Зяленскі: ваенная інфраструктура Расіі нацэлена на Еўропу
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас Берлінскай канферэнцыі па бяспецы заявіў, што ваенная інфраструктура РФ занадта вялікая, каб быць накіраванай толькі супраць Украіны. «Яна нацэлена на вас», — папярэдзіў ён еўрапейцаў. А Дональд Трамп працягвае сцвярджаць, што Расія гатовая да мірных пагадненняў, хоць ніякіх доказаў гэтаму няма. Ідуць 1715-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Мінабароны Расіі
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 208 баявых сутыкненняў., паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 лістапада.
На Паўночна-Слабажанскім і Курскім кірунках расійцы праводзілі штурмавыя дзеянні 12 разоў.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 24 атакі. Армія РФ спрабавала наступаць у раёне населеных пунктаў Канстанцінаўка, Раскошнае, Вольнае і ў бок Райскага, Навапаўлаўкі, Кучарава Яру, Залатога Калодзежа.
На Пакроўскім кірунку адбылося 15 атак каля населеных пунктаў Вольнае, Біліцкае, Маладзецкае і ў бок Дабраполля, Гулівага, Сяргееўкі, Навапаўлаўкі.
На Славянскім кірунку расіяне здзейснілі дзевяць атак, на Гуляйпольскім кірунку — шэсць атак.
* * *
Двое чалавек атрымалі раненні ў выніку ўдару расіян па прадпрыемству ў Дняпры 4 лістапада.
У выніку трапляння расійскага беспілотніка пашкоджаны аб'ект энергетычнай інфраструктуры ў Цярнопальскай вобласці.
Вечарам 3 лістапада расійскія войскі атакавалі гандлёвы цэнтр «Сям'я» ў Адэсе.
Лагістычны цэнтр Ozon у расійскім Адыгейску падвергся атацы беспілотнікаў. У выніку атакі дронаў адбылося загаранне.
* * *
* * *
У інтэрв'ю Financial Times прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў перамовах пра спыненне вайны Расіі супраць Украіны абодва бакі гатовыя сказаць: «Давайце дамовімся».
Трамп заявіў, што не лічыць, што ЗША знаходзіцца ў стане вайны з Іранам, «як у выпадку з Украінай, або ў войнах накшталт Першай і Другой сусветных». Ён дадаў, што з аптымізмам глядзіць на тое, што мірныя перамовы паміж Украінай і Расіяй прасоўваюцца наперад.
«Я думаю, што абодва бакі ўжо гатовыя сказаць: "Давайце дамовімся"», — заявіў ён.
Як адзначае FT, украінскія перамоўшчыкі не падзяляюць аптымізму Трампа.
* * *
У Крамлі больш не вераць, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зможа прымусіць Украіну падпісаць мірнае пагадненне на расійскіх умовах. Таму Масква плануе ўзмацніць атакі і рыхтуецца да зацяжной вайны, піша Bloomberg.
Па звестках дасведчаных крыніц выдання, калі па выніках прамежкавых выбараў пазіцыі Трампа ў ЗША аслабнуць, гэта істотна паўплывае на ход вайны. Масква будзе шукаць шляхі зняцця амерыканскіх санкцый, спрабуючы пераканаць Трампа ў магчымасці весці бізнес без чакання заканчэння вайны ва Украіне. У той жа час малаверагодна, што Трамп будзе больш актыўна падтрымліваць Кіеў і Еўропу.
«У яго можа паменшыцца прастора для манеўру, каб прымусіць Зяленскага заключыць пагадненне, — а гэта, у сваю чаргу, можа развязаць рукі Пуціну для ўзмацнення атак на энергетычную інфраструктуру Украіны», — адзначаюць крыніцы.
Па словах суразмоўцаў Bloomberg, у Крамлі больш не ўпэўненыя ў здольнасці Трампа навязаць Украіне ўмовы РФ. Так што расійскі дыктатар мае намер павялічваць ваенны ціск на Украіну і яе еўрапейскіх саюзнікаў.
Аднаўленне мірных перамоў з удзелам прадстаўнікоў Украіны, ЗША і РФ запланавана на 10-11 лістапада ў Абу-Дабі. Аднак Пуцін да гэтага часу не дае сігналаў пра гатоўнасць саступіць свае жорсткія патрабаванні па ўкраінскіх тэрыторыях.
* * *
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у Берліне заявіў, што Расія пакуль не дэманструе сур'ёзных намераў дамаўляцца пра спыненне агню.
Па словах Мерца, Еўропа павінна ўдзельнічаць у фармаванні умоў трывалага міру, у прыватнасці ў пытаннях санкцый і пасляваеннай бяспекі. Ён чакае, што еўрапейскія прадстаўнікі будуць прысутнічаць на запланаваных на 10 лістапада перамовах Украіны, ЗША і Расіі ў Абу-Дабі, хоць, верагодна, не зоймуць месца за сталом перамоў.
Асобна Мерц адзначыў, што лакальнае спыненне агню ў Алешках магло б стаць мадэллю для больш шырокага перамір'я, і перасцярог ад далейшай эскалацыі з-за расійскіх атак у Чорным моры, паколькі такія ўдары абвастраюць глабальны прадуктовы крызіс і шкодзяць найбольш бедным краінам.
Зяленскі адзначыў, што Украіна імкнецца дамовіцца пра спыненне ўдараў па энергетычнай інфраструктуры, забеспячэнне бяспечнага праходу суднаў са збожжам праз Чорнае мора і правядзенне новых абменаў палоннымі.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў еўрапейцаў актывізаваць сумесныя намаганні для самаабароны і перасцярог іх ад любых ілюзій адносна далейшых ваенных амбіцый кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна, паведамляе dpa.
«Дамы і спадары, мы бачым, што Расія ўжо вызначылася. Яна вырашыла, што мірная і аб'яднаная Еўропа — яе вораг. І гэта пазіцыя не знікне праз год», — заявіў кіраўнік Украіны падчас Берлінскай канферэнцыі па бяспецы.
Па словах Зяленскага, пра намеры Расіі сведчыць ваенная інфраструктура, якую краіна развівала ў апошнія гады. «Няўжо ўсё гэта прызначана толькі для Украіны? Яе занадта шмат, каб быць накіраванай супраць адной краіны... Яна нацэлена на вас», — папярэдзіў ён.
Зяленскі заклікаў еўрапейскія ўрады ацаніць уласныя магчымасці, асабліва з улікам істотных змен у палітыцы ЗША, і дадаў, што Еўропа валодае неабходнымі ведамі і вытворчымі магутнасцямі.
Нагадаем, нядаўна Пуцін заявіў, што ягоная краіна нібыта гатовая да вайны з Еўропай, хоць і «не хоча яе».
* * *
Першая лэдзі ЗША Меланія Трамп асабіста збярэ ў Белым доме прадстаўнікоў Украіны і Расіі з нагоды рэжыму спынення агню ў Алешках, піша РБК-Украіна.
Як паведамілі ў Белым доме, першая лэдзі ЗША Меланія Трамп выступіць з афіцыйнай заявай з нагоды рэжыму спынення агню ў Алешках 5 лістапада.
Раней яна ініцыявала дыпламатычнае ўзаемадзеянне паміж двума ваюючымі краінамі і паспяхова дабілася лакальнага спынення агню ў Алешках і на бліжэйшай тэрыторыі Херсонскай вобласці.
Па даных РБК-Украіна, у сустрэчы з першай лэдзі ЗША ў Вашынгтоне будуць прысутнічаць ад Украіны — кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія і упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец.
Ад Расіі будуць спецпрадстаўнік Пуціна Кірыл Дзмітрыеў і расійская амбудсменка Яна Лантратава.