У выніку перамоў з ЗША вызваленыя 250 чалавек. Хронікі рэпрэсій 19 сакавіка

У выніку перамоў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам вызваленая чарговая частка палітвязняў. Але ў гэты ж дзень праваабаронцы зафіксавалі новыя затрыманні. З дапамогай праваабаронцаў і СМІ сабралі факты палітычнага пераследу ў Беларусі на 19 сакавіка 2026 года.

12_122.png

У Беларусі памілавалі 250 чалавек, сярод якіх частка — палітвязні

19 сакавіка ў Мінск прыехаў з візітам спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл, які абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнка сярод іншага вызваленне палітвязняў. Падчас мінулых візітаў спецпасланніка адбыліся дзве хвалі вызваленняў палітзняволеных, большасць якіх прымусова дэпартавалі з Беларусі.

У выніку сённяшніх перамоваў рэжым Лукашэнкі памілаваў 250 асобаў у рамках пагадненьня, дасягнутага пры пасярэдніцтве ЗША, пры гэтым 235 чалавек былі вызваленыя ўнутры краіны. Паводле папярэдняй інфармацыі вядома як мінімум пра 15 памілаваных палітзняволеных. Іх дэпартавалі ў Літву, паведаміла амбасада ЗША ў Вільні.

Сярод вызваленых — журналістка Кацярына Андрэева, блогер Эдуард Пальчыс, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Наста Лойка, Марфа Рабкова.

Пры гэтым праваабаронцы падкрэсліваюць — у спісе шмат памылак у асабістых даных, таму не заўсёды ёсць магчымасць зразумець, па каго канкрэтна гаворка. Большасць вызваленых, верагодна, асуджаныя не па палітычных артыкулах.

BYSOL адкрыў тэрміновы збор для вызваленых палітвязняў

«Наша мэта — выплаціць мінімум па €1000 кожнаму і кожнай у рамках праграмы падтрымкі палітзняволеных і вызваленых. Гэтыя грошы дапамогуць перажыць першыя тыдні пасля вызвалення: знайсці часовае жыллё, набыць адзенне і лекі, аднавіць дакументы. Збор будзе актыўны да 31 сакавіка 2026 года, пасля чаго мы пачнём выплаты», — гаворыцца ў паведамленні фонду.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі старонкі ў Instagram «svobodnyi_grsmu», «dumka.mе», «volat_2.0», Telegram-канал «СХОД НЕАБЫЯКАВЫХ», старонкі ў Facebook «Белсат українською», «БелаПАН», «Belsat Life», «Белсат doc».

Сайт «Беларускага Радыё Рацыя» узламаны — беларуская старонка небяспечная

Кіберзлачынцы ўбудавалі ў сайт racyja.com фішынгавую старонку — але толькі ў беларускамоўную версію (/by/). Англійская і польская версіі — чыстыя, паведаміў БАЖ.

Тэхнічна атака выглядае наступным чынам: пры загрузцы старонкі спецыяльны скрыпт спачатку выдаляе ўсе легітымныя банеры бяспекі, а потым накладвае паверх сайта паўнаэкранны iframe з падробленай «праверкай на чалавечнасць».

Ад імя журналіста Змітра Панкаўца збіраюць інфармацыю аб беларускіх добраахвотніках

Пра гэта журналіст напісаў у сваім Facebook.

«На ўдаву загінулага ваяра Васіля "Дзіра" Рапіцкага выйшаў чалавек, падпісаны ў тэлеграме, як "Зміцер Панкавец" з просьбай на інтэрв'ю. Святлана зацікаўленая, каб памяць пра яе мужа жыла, таму пагадзілася на размову. Інтэрв'юер ціснуў на тое, што офіс Святланы Ціханоўскай нічога не робіць для добраахвотнікаў. Чакаў, каб тое ж казала і ўдава Дзіра.

Пасля гэтага суразмоўца папрасіў у Святланы кантакт майго сябра Аляксандра Клачко. Саша асцярожна спытаў у мяне, ці хачу я з ім пагутарыць пра Дзіра. Кажу, ты мяне з кімсьці паблытаў. І навошта мне прасіць твой кантакт, калі мы з табой і так пастаянна камунікуем. На гэтым яны, відавочна, пралічыліся.

Лічу важным апублічыць гэтую правакацыю», — напісаў Панкавец.

Новае «палітычнае» затрыманне 

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што сёння ў Мінску па палітычных прычынах быў затрыманы чалавек. Падрабязнасці і прычыны затрымання не публікуюцца ў мэтах бяспекі крыніцы.