Новыя прысуды па «справе Гаюна», завочныя працэсы і крымінальны пераслед былых палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 27 траўня

 У Беларусі працягваюцца масавыя прысуды па так званай «справе Гаюна», новыя завочныя працэсы і ціск на былых палітвязняў ужо пасля вызвалення. У Гомелі музыканта Цімоха Пугачова асудзілі на тры гады калоніі, у Магілёве вынеслі прысуд палітвязню Сяргею Стрыбульскаму, а супраць экс-палітвязня Ільі Міронава завялі новую крымінальную справу. Тым часам улады працягваюць пашыраць практыку спецвытворчасці і папаўняць «экстрэмісцкія» спісы.

1_1097_1.png

Музыку з-пад Гомеля асудзілі на тры гады калоніі па «справе Гаюна»

30-гадовы Цімох Пугачоў з аграгарадка Прыбыткі — музыка і барабаншчык, які працаваў у кампаніі па продажы прафесійнага гукавога абсталявання.

Ён іграў у розных гуртах, запісваў каверы і, паводле знаёмых, не займаўся палітычнай дзейнасцю.

Аднак у жніўні 2025 года мужчыну затрымалі.

Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Пераслед звязваюць са «справай Гаюна».

29 студзеня 2026 года суддзя Сяргей Салоўскі прызначыў Пугачову тры гады калоніі.

За апошнія месяцы праз «справу Гаюна» прайшлі ўжо дзясяткі беларусаў — кіроўцы, рабочыя, прадпрымальнікі, студэнты, бацькі сем’яў. Цяпер у гэтым спісе і гомельскі музыкант Цімох Пугачоў.

У дачыненні да пяці чалавек распачалі спецвытворчасць

Беларускія ўлады рыхтуюць чарговыя завочныя суды.

Спецвытворчасць распачалі супраць: 37-гадовага Мікалая Бойкі, 31-гадовага Юрыя Макітава, 56-гадовай былой палітзняволенай Наталлі Нікіцінай, 28-гадовай Крысціны Станкевіч, 41-гадовага Міхаіла Чупрынскага.

Ім інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку:

— «змову або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады»,

— «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі».

Былы палітвязень Ілья Міронаў паведаміў пра новую крымінальную справу

Супраць экс-палітвязня Ільі Міронава распачалі новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 235 КК — «легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам».

Пра гэта паведаміла reform.news. Фотаздымак Міронава з’явіўся на інфармацыйным стэндзе РАУС у Гомелі.

Сам Міронаў лічыць, што новая справа звязаная з ягонай грамадзянскай дзейнасцю пасля вызвалення.

У Facebook ён напісаў, што пасля выхаду з СІЗА дапамагаў палітвязням, падтрымліваў незалежныя медыя і праваабаронцаў, а таксама пералічваў сродкі тым, хто заставаўся за кратамі.

Паводле Міронава, улады спрабуюць «крыміналізаваць салідарнасць» і перанесці палітычны пераслед у эканамічную сферу.

Ён таксама заявіў, што працягвае падтрымліваць беларускія незалежныя ініцыятывы і добраахвотнікаў ва Украіне.

Салігорца, якога раней арыштоўвалі за «Пагоню», цяпер судзяць па «справе Гаюна»

55-гадовы Сяргей Рыбалёў з Салігорска раней ужо трапляў пад адміністрацыйны пераслед.

У сацыяльных сетках ён расказваў, што атрымаў 10 сутак арышту за выяву герба «Пагоня», пасля чаго страціў працу, піша (https://nashaniva.com/396073) «Наша Ніва».

Цяпер мужчыну судзяць у Мінскім абласным судзе.

Яго абвінавацілі паводле:

— ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») у межах «справы Гаюна»,

— арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»).

Паводле папярэдняй інфармацыі, Рыбалёву маглі прызначыць пазбаўленне волі.

Палітвязня Сяргея Стрыбульскага асудзілі на 3,5 года калоніі

26 траўня ў Магілёве вынеслі прысуд 50-гадоваму палітвязню Сяргею Стрыбульскаму.

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Суд прызначыў Стрыбульскаму 3 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 550 базавых велічынь.

Гэта ўжо не першы выпадак пераследу актывіста.

Яшчэ ў 2017 годзе ён стаў фігурантам так званай «справы Белага легіёна» і правёў у СІЗА 99 дзён, пакуль справу не закрылі.

У «экстрэмісцкі спіс» дадалі Instagram-старонку «hub9_by»

Суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна 25 траўня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-старонку «hub9_by».