За сувязь з «экстрэмісцкім фармаваннем» пасадзяць скандынаўскіх міністраў? Хронікі рэпрэсій 18 сакавіка
У Беларусі з'явіліся тры новыя «экстрэмісцкія фарміраванні». Адно з іх — кінафестываль «Паўночнае ззянне», Гэты фэст падтрымліваў Савет Міністраў Паўночных краін, а значыць скандынаўскія міністры цяпер могуць сесці ў Беларусі за падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці. З дапамогай праваабаронцаў і СМІ сабралі факты палітычнага пераследу ў Беларусі на 18 сакавіка 2026 года.

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»
Гэта кінафестываль «Паўночнае ззянне», праваабарончая арганізацыя «Human Constanta», а таксама фонд «Spadcyna Belarusi».
Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» згодна з рашэннем КДБ. Паводле ведамства, дачыненне да фармаванняў маюць Зямлянская Дар'я і Сасыкбаева Анастасія (Spadcyna Belarusi), Чайкоўская Вольга, Зелянкова Надзея, Жук Дар'я (Паўночнае ззянне), Бараноўская Ганна, Казлюк Аляксей, Лойка Наста, Ганчарова Яна, Браніцкая Эніра, Кустава Валерыя, Кофанаў Кірыл, Сушко Андрэй, Стасюк Юлія (Human Constanta).
Фонд «Spadcyna Belarusi» знаходзіцца ва Уроцлаве, праводзіць адукацыйныя, культурныя і супольнасныя мерапрыемствы, папулярызуе каштоўнасці правоў чалавека, роўнасці і салідарнасці. Акрамя таго, яна падтрымлівае жанчын, квір-персон і моладзь, працуе з дзецьмі і падлеткамі, а таксама развівае беларускую мову і культуру.
Кінафестываль «Паўночнае ззянне» — штогадовы фестываль, які прапануе беларускім гледачам найноўшыя ігравыя і дакументальныя фільмы Паўночнай Еўропы, краін Балтыі, Украіны і Беларусі. Фестываль заснаваны прадзюсаркай і фільммэйкеркай Воляй Чайкоўскай пры падтрымцы Офіса Рады Міністраў Паўночнаеўрапейскіх краін у Літве. Упершыню кінафэст прайшоў у 2015 годзе.
Беларуская праваабарончая арганізацыя «Human Constanta» сярод іншага бясплатна кансультуе і дапамагае іншаземным грамадзянам з прававымі, гуманітарнымі і іншымі пытаннямі.
Мікалай Статкевіч пасля вызвалення з калоніі ўжо месяц жыве ў Беларусі без дакументаў
«Пашпарт застаўся ў калоніі, кіраўніцтва якой не адказвае на запыты. Пакінулі як сувенір? А без яго не тое, што за мяжу на абследаванне не выедзеш, як шмат хто прапануе, — а нават у мясцовую паліклініку не звернешся. І не дакажаш, што я — гэта я.
Толькі мужныя судовыя выканаўцы рашуча прызналі маё фізічнае існаванне без дакументаў. Але адразу ж заявілі прэтэнзіі на палову маёй пенсіі. Якую я таксама не магу аднавіць без пашпарта», — паведаміў палітык у сваім тэлеграм-канале.
Зламыснікі рассылаюць паведамленні нібыта ад арганізатараў форума рэгіянальнай бяспекі «Шлях да волі»
Зламысная рассылка ўтрымлівае візуал, падобны да сапраўднага, але графічныя элементы размешчаны па-іншаму. Апроч таго, тэкст утрымлівае граматычныя памылкі. Паведамленні прыходзяць у асабістую перапіску ў тэлеграм ці ў сацсетках з прапановай адказаць на пытанне, будзеце ўдзельнічаць ці не.
Пытанні прыходзяць з фейкавых аканутаў, паведаміў тэлеграм-канал «Аб'яднанага пераходнага кабінета».
«Звяртаем увагу на тое, што аргкамітэт камунікуе выключна праз ПУБЛІЧНЫЯ паведамленні ад імя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і аналітычнага цэнтра "Украінская прызма", размешчаных выключна на іх афіцыйных каналах. Заклікаем не рэагаваць на паведамленні ў прыват ад невядомых акаунтаў, не адказваць на іх, і не ўдзельнічаць ні ў якіх апытаннях», — заявіла чаліня аргкамітэта форума рэгіянальнай бяспекі «Шлях да волі», прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская.
У следчых ізалятарах забаранілі даваць інфармацыю аб арыштаваных не сваякам
Раней паведамлялася, што такое распараджэнне ад начальства атрымалі дзяжурныя магілёўскага СІЗА, а таксама мінскага СІЗА-1. Праваабаронцам вядома, што падобныя забароны пачалі дзейнічаць у СІЗА па ўсёй краіне.
Цяпер інфармацыю пра затрыманага можа атрымаць толькі сваяк чалавека з пашпартам.
Раней інфармацыю аб месцазнаходжанні арыштаванага ў чаканні апеляцыі (да ўступлення прысуду ў законную сілу) давалі без праблем любому, хто звярнуўся да дзяжурнага. Грамадзяне, якія пражываюць у іншых гарадах, карысталіся гэтым і прасілі знаёмых даведацца, ці знаходзіцца іх арыштаваны сваяк у СІЗА, ці ўжо этапаваны ў калонію.
На жыхара Слоніма, які скардзіўся на ціск з боку сілавікоў за «лайк», завялі крымінальную справу
Нагадаем, мужчына распавёў, што яго жонку без позвы выклікалі ў Следчы камітэт. Там ёй задавалі пытанні аб публікацыі 10-гадовай даўніны, пагражалі і папярэджвалі аб магчымых праблемах на працы, а таксама аб рызыцы пазбаўлення сям'і прыёмных дзяцей.
Пасля гэтага жонку жыхара Слоніма затрымалі за «экстрэмізм».
Цяпер стала вядома, што сланімчаніна затрымалі — сцвярджаецца, што ў яго знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі, ён з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы.
Праўладныя тэлеграм-каналы паказалі кадры з затрыманым жыхаром Слоніма.
Марыну Адамовіч проста трымалі ў пастарунку
Марына Адамовіч, жонка былога палітвязня Міколы Статкевіча, якая была затрыманая ўчора, напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што правяла ў міліцыі некалькі гадзін, пасля чаго яе адпусцілі.
«Дарагія сябры, я дома. Усё добра. Што гэта было — не ведаю. Проста пратрымалі некалькі гадзін», — напісала яна ў сябе ў фэйсбуку пра наведванне міліцыі.
Пасля вяртання жонкі Статкевіч напісаў: «Дарагія, сябры, Марына дома. Проста пратрымалі чатыры з паловай гадзіны ў Ленінскім РУУСе, не дапытвалі, проста трымалі. Зараз аналізуем, а што гэта было».
Жыхара Рэчыцы асудзілі па «справе Гаюна» да 4 гадоў калоніі
Гомельскі абласны суд у лютым вынес чарговым прысуд па «справе Гаюна» за інфармацыю пра расійскую ваенную тэхніку ў Беларусі. За «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса) асудзілі 31-гадовага жыхара Рэчыцы Антона Казачэнку. Яму прызначылі чатыры гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пра гэта «Гомельскай вясне» паведаміў сукамернік палітвязня.
Вядома, што да затрымання Антон Казачэнка працаваў на Рэчыцкім метызным заводзе. Пасля прысуда, 20 лютага 2026 года, ён быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Палітвязня накіравалі адбываць чатырохгадовы тэрмін у калонію — праваабаронцы высвятляюць яго актуальнае месцазнаходжанне.