Затрымалі жонку МІкалая Статкевіча Марыну Адамовіч. Хронікі рэпрэсій 17 сакавіка

У Беларусі не спыняецца палітычны пераслед. Затрымліваюць не толькі тых, хто ў Беларусі — завочныя справы заводзяцца і на тых, хто за межамі краіны. З дапамогай праваабаронцаў і СМІ сабралі факты палітычнага пераследу ў Беларусі на 17 сакавіка 2026 года.

12_122.png

Кантэнт 97 беларускіх інтэрнет-рэсурсаў прызнаны «экстрэмісцкім»

Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства ўнутраных спраў Антон Санкевіч.

«Па матэрыялах МУС судамі прыняты рашэнні аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыі, якая змяшчаецца на 97 інтэрнет-рэсурсах. Да 62 інтэрнет-рэсурсаў мы поўнасцю забаранілі доступ, шэсць аб'яднанняў нашых грамадзян прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі», — сказаў ён. 

Журналіста Аляксея Карпеку завочна ўзялі пад варту

Пра гэта журналіст расследніцкага выдання «Бюро Медыя» напісаў сёння на сваёй старонцы ў Facebook, прадэманстраваўшы фрагмент атрыманага дакумента.

У ім засведчана, што Аляксея Карпеку вінавацяць паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага Кодэкса РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»). І што ў дачыненні да яго прымянілі меру стрымання «ў выглядзе ўзяцця пад варту».

«Пра тое, што супраць мяне ёсць крымінальнай справа, мне стала ясна яшчэ ў ліпені 2024-га, калі маё прозвішча з’явілася ў аб’яднанай базе вышуку Беларусі і Расіі, — цытуе Аляксея БАЖ. — І нават раней — калі ў 2024-м пачаліся ператрусы ў маіх родных. Іх распытвалі пра мяне і тлумачылі, што заведзена крымінальная справа. Але падрабязнасцяў, што за справа, не паведамлялі і аніякіх дакументаў не пакідалі. Цяпер я ведаю і крымінальны артыкул, і свой юрыдычны статус. Хаця гучыць смешна: я за мяжой і на волі, а ў Беларусі — нібыта пад вартай».

Аляксей Карпека пакінуў Беларусь яшчэ ў 2021 годзе. Прычынай стаў палітычны пераслед незалежных журналістаў у краіне. 

Затрыманая Марына Адамовіч — жонка Мікалая Статкевіча

Пра гэта экс-палітвязень напісаў у тэлеграм-канале:

«Сёння каля дома затрымалі маю жонку Марыну Адамовіч. Нібыта, хочуць узяць тлумачэнні пра атрыманне ёй праваабарончай прэміі Homo Homini ў Празе замест мяне. Чакалі каля дома. Адзін назваўся следчым Казловым. Пакуль інфармацыі няма», — напісаў Статкевіч.

Нагадаем, што 11 сакавіка ў Празе на адкрыцці 28-га Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно Jeden svět палітык Мікалай Статкевіч быў уганараваны прэміяй «Homo Homini» за «непахісную смеласць і выключны ўнёсак у дэмакратычны рух у Беларусі». Узнагароду за яго атрымала Марына Адамовіч. 

Асудзілі ветэрана БМЗ — як мяркуецца, па «справе Гаюна»

Гомельскі абласны суд прызнаў Дзяніса Намеснікава вінаватым па частках 1 і 2 артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Звычайна па гэтым артыкуле судзяць за напісанне паведамленняў у чат-бот маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн». Дзянісу прысудзілі «хатнюю хімію».

Дзянісу Намесьнікаву 51 год. Ён родам са Жлобіна, скончыў школу №2 у 1991 годзе. Мужчына, калі меркаваць па ягоных сацсетках, пад 30 гадоў аддаў Беларускаму металургічнаму заводу. Дзяніс працаваў ва ўпраўленні аўтаматызацыі, які адказвае за IT-тэхналогіі і абслугоўванне ўсёй камп'ютарнай тэхнікі прадпрыемства.

У вольны час Дзяніс любіць паляваць і бываць на прыродзе. З 1999 года мужчына ў Жлобінскім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў, мае адпаведнае пасведчанне. 

Чатыры гады пазбаўлення волі за «экстрэмісцкія» злачынствы

Брэсцкі абласны суд прысудзіў Д.Цыганкова да чатырох гадоў пазбаўлення волі за «экстрэмісцкія» злачынствы і «рэабілітацыю нацызму». Пра гэта паведамляе Генпракуратура.

Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч.1 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці), ч. 1 арт. 130-1 КК (рэабілітацыя нацызму).

«Наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму выказаліся ў размяшчэнні ў агульнадаступных Telegram-супольнасцях каментароў, якія ўтрымлівалі станоўчую ацэнку дзейнасці нацысцкіх злачынцаў з ліку ўдзельнікаў дывізіі войскаў СС «Галіцыя"», беларускай антысавецкай партызанскай арганізацыі «Чорны кот», а таксама дывізіі войскаў СС Дырлевангера, у тым ліку па спаленні Хатыні і іншых вёсак на тэрыторыі БССР, спалучаным з масавымі забойствамі мірных жыхароў», — паведамляе пракуратура.

Мужчыну прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Апеляцыю Вярхоўны суд адхіліў. 

На Маргарыту Ляўчук завялі новую крымінальную справу

Знаную спявачку абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. Прычым, паводле Маргарыты Ляўчук, на яе ўжо раней заводзілі справу па такім самым артыкуле, паведаміла яна ў сваім Інстаграме.

У 2024 годзе яе завочна асудзілі ў Беларусі за абразу Лукашэнкі і ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні на зняволенне (ад 6 да 8 гадоў, тэрмін дакладна не вядомы) і буйны штраф.

Маргарыта Ляўчук — беларуская спявачка і блогерка, былая салістка Нацыянальнага тэатру оперы і балету Беларусі. Падчас выбараў 2020 году падтрымала пратэстоўцаў, пасля чаго была вымушана з'ехаць з Беларусі праз пераслед. Разам з блогерам Андрэем Павуком стварыла сатырычны праект «Красная зелень», таксама ўдзельнічала ў мностве іншых праектаў у сферы культуры.

З лета 2024 году яна жыве ва Украіне, дзе выйшла замуж за вайскоўца і нарадзіла сына.