Кацярына Ваданосава «падрывае фундаментальныя каштоўнасці беларускага народу». Хронікі рэпрэсій 16 сакавіка

Праваабаронцы таксама паведамляюць пра новыя палітычныя затрыманні, але і «старых» не пакідаюць у спакоі. Тым часам Следчы Камітэт вымушаны апраўдвацца за свае дзеянні. З дапамогай праваабаронцаў і СМІ сабралі факты палітычнага пераследу ў Беларусі на 16 сакавіка.

1_1097_1_1.webp

«Ідэалагічная дыверсія, замаскаваная пад асветніцкія лекцыі». СК пракаментаваў крымінальную справу ў дачыненні гісторыка і спявачкі Кацярыны Ваданосавай.

Паводле Следчага камітэту, Кацярына Ваданосава «ў змове з экстрэмісцкімі фармаваннямі» сістэматычна публікуе на YouTube матэрыялы, нібыта накіраваныя на «рэабілітацыю нацызму».

«Асноўная мэта – рэалізацыя ідэалагічнай дыверсіі, замаскаванай пад "асветніцкія лекцыі". Называючы сябе "экспертам" у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, яна груба фальсіфікуе і перакручвае гістарычныя факты, маніпулюючы асобнымі эпізодамі беларускай гісторыі для рэабілітацыі нацызму і гераізацыі яго паслядоўнікаў.

Асаблівая небяспека гэтай дзейнасці ў мэтанакіраваным дэструктыўным уздзеянні на свядомасць насельніцтва. Кантэнт наўмысна разлічаны на неабмежаваную аўдыторыю, асабліва на моладзь, і скіраваны на тое, каб перапісаць гісторыю, апраўдаць нацысцкія злачынствы, сеяць рэваншысцкія настроі і падрываць фундаментальныя каштоўнасці беларускага народу», — гаворыцца ў паведамленні Следчага Камітэту.

Кандыдата хімічных навук асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Навукоўца Вадзіма Мікуліча судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Прысуд, верагодна, «хатняя хімія».

Мікулічу 38 гадоў. Ён родам з Амсціслава. Вучыцца паехаў у Мінск, у 2010 годзе скончыў хімічны факультэт БДУ. Пасля ён паступіў у магістратуру, а пасля ў аспірантуру Інстытута хіміі новых матэрыялаў Акадэміі навук. У 2016 годзе навуковец паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па фізічнай хіміі, якая была прысвечана тонкаплёначным матэрыялам для аптычных прылад.

Доўгі час Вадзім працаваў у Акадэміі навук: спачатку малодшым, а потым і проста навуковым супрацоўнікам. Там ён займаўся арганічным сінтэзам і стварэннем палімераў.

У 2018 годзе Вадзім перайшоў у ЗАТ «Галаграфічная індустрыя» — кампанію, якая спецыялізуецца на вытворчасці галаграм і ахоўных знакаў для дакументаў. Там ён вырас з інжынера-тэхнолага да начальніка аддзела па навуцы і інавацыйнай дзейнасці.

Гомельскую настаўніцу, якая раней узначальвала ваенна-патрыятычны клуб, асудзілі па палітычнай справе

Гомельскі абласны суд вынес Ганне Прымачовай прысуд адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «абразу Лукашэнкі» (ч. 1 і 2 арт. 368 КК) і «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369-1 КК). Верагодна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію».

Ганне Прымачовай 47 гадоў. У 1999 годзе скончыла мясцовы педагагічны каледж, а ў 2003‑м атрымала дыплом па спецыяльнасці «беларуская літаратура» на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. У жанчыны ёсць муж і дзіця, апошнім часам яна жылі ў гарадскім пасёлку Церахоўка Добрушскага раёна.

Раней яна была намесніцай дырэктара па выхаваўчай рабоце ў рэчыцкім ваенна-патрыятычным клубе «Золак». На канец 2024 года Ганна працавала ў сярэдняй школе №66 Гомеля. Вядома, што ў другім паўгоддзі яна па суботах вяла там гурток «Юныя інспектары дарожнага руху» для вучняў 5-9 класаў.

Хакейнага заўзятара і кіроўцу з Пінска асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Валянціна Глінскага затрымалі напрыканцы мінулага года. Нядаўна яго асудзілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Мужчыну прысудзілі, верагодна, «хатнюю хімію».

Валянціну Глінскаму 39 гадоў. Ён родам з Пінска, дзе вучыўся ў гімназіі №3, а пасля паступіў у БНТУ.

Валянцін працаваў у пінскім філіяле «Гандальпінск», на Белпошце, а таксама пекарам у кампаніях «ПалессеПрадукт» і «Радуга-Святло». Апошнім часам мужчына працаваў у таксі «Яндэкс Go» і кіроўцам у адной з мясцовых фірмаў. У Валянціна ёсць непаўналетняя дачка.

Па-за працай мужчына быў фанатам хакейнага клуба «Ястрабы», які ў 2022‑м стаў фарм-клубам салігорскага «Шахцёра». Ён наведваў іх хатнія і выязныя матчы. Акрамя хакея, мужчына цікавіўся аўтаспортам, у прыватнасці Формулай-1.

Вызваліўся адзін з заснавальнікаў беларускамоўнага ЖЖ Іван Марозаў

Стала вядома аб вызваленні блогера Івана Марозава. Ён цалкам адбыў другі тэрмін паводле палітычнага абвінавачвання.

Спачатку Марозава арыштавалі ў студзені 2023 года. Ён атрымаў паўтара года зняволення за ўдзел у пратэстах. Выйшаў з калоніі ў Шклове ў красавіку 2024 года.

У чэрвені 2025 года па Марозава прыйшлі зноў. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі.

Праваабаронцы лічылі, што блогеру прысудзілі 2,5 гады зняволення, аднак, магчыма, суд часткова залічыў яму ўжо раней адбыты тэрмін. 

Так ці інакш, днямі Марозаў вызваліўся з «рэцыдывісцкай» калоніі ў Оршы.

Івану Марозаву 43 гады. У 2000-я ён вёў блог у Livejournal пад нікам hondurazian. Юрыст па адукацыі, Марозаў працаваў у IT-сферы. Таксама быў сярод арганізатараў квэста «Сутычка».

Некаторым з вывезеных палітвязняў прыходзяць позвы з ваенкамата

Стала вядома, што некаторым былым палітвязням, якіх вызвалілі з-за кратаў і прымусова вывезлі з Беларусі, сталі прыходзіць позвы з ваенкамата. Іх просяць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў ваенкамат — каб аднавіцца на вайсковым уліку.

«У выпадку няяўкі без уважлівай прычыны вы можаце быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці» — паведамляецца ў позве.