Польскіх святароў высылаюць з Беларусі, а палітвязню Уладзіміру Кнігу могуць трэці раз дадаць тэрмін. Хронікі рэпрэсій 20 траўня
У Беларусі працягваецца ціск не толькі на палітычных актывістаў і незалежныя медыя, але і на рэлігійныя супольнасці. Улады адмовілі ў прадаўжэнні дазволаў на служэнне адразу некалькім польскім каталіцкім святарам, а ў бацькоў людзей, звязаных з выданнем «Флагшток», прайшлі ператрусы. Тым часам суды працягваюць выносіць новыя палітычныя прысуды і рыхтуюць чарговыя завочныя працэсы.

Пяць польскіх святароў і аднаго манаха высылаюць з Беларусі
Як паведамляе @christianvision, пяці каталіцкім святарам і аднаму манаху Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія маюць польскае грамадзянства, улады адмовілі ў прадаўжэнні дазволу на далейшае служэнне ў Беларусі.
Гаворка ідзе пра Леха Баханэка, Мар’яна Шэршаня, Багуслава Маджэеўскага, Паўла Ляліта, Сабеслава Тамалу і Войцэха Врублеўскага.
Усе яны шмат гадоў працуюць у Беларусі. Адзін з іх — айцец Лех Баханэк — служыць у краіне ўжо больш за 25 гадоў. У 2000 годзе ён прыехаў у Івянец і з таго часу рэалізаваў шэраг праектаў для моладзі, у тым ліку заснаваў «Музычную майстэрню».
Падобная сітуацыя з айцом Лехам ужо адбывалася ў 2016 годзе — тады яму таксама не працягнулі дазвол на служэнне. Аднак пасля грамадскага рэзанансу рашэнне адмянілі і выдалі новы дазвол.
Раней стала вядома, што ўлады таксама адмовілі ў прадаўжэнні дазволаў тром польскім святарам у Віцебскай дыяцэзіі і яшчэ двум — у Пінскай дыяцэзіі.
У Беларусі прайшлі ператрусы ў бацькоў людзей, звязаных з «Флагштокам»
Пра гэта паведамляе @flagshtok.
Паводле выдання, сілавікі прыйшлі з ператрусамі да бацькоў двух чалавек, якія маюць дачыненне да рэсурсу.
Адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, як сцвярджаецца, адкрыта заявіў, што такія дзеянні будуць працягвацца да таго часу, пакуль на «Флагштоку» будуць выходзіць новыя публікацыі.
Беларускага бізнэсмена, які жыў у Латвіі, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Марат Бушэнка нарадзіўся ў 1969 годзе ў Клецку. Пасля школы ён вучыўся ў Львоўскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы.
Доўгі час мужчына жыў паміж Беларуссю і Латвіяй, а апошнім часам, мяркуючы па сацыяльных сетках, знаходзіўся пераважна ў Латвіі.
Паводле адкрытых рэгістраў, Бушэнка быў заснавальнікам і кіраўніком некалькіх кампаній у розных краінах. Сярод іх — польская Goods Express Trading, нямецкая wwi UG, чэшскія MAG TRIO і Interclouds, а таксама расійскае ТАА «Рэкордыс Фаварыт» і мінскае ТАА «Камфорт Актыў». Раней ён таксама займаўся бізнэсам у Эстоніі і Малдове, піша «Наша Ніва».
Летась мужчыну затрымалі і змясцілі ў СІЗА.
Яго асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паводле папярэдняй інфармацыі, Бушэнку маглі прысудзіць «хімію» з накіраваннем або калонію.
Завочна пачынаюць судзіць 44-гадовага Мікалая Тарасенку
Мікалаю Тарасенку інкрымінуюць:
— арт. 188 КК («паклёп»),
— ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, шкодных для нацыянальнай бяспекі»),
— ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК («паклёп на Лукашэнку»),
— ч. 1 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»).
Разгляд справы 20 траўня пачаў Магілёўскі абласны суд.
Яшчэ траіх чалавек асудзілі за «Гуканне вясны» ў Гомелі
«Флагштоку» стала вядома, што ў Гомелі працягваюцца рэпрэсіі супраць удзельнікаў этнаграфічнага абраду «Гуканне вясны».
Як мінімум яшчэ траіх чалавек асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Сам абрад адбыўся 21 сакавіка, а тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па такіх справах складае два месяцы. Менавіта таму міліцыя працягвае выносіць пратаколы ўдзельнікам.
Раней як мінімум адзін удзельнік «Гукання вясны» атрымаў 15 сутак арышту, пяць чалавек — штрафы па 100 базавых велічынь (4500 рублёў), а яшчэ аднаго чалавека, якога палічылі арганізатарам, аштрафавалі на 150 базавых (6750 рублёў).
Рэстаран «Спадчына», дзе праходзіў абрад, пасля часовай паўзы аднавіў працу. Аднак цяпер там больш не анансуюць мерапрыемствы, звязаныя з беларускай культурай і кухняй.
Палітвязня Уладзіміра Кнігу трэці раз будуць судзіць паводле арт. 411 КК
У судзе Мазырскага раёна 20 траўня палітвязня Уладзіміра Кнігу трэці раз будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі» (ч. 1 арт. 411 КК), паведамляе @stranafund.
Раней яму ўжо двойчы павялічвалі тэрмін зняволення — кожны раз яшчэ на адзін год.
Нагадаем, былога супрацоўніка сілавых структур і валанцёра каманды Святланы Ціханоўскай затрымалі 4 чэрвеня 2020 года.
Падчас суда Кніга не прызнаў віну і заявіў, што падзеі 29 траўня 2020 года на плошчы Савецкай у Гродне падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую былі правакацыяй з боку сілавых структур.
У выніку яго асудзілі да чатырох гадоў калоніі паводле арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 364 КК («гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).