Пазбавіць грамадзянства нельга, дэпартаваць. Як Ірак рабіў сваіх грамадзян «чужымі»
Масавыя дэпартацыі ў Іраку ў ХХ стагоддзі паказваюць, як дзяржава можа абвясціць сваіх грамадзян «чужымі» — і праз гэта пазбавіць іх грамадзянства, маёмасці і права вярнуцца.

Багдад, каля 1980 года. Від на горад і раку Тыгр. Крыніца: Wikimedia Commons (Public Domain)
У гісторыі з пазбаўленнем грамадзянства і дэпартацыямі беларускіх апазіцыянераў пазітыў хіба толькі адзін: да іракскіх дыктатараў нашым уладам яшчэ далёка.
Менавіта Іраку належыць сумнае сусветнае першынство ў галіне «дэнатуралізацыі» (так на мове юрыстаў называецца пазбаўленне грамадзянства) і дэпартацыі. Усяго ў межах кампаніі, якая доўжылася ў 1960–1970-я гг., было пазбаўлена грамадзянства і дэпартавана, паводле розных ацэнак, да 100 000 чалавек.
Але пачалося ўсё на паўстагоддзя раней, калі па выніках Першай сусветнай вайны, на руінах Асманскай імперыі, на карце свету з'явілася новая краіна — Ірак. Па сутнасці, гэта быў праект брытанцаў, якім не падабалася гістарычная культурная залежнасць маладой дзяржавы ад персідскай спадчыны. Праблему вырашылі праз рэпрэсіі супраць мясцовай іранскай супольнасці.
Закон аб грамадзянстве Ірака 1924 года ўскладняў атрыманне грамадзянства для асоб з іранскім паходжаннем і фактычна стымуляваў іх адмову ад іранскага грамадзянства, калі яны жадалі замацавацца ў Іраку. Дадатковыя законы забаранялі замежным грамадзянам займаць дзяржаўныя пасады.
З прыходам да ўлады партыі Баас у 1968 годзе новая адміністрацыя прыняла ксенафобскія законы, якія, у прыватнасці, дазвалялі дэпартацыю або рэпатрыяцыю любога грамадзяніна «замежнага паходжання», які падазраваўся ў нелаяльнасці да іракскай дзяржавы.
Глядзіце таксама

А паколькі іракскія ўлады ўзялі курс на арабскі нацыяналізм і секулярызм, шыіты, якія складалі значную частку насельніцтва краіны, сталі таксама разглядацца як патэнцыйна нелаяльныя з-за іх рэлігійных сувязяў з Іранам. Першы ўдар па іх быў нанесены напрыканцы 1971 года. Тады з Ірака былі масава высланы людзі, якіх улады называлі «іранцамі».
«Іранцамі» як правіла былі носьбіты іранскіх прозвішчаў. Улічваючы, што ў сярэднявечным свеце многія шыіты бралі прозвішча па горадзе нараджэння (напрыклад, аш-Шыразі), іх нашчадкі праз 300 гадоў нечакана станавіліся «замежнікамі». Пры гэтым многія з дэпартаваных ніколі не былі ў Іране і часта нават не размаўлялі на фарсі.
Як правіла, людзей вывозілі вялізнымі калонамі аўтобусаў на мяжу, дзе проста выгружалі, часам у зімовую сцюжу. За некалькі дзён было дэпартавана каля 40 000–60 000 чалавек. Гэта была цынічная аперацыя па змене дэмаграфічнага балансу і запалохванні шыіцкай большасці.
Падазрэнні наконт шыітаў узмацніліся яшчэ больш пасля ісламскай рэвалюцыі ў Іране ў 1979 годзе. Іракскае кіраўніцтва, якое складалася ў асноўным з сунітаў, убачыла ў шыітах патэнцыйную «пятую калону» Тэгерана.
Хутка знайшлася і падстава для пераследу шыітаў. Дэтанатарам кампаніі стала няўдалая спроба замаху на віцэ-прэм'ера Ірака ў красавіку 1980 года. Арганізацыю замаху прыпісалі шыітам.
Цэнтральным дакументам для легітымізацыі рэпрэсій стаў указ РКС № 666 ад 7 мая 1980 года. Гэты акт прама дэклараваў: «Ірацкае грамадзянства адбіраецца ў любога іракца замежнага паходжання, калі высветліцца, што ён нелаяльны радзіме, народу, вышэйшым нацыянальным і сацыяльным мэтам Рэвалюцыі».
Фармулёўкі былі наўмысна размытымі, а «нелаяльнасць» магла тлумачыцца максімальна шырока. Міністр унутраных спраў атрымліваў права выслаць любога пазбаўленага грамадзянства, пакідаючы за сабой толькі фармальную магчымасць зрабіць выключэнне.
Глядзіце таксама

Паводле розных даных, на гэты раз было выслана яшчэ каля 35 000–40 000 чалавек. Пры гэтым уся маёмасць дэпартаваных была канфіскавана дзяржавай. Людзі, якіх вывозілі да іранскай мяжы, часта не мелі пры сабе нічога, акрамя вопраткі.
Іракскія ўлады заўсёды настойвалі на тым, што гэтыя захады былі легітымнымі, паколькі яны дэпартавалі «іранцаў», у якіх скончыліся візы або якія знаходзіліся ў краіне нелегальна. Аднак на практыцы ўсё было інакш: пад выглядам замежнікаў высылаліся людзі, якія жылі ў Іраку пакаленнямі.
Пасля падзення рэжыму Садам Хусэйна ў 2003 годзе іракскія ўлады палітычна асудзілі гэтыя практыкі як злачынныя. Працэс пазбаўлення грамадзянства, дэпартацый і канфіскацый разглядаецца як адзін з найбольш дакументаваных прыкладаў дзяржаўнага тэрору ў сучаснай гісторыі Блізкага Усходу. На жаль, тыя выгнаныя шыіты, якія спрабавалі вярнуцца на радзіму, часта сутыкаюцца з юрыдычнымі перашкодамі пры аднаўленні грамадзянства і вяртанні маёмасці.