Эканоміка на паперы, склады пад завязку: колькі грошай Лукашэнка папросіць у Пуціна гэтым разам?
Цяперашняя сустрэча Лукашэнкі з Пуціным будзе вельмі праблематычнай для Лукашэнкі. І ён гэта разумее. Ён пачаў падлагоджвацца да Пуціна яшчэ адносна задоўга да пасяджэння «Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы», спрабуючы даказаць сваю карыснасць. Але ці будзе ад гэтага плён?

Да пасяджэння Дзяржсавета Лукашэнка, сустракаючыся з дзяржсакратаром СД Сяргеем Глазьевым, даволі шмат увагі надаў Савету міру. Таму Савету міру, на пасяджэнне якога ён не паехаў, а яго намесніка, нібыта міністра нібыта замежных тыпу спраў Беларусі Рыжанкова Трамп, як мы і прадказвалі, нават на ўваход не пусціў — яму проста не выдалі візу ў Штаты.
Такое рашэнне Трампа было нават элегантным — бо калісьці ў Беларусі амерыканская амбасадарка Джулі Фішэр не прыехала менавіта з-за таго, што ёй візу не выдалі. Цікава, як адчуў сябе беларускі МЗС, калі супраць яго ўжылі яго ж метады?
Дык вось, Лукашэнка заявіў, што ён, хоць і не паехаў на Савет міру, але разлічвае прыняць дзейны ўдзел у яго працы. А паколькі Пуцін на запрашэнне Трампа ў гэты Савет не адрэагаваў, то Лукашэнка вырашыў і тут выступіць «перадастам», і адзначыў, што гатовы прадставіць у савеце пазіцыю РФ.
Але нават калі Расія ў гэтым не мае патрэбы, ён усё роўна будзе ўзгадняць сваю пазіцыю з пазіцыяй Пуціна. «Зразумела, гэтая пазіцыя — і Расіі, і Беларусі — будзе адзінай. Мы выпрацуем гэтую пазіцыю, таму што ў нас аднолькавыя пункты гледжання», — казаў Лукашэнка.
А прыбыўшы ў чацвер у Крэмль, на зварот каменданта Крамля Сяргея Удавенкі «господин президент» Лукашэнка адрэагаваў вельмі дзіўна. «Добра б твае словы — ды Богу ў вушы. Можа, гаспадзінам калісьці і стану», — адказаў Лукашэнка.
Такім чынам, кіраўнік Беларусі прыбыў у Крэмль не ў гуморы, і, верагодна, разумеючы сваё падпарадкаванае становішча. Але не прыбыць ён не мог, бо ён, як заўсёды, павінен папрасіць у Пуціна грошай.
Бо літаральна напярэдадні Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця чарговы раз знізіў прагноз для беларускай эканомікі і заявіў, што ў 2026 годзе яна вырасце на 1,3%, а ў 2027-м рост паскорыцца да 1,5%. Ранейшы прагноз быў зніжаны на 0,4 працэнтныя пункты, а на 2027-ы — на 1 працэнтны пункт у параўнанні з восеньскім рэлізам.
Нагадаем, у студзені ВУП краіны скараціўся на 1,2%. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў прадугледжвае рост эканомікі на 2,8%.
У той жа час, паводле прагнозаў таго ж банка, рост расійскай эканомікі ў гэтым годзе ацэньваецца ў 0,8%, а ў наступным — у 1%. Прагноз таксама паніжаны — паніжаны на 0,3 і 0,5 п.п. адпаведна.
Рост ВУП менш за 1% пры тым, што Расія з’яўляецца нафтагазавай бензакалонкай — гэта для Федэрацыі амаль катастрофа. Але гэта катастрофа і для Беларусі, у якой на Расію завязана пад 70% экспарту, амаль уся лагістыка і значная частка прадпрыемстваў якой працуе на расійскі ВПК. І калі ў Расіі не будзе грошай — Беларусь таксама паляціць у бездань.
А грошай Расіі ўзяць няма адкуль. На фоне вайны ва Украіне даводзіцца вычэрпваць рэзервы. І Лукашэнка напэўна хоча, каб частка гэтых рэзерваў перапала і яму.
Напэўна ён разумее, што лічбы па эканамічнай сітуацыі ў Сінявокай з боку Белстата крыху прыгажоўваюць рэальнасць.
Яны, гэтыя лічбы, дарэчы, таксама даволі цікавыя. Паводле даных нашага статыстычнага камітэта, прадпрыемствы, што цалкам або часткова належаць дзяржаве, у 2025 годзе палепшылі многія сукупныя паказчыкі.
Напрыклад, выручка дзяржаўных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў з дзярждоляй у 2025 годзе склала 266,2 млрд рублёў і вырасла на 8% у параўнанні з 2024 годам. Доля выручкі дзяржсектара ў аб’ёме выручкі прадпрыемстваў краіны складала 50,5%, або на 5,5% менш, чым у 2024 годзе.
Чысты прыбытак за мінулы год вырас на 79% да 11,29 млрд рублёў. Рэнтабельнасць продажаў за год вырасла на 1,3 працэнтныя пункты да 7,5%. Але пры гэтым дзіўным чынам вырасла і доля стратных арганізацый — да 8,5%, на 0,8% больш, чым за 2024 год.
Аб’ём прампромвытворчасці ў дзяржсектары склаў 119,3 млрд рублёў, што склала 66,1% ад агульнага аб’ёму па краіне. Складскія запасы на 1 студзеня склалі 6,78 млрд рублёў. За год яны выраслі на 1,96 млрд рублёў, а ў цэлым за мінулы год складскія запасы выраслі на 2,5 млрд рублёў. То-бок, з агульных складскіх запасаў у Беларусі амаль 80% прыпадае на дзяржпрадпрыемствы.
Белстат, вядома, не ўказвае, што рост выручкі і рост рэнтабельнасці супастаўны з узроўнем інфляцыі ў Беларусі (6,8% пры мэтавым паказчыку не больш за 5%). Але нават беларускі Нацбанк адзначыў, што рост чыстага прыбытку практычна цалкам быў выдаткаваны на рост запасаў гатовай прадукцыі. Усё, як звычайна: праблема не ў тым, каб зрабіць, а ў тым, каб прадаць.
Такім чынам, у Беларусі, як і ў Расіі, наспявае як мінімум рэцэсія. І нават не ўтрымаць, а проста падтрымаць эканоміку можна толькі знешнімі ўліваннямі — а іх можа забяспечыць толькі Расія. Кітай, я думаю, з Лукашэнкам ужо звязвацца не хоча — па адной простай прычыне: усё, што Лукашэнка мог прапанаваць Кітаю, ён ужо прапанаваў. Больш у кіраўніка Сінявокай нічога няма.
Так, у нас ёсць «рэкордныя ЗВР». Але, як ужо неаднаразова адзначалася, яны існуюць у асноўным на паперы.
І таму Лукашэнка павінен штосьці выцягнуць з Пуціна. Інакш эканоміка Беларусі паляціць уніз услед за расійскай.
Яна, вядома, і так паляціць услед за расійскай, але хоць з нейкай падушкай бяспекі ляцець камфортней — хаця б псіхалагічна.