Пераслед святароў, новыя пагрозы сваякам актывістаў і палітвязні ў «тэрарыстычных» спісах. Хронікі рэпрэсій 26 траўня
У Беларусі працягваецца ціск не толькі на палітвязняў і актывістаў, але і на іх сем’і, маёмасць і рэлігійныя супольнасці. Святар Георгій Рой паведаміў, што яго абвясцілі ў вышук, сваякам актывісткі Наталлі Папковай пагражаюць штомесячнымі ператрусамі, а палітзняволеную Вольгу Строеву дадалі ў «спіс тэрарыстаў». Тым часам сілавікі працягваюць ператрусы ў сваякоў беларусаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, а Міністэрства інфармацыі пашырае спіс забароненых кніг.

Беларускага святара Георгія Роя абвясцілі ў вышук
Протаіерэй Георгій Рой, былы клірык Беларускай праваслаўнай царквы, паведаміў, што яго абвясцілі ў вышук у Беларусі.
Святар, які цяпер служыць у беларускім праваслаўным прыходзе ў Вільні, напісаў пра гэта ў Facebook.
Паводле Роя, ён убачыў сябе на міліцэйскіх стэндах «Их разыскивает милиция».
У вышуковай картцы пазначана, што святара шукаюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). У дакуменце сцвярджаецца, што ён нібыта «здзейсніў злачынствы» і «схаваўся».
«Аказваецца, я зараз па ўсёй Беларусі на стэндах “Их разыскивает милиция”. Вось яна — слава! Святар-крымінальнік!» — іранічна пракаментаваў Рой.
Георгій Рой пакінуў Беларусь пасля ціску за сваю грамадзянскую пазіцыю. Цяпер ён служыць у Літве ў юрысдыкцыі Усяленскага патрыярхату і застаецца адным з найбольш вядомых беларускіх праваслаўных святароў, якія адкрыта разарвалі сувязі з Маскоўскім патрыярхатам.
Сваякам актывісткі Наталлі Папковай пагражаюць штомесячнымі ператрусамі
Працягваецца ціск на родных актывісткі «Народнай Грамады» Наталлі Папковай.
За апошнія тры месяцы сілавікі ўжо двойчы прыходзілі да яе родных з ператрусамі.
Паводле інфармацыі актывісткі, супрацоўнікі сілавых структур перадалі ёй праз сваякоў, што калі яна не вернецца ў Беларусь, ператрусы будуць адбывацца «кожны месяц».
Таксама стала вядома, што супраць Папковай нядаўна распачалі новую крымінальную справу — за каментар, пакінуты яшчэ ў 2020 годзе.
У Смілавічах працягваюцца вобшукі ў беларусаў, якія з’ехалі за мяжу
У Смілавічах сілавікі праводзяць ператрусы ў людзей, якія вымушана пакінулі Беларусь.
У адным з выпадкаў супрацоўнікі КДБ прыйшлі з «беглым» вобшукам і распытвалі сваякоў пра прычыны ад’езду мясцовага жыхара.
Таксама яны падкрэслівалі, што мужчына «вядзе актыўную дзейнасць» за мяжой і наведвае розныя мерапрыемствы. Праз родных яму перадалі патрабаванне «менш высоўвацца і сядзець ціха».
Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу паводле арт. 361-4 КК.
Яшчэ адзін выпадак датычыўся жанчыны, якая таксама жыве за межамі Беларусі. Сілавікі правялі вобшук у доме, дзе яна зарэгістраваная.
Паводле іх слоў, пераслед звязаны з яе ўдзелам у мерапрыемстве да Дня Волі. На жанчыну таксама завялі крымінальную справу.
Палітвязня Кірыла Пазняка выпісалі з рэанімацыі
Палітзняволенага журналіста Кірыла Пазняка выпісалі са шпіталя хуткай дапамогі.
Пра гэта «Свабодзе» паведаміла крыніца, знаёмая з ягонай справай.
Паводле крыніцы, незадоўга да суда журналісту стала вельмі дрэнна — ён не мог дыхаць і трапіў у рэанімацыю.
«Цяпер яму лепей, ужо ў медычнай частцы ізалятару. Але лячэнне лёгкіх працягваюць», — паведаміла суразмоўца выдання.
Паводле наяўнай інфармацыі, Пазняка абвінавачваюць у «арганізацыі экстрэмісцкага фармавання» і «дыскрэдытацыі Беларусі».
Суд над журналістам павінен быў пачацца 14 траўня, але яго адклалі на нявызначаны тэрмін.
Палітзняволеную Вольгу Строеву ўключылі ў «спіс тэрарыстаў»
КДБ абнавіў «спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго дадалі палітзняволеную Вольгу Строеву.
Вольга — жыхарка Гомеля. Больш за дваццаць гадоў яна займалася ўласным бізнэсам і прадавала рыбныя далікатэсы, чырвоную і чорную ікру. Пазней ёй давялося закрыць справу пасля пандэміі COVID-19.
Жанчыну затрымалі ў верасні 2025 года.
Гомельскі абласны суд прызнаў яе вінаватай паводле:
— ч. 1 арт. 130 КК («распальванне варожасці»),
— ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы»),
— ч. 1 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»),
— ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Вользе Строевай прызначылі пяць гадоў калоніі.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1440 чалавек, з іх 696 — беларусы.
На кватэру былога палітвязня Яўгена Кіслова наклалі арышт
Жыхары дома заўважылі, што на дзвярах кватэры былога палітвязня Яўгена Кіслова з’явілася паведамленне пра арышт маёмасці.
У аб’яве пазначана, што кватэра апячатаная, а маёмасць знаходзіцца пад арыштам.
Яўгена Кіслова асудзілі ў 2024 годзе на пяць гадоў калоніі.
У снежні 2025 года ён апынуўся сярод палітвязняў, якіх вызвалілі і вывезлі за межы Беларусі. Цяпер праблемы закранулі і ягонае жыллё.
Міністэрства інфармацыі пашырыла спіс забароненых кніг
Міністэрства інфармацыі дадало яшчэ 17 пазіцый у спіс друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду ў Беларусі.
Сярод кніг, якія трапілі ў пералік:
— «Нячыстыя душы» Хань Суня,
— «Калесніца часу» Таццяны Сцяпанавай.
Цяпер у спісе ўжо 258 пазіцый.
У «экстрэмісцкі спіс» дадалі новыя старонкі і суполкі
Суд Кастрычніцкага раёна Мінска 25 траўня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» яшчэ некалькі акаўнтаў у сацсетках.
У спіс уключылі:
— Threads-акаўнты «dfhjkoigfdtwbj» і «Бульбофюрер»,
— Instagram-старонку «freeebelarus» разам з лагатыпам,
— Threads-акаўнт «andrey_tkachov (Andrey Tkachov | Health Coach)»,
— Facebook-старонку «Vesna Books/Выдавецтва Вясна»,
— суполку ва «Укантакце» «Экалогія: завод беленай цэлюлозы, Светлагорск»,
— Facebook-старонку «Беларускiя зялёныя-БПЗ».
У Беразіно затрымалі мужчыну пасля інцыдэнту каля РАУС
Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне 47-гадовага жыхара Беразіно пасля інцыдэнту каля мясцовага РАУС.
Паводле версіі ведамства, у лістападзе 2025 года мужчына пакінуў надпіс пра супрацоўнікаў міліцыі каля будынка раённага аддзела ўнутраных спраў.
У СК сцвярджаюць, што пазней падчас спробы затрымання мужчына нібыта нанёс раненні аднаму з сілавікоў нажом і ўцёк.
На наступны дзень яго затрымалі з удзелам спецназа. Як паведамляе ведамства, падчас затрымання ў мужчыну стралялі.
Цяпер ён знаходзіцца пад вартай.
Таксама дзяржаўныя органы заяўляюць, што раней мужчына публікаваў у сацыяльных сетках матэрыялы, якія беларускія ўлады лічаць «экстрэмісцкімі».