнава абвясцілі ў міждзяржаўны вышук
Асабовыя звесткі 30-гадовага блогера Глеба Сямёнава з'явіліся 27 кастрычніка ў вышуковай базе Расіі. Яго шукае УУС Гомельскай вобласці. Артыкул Крымінальнага кодэкса, паводле якога мужчыну абвінавачваюць, не пазначаны. Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
Сямёнаў набыў вядомасць дзякуючы TikTok, дзе два гады вёў старонку выдання Kyky.org. Таксама ён удзельнічаў у гумарыстычным шоу «о(б)суждаем» і праекце «Как это понимать» разам з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.
У кастрычніку ў міждзяржаўную базу вышуку таксама ўнеслі медыяменеджара Аляксандра Васілевіча, былую журналістку TUT.BY Адар'ю Гуштын і гісторыка, публіцыста, былога намесніка рэдактара часопісаў ARCHE Пачатак і «Наша гісторыя» Аляксандра Пашкевіча.
Паводле БАЖ, беларускія грамадзяне трапляюць у гэтую базу на запыт беларускіх сілавых структур. У ёй ужо больш за сотню незалежных журналістаў і медыяработнікаў. Агулам у базе больш за 6000 грамадзян Беларусі, сярод якіх журналісты, грамадскія актывісты і ўдзельнікі пратэстаў 2020 года.
Міждзяржаўны вышук азначае, што людзей могуць затрымаць у Расіі і іншых краінах — удзельніцах СНД. У залежнасці ад абставінаў ім таксама можа пагражаць экстрадыцыя.
Супраць мінчука распачалі спецвытворчасць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
У дачыненні да Уладзіміра Парфіновіча распачалі спецыяльную вытворчасць. Яму інкрымінуюць часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Сутнасць абвінавачання пакуль невядомая.
Мужчыну заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і з'явіцца ў Следчы камітэт.
У былога палітвязня Канстанціна Залатых выявілі рак ныркі
У былога палітвязня, экс-дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых выявілі рак ныркі. Ён паведаміў, што мае патрэбу ў дапамозе.
«Прызнаюся, прасіць аб дапамозе вельмі цяжка. Я звычайна самастойна клапачуся пра сваіх блізкіх. Мая сям'я ўжо перажыла гады разлукі, страх і нявызначанасць. Цяпер, калі мы нарэшце зноў разам, я больш за ўсё хачу, каб хвароба не пазбавіла нас яшчэ і даху над галавой», — напісаў Залатых.
Канстанціна затрымалі супрацоўнікі КДБ 18 мая 2022 года пасля вобшуку ў рэдакцыі. У 2023 годзе яго асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса да чатырох гадоў калоніі. 23 кастрычніка 2025 года ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
За кратамі мужчына правёў увесь тэрмін, частку часу — ў штрафным ізалятары (ШІЗА). Паводле апублікаванай інфармацыі, ён не атрымліваў неабходнай медыцынскай дапамогі, а зняволенне істотна паўплывала на яго здароўе.
Падтрымаць Канстанціна Залатых можна праз збор BYSOL.
Валянцін Стэфановіч мяркуе, што новая амністыя не закране палітвязняў
Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству ўнутраных спраў распрацаваць законапраект аб амністыі. Як мяркуе праваабаронца «Вясны» Валянціна Стэфановіча, у палітвязняў мала шанцаў трапіць пад яе дзеянне.
Папярэднія амністыі выключалі асуджаных паводле шэрагу «экстрэмісцкіх» артыкулаў, а таксама людзей, якіх адміністрацыі калоній лічаць злоснымі парушальнікамі рэжыму.
Паводле звестак «Вясны», за шэсць гадоў масавых рэпрэсій па амністыі вызвалілі толькі чатырох палітвязняў — у 2023 годзе.
Стэфановіч нагадвае, што амністыя і памілаванне — розныя прававыя механізмы. Амністыя распаўсюджваецца на катэгорыі асуджаных, вызначаныя законам, а памілаванне прадугледжвае індывідуальныя рашэнні аб вызваленні. На думку праваабаронцы, улады могуць і далей выкарыстоўваць памілаванне ў палітычных мэтах.
Пакуль вядома толькі пра даручэнне распрацаваць законапраект. Якія катэгорыі зняволеных трапяць пад амністыю і ці закране яна палітвязняў, стане зразумела пасля публікацыі тэксту закона.