ЗША настойваюць на спыненні новых арыштаў у Беларусі. Хронікі рэпрэсій 20 сакавіка

Але, незалежна ад жадання ЗША, затрыманні і рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Гэты дзень — дзень найбуйнейшага «прызнання экстрэмізму» рознымі спосабамі і спісамі. З дапамогай праваабаронцаў і СМІ сабралі факты палітычнага пераследу ў Беларусі на 20 сакавіка 2026 года.

12_122.png

ЗША настойваюць на спыненні новых арыштаў у Беларусі

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл у інтэрв'ю «DW Беларусь» паведаміў, што на сустрэчы з Лукашэнкам 19 сакавіка ўздымаў пытанне аб спыненні новых арыштаў. Як сказаў Коўл, гэта быў «першы раз, калі я ўзняў пытанне пра новыя арышты па меры вызвалення людзей». «То-бок мы вызваляем 10 чалавек — а яны арыштуюць яшчэ 10? Спадзяюся, нам удалося данесці да яго, што гэта недапушчальна», — адзначыў амерыканскі дыпламат.

Ён таксама адзначыў, што было няпроста дабіцца, каб частцы вызваленых палітвязняў дазволілі застацца ў Беларусі. «Гэта было даволі напружанае пытанне ў перагаворах у апошнія месяцы — захаваць магчымасць для людзей заставацца ў сваёй роднай краіне», — расказаў Коўл.

Паводле яго слоў, людзей папрасілі «вярнуцца дадому і паводзіць сябе спакойна, каб мы маглі дабіцца вызвалення астатніх». 

ЗША гатовыя зняць 80% санкцый з Беларусі, калі Лукашэнка вызваліць палітвязняў.

«80% санкцый былі ўведзеныя ЗША пасля падзей 2020 года, калі людзей масава арыштоўвалі і саджалі ў турмы. Калі людзей адпусцяць, тады не будзе прычын захоўваць гэтыя 80% санкцый. Акрамя гэтых 80% застаюцца яшчэ 20%, звязаных з іншымі пытаннямі. Але калі яны пойдуць насустрач і мы вызвалім усіх гэтых людзей — усіх да аднаго — тады санкцыі будуць знятыя.

У гэтым дасягнутая дамоўленасць паміж ЗША і Беларуссю. Афіцыйна гэта яшчэ не зафіксавана. Мы працягваем працаваць над гэтым. Але менавіта да гэтага мы рухаемся», — распавёў DW спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл. 

«Экстрэмісцкім» прызналі Telegram-чат «СИЗО №1 Колядичи»

Гэта самы буйны чат па падтрымцы сваякоў вязняў, дзе сабраныя розныя гайды, якія дапамагаюць людзям арыентавацца пасля затрымання блізкага. Калі два гады таму там было каля 500 чалавек — то цяпер ужо амаль 1800.

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс дадалі Telegram-чат «Хоккеисты Пеленга», старонку ў Facebook «Павел Либер», а таксама старонку ў Threads «Viktar Malishevsky», сатырычны тэлеграм-канал «Советская Белоруссия», 

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» чарговыя кнігі

Гаворка пра кнігу Юрыя Фельшцінскага «Беларусь Натальи Радиной журналистка против диктатора», а таксама кнігу Паўла Анціпава «Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать». 

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Премия Дайвера», «Сымболiка Батумi», «Вобласць падзей — Магілёў i ваколіцы»;
  • Відэаролік «Он не Батька. Как Лукашенко уничтожает Беларусь»;
  • YouTube-канал «SENS_belarus»;
  • Старонкі ў Threads «ekorneevec», «thebelarusian»;
  • Старонка ў Facebook «Вобласць падзей Магілёў i ваколіцы»;
  • Музычныя кампазіцыі гурта «M8L8TH», «Миномет»: «Мужество ведет на небеса», «Родной мой край», «Шторм над Азовом», «Слезы осени», а таксама сацсеткі гурта;
  • Музычныя кампазіцыі гурта «Нежеголь»: «FPV на Волчанск», «Молодежь», «На могилах героев», «Украина», а таксама сацсеткі гурта.

 Фестывалю Lidbeer сёлета не будзе

«З сумам і шкадаваннем паведамляем, што фестываль LIDBEER сёлета не адбудзецца. Мы шчыра спадзяемся на сустрэчу ў будучыні і будзем радыя бачыць вас на іншых фестывальных пляцоўках і летніх актыўнасцях з "Лідскім"», — паведамілі арганізатары фестывалю.

Яны дадалі, што «як прынята гаварыць у такіх выпадках, фестываль не адбудзецца па прычынах, якія ад нас не залежаць». 

За «садзейнічанне экстрэмізму» асудзілі чальца ЛДПБ

У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд 46‑гадоваму Дзмітрыю Бураку. Бізнэсмена абвінацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361‑4 КК). Верагодна, Дзмітрыю прысудзілі «хатнюю хімію».

У ранейшых інтэрв’ю ён расказваў, што дзесяць гадоў адпрацаваў на дзяржаўнай службе, а пасля пайшоў у бізнэс. Спачатку займаўся мантажам вентыляцыі, пасля ліфтамі, укладаўся і ў IT-сферу. Сярод іншых яго актываў стрыптыз-клуб Gentleman's House на Зыбіцкай.

Апроч таго, Дзмітрый быў сябрам Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Ён балатаваўся ад партыі ў парламент у 2016‑м і ў Мінскі гарадскі савет дэпутатаў у 2018-м, але прайграў. Затое адзначыўся як адзін з самых багатых кандыдатаў. 

У Беларусі затрымалі вернікаў і святароў

Праваабаронцам стала вядома, што 16 сакавіка быў затрыманы ксёндз Анатоль Парахневіч, пробашч парафіі ў Альковічах.

У сярэдзіне сакавіка таксама былі затрыманыя яшчэ шэсць чалавек: пяць з якіх хрысціянскія вернікі, двое — прасвітары евангельскіх цэркваў. Вядома, што двух затрыманых вызвалілі пасля допытаў, чацвёра дагэтуль застаюцца за кратамі.

Таксама былі затрыманыя пяць украінскіх бежанцаў, якім дапамагалі цэрквы. 

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 прозвішча — цяпер у ім 6424 чалавекі

Міністэрства ўнутраных спраў 20 сакавіка зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі фігурантаў «справы Гаюна» Яна Пацюпу і Іллю Дзіндзікава. 

У Ветцы адмянілі традыцыйнае свята «Гуканне вясны», якое мелася адбыцца 22 сакавіка

Пра гэта ў сацсетках паведаміў Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый.

Установа растлумачыла, што ад святкавання адмовіліся «ў сувязі з рэкамендацыяй не праводзіць масавыя мерапрыемствы ў памяць сумнай гадавіны Хатынскай трагедыі».

«Гуканне вясны» — адно з найбольш вядомых народных беларускіх святаў. Яно сімвалізуе развітанне з зімой і прыход новага жыцця. 

Арыштаваных па справе кнігароў перавялі ў СІЗА КДБ.

Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, зняволеныя не толькі Зміцер Колас, Алесь Яўдаха і Вацлаў Багдановіч, але і дачка Багдановіча Вікторыя. Яе былі вызвалілі, а пасля зноў затрымалі.

Нагадаем, што 3 сакавіка «экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі «кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Адпаведнае рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Гэтае рашэнне стала працягам масавых затрыманняў выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў у Мінску, якія адбыліся ў лютым. Усіх затрыманых спачатку адправілі на суткі па адміністратыўных пратаколах, складзеных, як звычайна цяпер, з надуманых падстаў.