Новыя ператрусы, завочныя прысуды і міжнародны вышук. Хронікі рэпрэсій 21 траўня
У Беларусі працягваюцца пераслед праваабаронцаў, завочныя суды і пашырэнне практыкі транснацыянальнага пераследу. У Мінску прайшоў ператрус у кватэры праваабаронцы «Вясны» Уладзя Лабковіча, былога палітвязня Паўла Нікіценку ўключылі ў міжнародную базу вышуку, а былога каліноўца Максіма Шабуцкага завочна асудзілі на 19 гадоў калоніі. Тым часам улады працягваюць папаўняць спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і выносіць новыя завочныя прысуды.

У кватэры праваабаронцы «Вясны» Уладзя Лабковіча адбыўся ператрус
Пра гэта паведаміў сам Уладзімір Лабковіч.
Паводле яго слоў, ператрус у мінскай кватэры адбываецца ў межах новай крымінальнай справы, узбуджанай ужо пасля яго вызвалення.
Сутнасць абвінавачванняў і іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.
Вядома толькі, што санкцыю на правядзенне ператрусу выдала Генеральная пракуратура. Гэта можа сведчыць пра сур’ёзнасць новых абвінавачванняў.
Праваабаронцам вядома таксама пра масавыя ператрусы сёння ў Мінску ў кватэрах з'ехаўшых з Беларусі актывістаў. Падрабязнасці і прычына актыўнасці сілавікоў — высвятляюцца.
Былы палітвязень Павел Нікіценка трапіў у міжнародную базу вышуку
Былога палітвязня Паўла Нікіценку, якога ў верасні 2025 года прымусова вывезлі ў Літву пасля вызвалення, уключылі ў міжнародную базу вышуку.
Як паведамляе Віцебская Вясна, яшчэ 13 траўня ягонага прозвішча ў базе вышуку МУС РФ, агульнай для Беларусі і Расіі, не было. Цяпер яно там з’явілася.
Крымінальны артыкул, паводле якога мужчыну шукаюць, не раскрываецца.
Праграміст Павел Нікіценка з Віцебска — адзін з 40 палітвязняў, якіх 11 верасня вызвалілі і вывезлі ў Літву.
Раней яго асудзілі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі. Да заканчэння тэрміну заставалася каля трох месяцаў, і сам Нікіценка планаваў заставацца ў Беларусі разам з сям’ёй.
Былы каліновец Максім Шабуцкі завочна атрымаў 19 гадоў калоніі
20 траўня Гродзенскі абласны суд у межах спецыяльнай вытворчасці разгледзеў крымінальную справу супраць Максіма Шабуцкага.
Былога байца палка Каліноўскага абвінавацілі адразу паводле 18 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Сярод іх — «здзек з дзяржаўных сімвалаў», «распальванне варожасці», «дыскрэдытацыя Беларусі» і «стварэнне злачыннай арганізацыі».
Па сукупнасці прысудаў Шабуцкаму прызначылі 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 3500 базавых велічыняў — гэта 157 500 рублёў.
Раней Следчы камітэт сцвярджаў, што ў выніку «супрацьпраўных дзеянняў» Шабуцкага дзяржаве нібыта быў нанесены маёмасны ўрон на суму каля 31 мільёна рублёў.
Чарговы завочны прысуд: пяць гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў
20 траўня Магілёўскі абласны суд у межах спецыяльнай вытворчасці разгледзеў справу Мікалая Тарасенкі.
Яго абвінавацілі паводле:
— арт. 188 КК («паклёп»),
— ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, якія могуць нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі»),
— ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК («паклёп на Лукашэнку»),
— ч. 1 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»).
Па сукупнасці абвінавачванняў Тарасенку завочна прысудзілі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
У «экстрэмісцкі спіс» дадалі новыя старонкі ў сацсетках
Міністэрства інфармацыі працягвае папаўняць Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Цяпер у яго дадалі:
— старонку ў Threads «julia_tarasevich»,
— Facebook-суполку «Беларусы в Бельско-Бяла»,
— Instagram-старонку «yahorau_a».