ЗША ўсё яшчэ хочуць забяспечыць ва Украіне трывалы мір, заснаваны на надзейных гарантыях бяспекі
Трохбаковыя перамовы Украіны, ЗША і Расіі па завяршэнні вайны адкладаюцца, але адміністрацыя Трампа ўсё яшчэ вядзе перамовы з Расіяй і Украінай, каб забяспечыць трывалы мір, заснаваны на надзейных гарантыях бяспекі, пачынаючы з моцнай Украіны і Еўропы, заявіў памочнік міністра вайны ЗША Даніэль Цымерман. Расія актывізавалася ва Украіне, але без асаблівых поспехаў. Ідуць 1485-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 235 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 54 штурмы расіян у раёнах Тарэцкага, Радзінскага, Зацішак, Мірнаграду, Пакроўску, Удачнага, Котліна, Маладзецкага, Новамікалаеўкі, Філіі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 32 атакі ў раёнах Плешчыеўкі, Іванаполля, Сцяпанаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім і Гуляйпольскім кірунках зафіксавана па 14 атак расійцаў на кожным.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 13 разоўу бок Ліману, Дробышава, Стаўкі, Дзіброва і іншых.
На Купянскім кірунку расійцы 10 разоў атакавалі ў бок Купянску, Петрапаўлаўкі, Курылаўкі, Новаплатонаўкі.
На Краматорскім і Славянскім кірунках адбылося па сем боесутыкненняў на кожным.
* * *
Сілы абароны Украіны адкінулі армію РФ у раёне Бярозавага Сінельнікаўскага раёна Днепрапятроўскай вобласці. Аднак былі вымушаныя адступіць у раёне Фёдараўкі Другой Бахмуцкага раёна і пасёлка Клебан-Бык Краматорскага раёна Данецкай вобласці, паведамляе OSINT-праект DeepState.
У раёне Бярозавага плошча расійскай акупацыі скарацілася на 5,96 кв. км — адпаведны ўчастак перайшоў у «зону пранікнення», якая павялічылася на такую ж плошчу.
На двух іншых участках фронту супрацьлеглая сітуацыя: расіяне замацаваліся ў зоне пранікнення. На Канстанцінаўскім кірунку ў раёне Клебан-Быка плошча акупацыі вырасла на 8,48 кв. км, а на Краматорскім у раёне Фёдараўкі Другой — на 0,69 кв. км.
Пра ўзяцце або вызваленне адпаведных населеных пунктаў не гаворыцца.
* * *
Расійскія войскі позна вечарам 18 сакавіка атакавалі дронамі Львоў. Пад удар трапіла Галоўнае ўпраўленне СБУ ў Львоўскай вобласці. Папярэдне без пацярпелых.
Тры чалавекі пацярпелі і пашкоджаны шэраг шматпавярховак і інтэрнат у выніку расійскай атакі на Адэсу ўначы 19 сакавіка. Зафіксаваныя пашкоджанні 12 жылых дамоў.
Вечарам 18 сакавіка паблізу Новавалынска расіяне патрапілі ў энергетычны аб'ект. У частцы грамады знікла святло, былі перабоі з водазабеспячэннем. Без электразабеспячэння былі больш за 30 тысяч абанентаў. Новавалынск знаходзіцца ў 5 км ад мяжы з Польшчай.
* * *
* * *
Трохбаковыя перамовы Украіны, ЗША і Расіі па завяршэнні вайны не адмененыя, але з-за сітуацыі на Блізкім Усходзе адкладаюцца, паведаміў спікер МЗС Украіны Георгій Ціхі.
Прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхі пацвердзіў, што вайна супраць Ірана негатыўна ўплывае на перамоўны трэк Украіна-Расія-ЗША.
«Некалькі разоў ужо пераносіліся наступныя кансультацыі трохбаковыя Украіна-Расія-ЗША. І па стане на цяпер яны таксама перанесеныя. Ад іх не адмаўляліся, іх не адмянялі. Проста яны адтэрмінаваныя ў часе», — патлумачыў Ціхі на брыфінгу.
Ён адзначыў, што цяпер увага ЗША цалкам засяроджаная на Блізкім Усходзе. Менавіта таму перамоўны трэк на паўзе. У тое ж час каманды паміж сабой камунікуюць штодня, таму рабочы кантакт адбываецца. Аднак праблема заключаецца ў тым, што для прасоўвання працэсу наперад патрэбныя менавіта сустрэчы, а ў ідэале — сустрэча лідараў.
«Мы працягваем прытрымлівацца пазіцыі, што сустрэча лідараў здольная была б разблакаваць і дасягнуць прарыву ў мірным працэсе. На жаль, з расійскага боку як не бачылі, так і не бачым гатоўнасці да такой сустрэчы лідараў. І наогул не бачым гатоўнасці з боку Расіі да дыпламатыі. Бачым стаўку на вайну, на спробу дасягнуць сваіх мэтаў ваенным шляхам. Хоць дасягнуць іх ваенным шляхам не ўдасца. Гэта ўжо зразумела з поля бою», — падкрэсліў прадстаўнік МЗС Украіны.
* * *
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўсё яшчэ вядзе перамовы з Расіяй і Украінай, каб забяспечыць трывалы мір, заснаваны на надзейных гарантыях бяспекі, пачынаючы з моцнай Украіны і Еўропы, заявіў памочнік міністра вайны ЗША Даніэль Цымерман.
Паводле яго слоў, Масква ўсё яшчэ мае вялікі і разнастайны ядзерны арсенал, а таксама боездольныя сухапутныя, паветраныя і марскія сілы. Гэта дазваляе Расіі захоўваць патэнцыял для пагроз амерыканскім інтарэсам. У тое ж час генерал адзначыў, што расце супрацоўніцтва Расіі з Паўночнай Карэяй, Іранам і Кітаем, што павышае рызыкі адразу ў некалькіх рэгіёнах свету.
Паводле яго даных, падтрымка з боку гэтых краін дапамагае Расіі працягваць вайну супраць Украіны. Размова ідзе пра пастаўкі ўзбраення, тэхналогій і эканамічнай дапамогі. У ЗША падкрэсліваюць, што такое ўзаемадзеянне стварае новыя выклікі для НАТА і патрабуе ўзмоцненай увагі з боку саюзнікаў.
* * *
ЗША вывелі з санкцыйнага спіса тры кампаніі і трох чалавек, якія звязаныя з Расіяй, паведамляе прэс-служба Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША (OFAC). Прычына такіх дзеянняў не тлумачыцца.
Згодна з рашэннем OFAC, санкцыі знялі з:
- Яўгеніі Цюрыкавай (грамадзянка РФ, нарадзілася ў Севастопалі і ўзначальвала падраздзяленне падсанкцыйнага «Сбербанка»);
- Барыса Варанцова (грамадзянін РФ);
- Берка Цюркена (грамадзянін Турцыі, кіраўнік турэцкай Bsb Group).
- Turken Dijital Matbaa Teknolojileri;
- BSB Grup Internet ve Yapay Zeka Teknolojileri AS;
- FUTURIS FZE.
Паводле даных Мінфіна ЗША, Берк Цюркен і звязаныя з ім кампаніі, уключаючы Turken Dijital Matbaa Teknolojileri, удзельнічалі ў схемах, якія забяспечвалі магчымасць закупкі тэхналогій для падсанкцыйных расійскіх структур, у тым ліку звязаных з разведслужбамі РФ. Размова ішла пра пасрэдніцкую дзейнасць, якая ўключала арганізацыю плацяжоў, лагістыкі і паставак праз трэція краіны, што дазваляла абыходзіць дзеючыя абмежаванні і працягваць доступ да тэхналагічных кампанентаў.
* * *
Расія плануе прыцягваць ваенныя караблі і мабільныя агнявыя групы для аховы танкераў і іншых суднаў «ценевага флоту». Такое рашэнне тлумачаць нібыта «пагрозай дыверсій» і атакамі на расійскія танкеры ў моры, заявіў памочнік расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна Мікалай Патрушаў.
Патрушаў заявіў, што ўлады РФ хочуць «прымяняць ваенныя сродкі для аховы суднаў», якія экспартуюць расійскія грузы. У першую чаргу, падобна, гаворка ідзе пра «ценевы флот».
Памочнік Пуціна сцвярджае, што супраць расійскага флоту нібыта разгорнутая «беспрэцэдэнтная кампанія», а рызыка дыверсій на моры застаецца стабільна высокай.
У апошнія месяцы краіны Еўропы і ЗША ўсё часцей затрымліваюць танкеры, якія выкарыстоўваюцца Расіяй для абыходу санкцый, накладзеных на краіну з-за агрэсіі ва Украіне.