Рэвізор ад Трампа ў Мінску: Пра што насамрэч размаўляў Джон Коўл з Лукашэнкам?
Да нас едзе рэвізор. Прыкладна так можна ахарактарызаваць візіт спецпасланніка Дональда Трампа Джона Коўла ў Беларусь на перамовы з Лукашэнкам. Гэты візіт стаў самай гучнай падзеяй тыдня, і чакана, скончыўся вызваленнем новай партыі палітычных зняволеных, чым мы, канешне ж, усцешаныя.

Высокія бакі, калі глядзець па іх словах у СМІ, усяляк пазбягалі нейкіх канкрэтных фармулёвак. Джон Коўл казаў, што ЗША выступаюць з пэўнай гуманітарнай місіяй і хочуць паляпшэння адносін паміж Мінскам і Вільняй, абмеркавалі з Лукашэнкам яго магчымую паездку ў ЗША, і тое, што Коўл не атрымлівае ніякіх іншых інструкцый, акрамя як ад прэзідэнта Трампа.
Лукашэнка, як яму ўласціва, быў больш гаварлівы. Ён сказаў, што гатовы да размовы пра праблему беларускіх палітвязняў. «Куды ж мы падзенемся ад праблемы, якую Крыс вельмі кантралюе. Так званыя палітвязні. Хаця я пастаянна схіляю вас да таго, што ў нас няма палітычных артыкулаў і ніякіх палітвязняў у нас няма. Ёсць правапарушальнікі», — сказаў ён, згадаўшы намесніка памочніка дзяржсакратара Крыса Сміта, які звычайна суправаджае Коўла на перамовы.
«Але мы з вамі абмяркоўвалі завочна гэтую праблему… Думаю, што ў асноўным мы прыйшлі да пэўнай думкі. І беларускі бок гатовы прытрымлівацца нашых з вамі дамоўленасцяў. Думаю, што асаблівых тут праблем не будзе. Як і па іншых пытаннях нашага парадку дня», — дадаў Лукашэнка.
Таксама беларускі кіраўнік намякнуў Коўлу на адкрыццё наўпроставй авіясувязі з ЗША і прапанаваў выслухаць яго пазіцыю па сітуацыі на Блізкім Усходзе ў сувязі з аперацыяй супраць Ірана, паколькі «вы ваюеце супраць нашых сяброў».
І, вядома ж, Лукашэнка — палітык дасведчаны. У размове з Коўлам ён зрабіў тое, што Трампу вельмі падабаецца — «лізнуў» амерыканскага прэзідэнта, заявіўшы, што «па-ранейшаму, нягледзячы на пэўныя памылкі, як я лічу, Злучаных Штатаў, з’яўляюся прыхільнікам вашага прэзідэнта».
Пагадзіцеся, што з аднаго боку, што з другога, фармулёўкі ну вельмі і вельмі расплывістыя і неканкрэтныя. Яны акрэслілі тэмы размоў. Але да чаго яны дамовіліся?
Хутчэй за ўсё, ні да чаго. Таму што, нягледзячы на шмат тэмаў для размовы, спадар Коўл прыехаў у Беларусь не для гэтага. Ён, імаверна, быў своеасаблівым «рэвізорам» ад Трампа, якому напэўна вельмі хочацца нейкіх дасягненняў на фоне даволі правальнай і супярэчлівай аперацыі ў Іраку, «застою» ў перамовах па Украіне і таксама неадназначных паводзін па Кубе і ў дачыненні да NATO. Дональду Трампу хацелася б нейкіх пазітыўных навін.
Зразумела, што такія візіты рыхтуюцца не за дзень, але ўсё ж час аказаўся вельмі зручным.
Вось Коўл і прыехаў даведацца, як у нас (іх) справы з вызваленнем яшчэ тысячы палітычных зняволеных (што анансавалі Штаты ў сваіх жаданнях), і чаму Аляксандр Лукашэнка такі сквапны — не паехаў на «Савет міру» Трампа і не аддаў туды мільярд долараў.
Таму Лукашэнка і пачаў казаць пра прамую авіясувязь з ЗША, — менавіта пад гэтае пытанне «падсцяліў саломкі». Таму што ён цалкам сабе мог паляцець у Штаты праз Расію (калі б Пуцін яго пусціў, вядома). А на яшчэ больш прамую авіясувязь у любога «Боінга» не хопіць паліва.
Не, вядома, можна было б пасадзіць Лукашэнку ў міжкантынентальную балістычную ракету і пульнуць у бок Штатаў. Некаторыя беларусы гэтаму вельмі ўзрадаваліся б. Але, баюся, сам Лукашэнка не захоча.
Таму прамая авіясувязь — толькі «адмазка» для таго, каб патлумачыць, чаму ён праігнараваў запрашэнне Трампа.
І, верагодна, менавіта гэтае пытанне было самым важным у візіце Коўла, хоць яно нідзе і не агучвалася.
Варта адзначыць, што за некалькі гадзін да пачатку візіту амерыканскага спецпрадстаўніка праваабарончы цэнтр «Вясна» ў сваім тэлеграм-канале паведаміў, што «як мінімум з дзвюх беларускіх калоній учора вывезлі частку палітвязняў». Гаворка пра магілёўскую ПК № 15 і наваполацкую ПК № 1 (Віцебская вобласць). «У мінулыя разы перад масавым вызваленнем палітвязняў іх перавозілі з калоній у мінскі СІЗА КДБ — адтуль ужо пазней вывозілі з краіны», — адзначылі праваабаронцы.
Паводле даных «Вясны», у ПК-15 знаходзілася як мінімум 116 палітвязняў, а ў ПК-1 — прынамсі 75 палітвязняў. «Як мінімум» і «прынамсі» таму, што праваабаронцы цяпер не ведаюць маштабаў рэпрэсій і не могуць адсачыць усе рашэнні судоў па «палітычных» артыкулах.
То-бок, дэмакратычныя сілы па выніках перамоў чакалі вызвалення чарговай часткі палітвязняў. І гэтыя чаканні спраўдзіліся: у спісах вызваленых — журналістка Кацярына Андрэева, блогер Эдуард Пальчыс, праваабаронцы Наста Лойка, Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова і іншыя.
А ўзамен на гэта Штаты здымаюць санкцыі з «Белінвестбанка», Банка развіцця і Міністэрства фінансаў. Таксама «з усіх санкцыйных спісаў» выключаныя Беларуская калійная кампанія і «Беларуськалій».
Зразумела, гаворка ідзе пра санкцыі ЗША. Еўрапейскія санкцыі застаюцца на месцы.
Але ўсё ж варта адзначыць, што раней амерыканскія чыноўнікі казалі пра «тысячу» палітвязняў. Канешне, Лукашэнка гандлюецца з Коўлам. А калі не Коўл, а Трамп даведаецца, што ніякай «тысячы» не было? Альбо беларускі кіраўнік не пераканае прэзідэнта Штатаў, што адсутнасць на пасяджэнні Савета міру была «па паважнай прычыне»? Тут усё будзе залежаць ад імпульсіўнага амерыканскага прэзідэнта.
У экспертных колах даўно выказвалася асцярога, што ў выпадку няўдачы ў вайне з Украінай Беларусь можа паслужыць для Пуціна «суцяшальным прызам» — маўляў, ён фармальна анэксуе РБ (бо дэ-факта Беларусь ужо знаходзіцца ў велізарнай залежнасці ад Расіі), і будзе яму, Пуціну, шчасце.
А цяпер: а раптам Трамп вырашыць, што Беларусь можа быць і для яго «суцяшальным прызам » — на фоне няўдачы ў Іране?
І наўрад ці ў нас паўторыцца сцэнар Ірана. Ніхто нас бамбіць не будзе. А вось варыянт Венесуэлы — цалкам магчыма. Тым больш, што паўгода таму беларускае тэлебачанне паведамляла, што Літва пабудавала для амерыканскіх салдат «новую базу» на мяжы з Беларуссю. А беларускі тэлевізар жа хлусіць не будзе.
Не будзе ж, праўда?