«Што ж ты, фраер, здаў назад?»: Як Дональд Трамп можа адказаць на дэмарш Лукашэнкі
«Што ж ты, фраер, здаў назад?»… Калі б Дональд Трамп разбіраўся ў расійскім турэмным жаргоне і фальклоры, ён бы на гэтым тыдні напэўна ўспамінаў бы гэтую песню. Таму што нейкі «магутны лідар» аказаўся зусім не магутным і адмовіўся ехаць да яго ў госці.

Калаж currenttime.tv
А колькі ж пафасу было з-за таго, што Трамп даслаў асабістае запрашэнне Лукашэнку ўступіць у Савет міру! І з якой хуткасцю Лукашэнка гэтае запрашэнне прыняў! Як беларуская прапаганда выкручвалася, што нават прэзідэнт магутных Штатаў прызнаў Лукашэнку! І вось, здавалася б — дыпламатычная ізаляцыя прарваная, і Лукашэнка нарэшце асабіста павітаецца з сусветнымі лідарамі рангам вышэй за прэзідэнта Зімбабвэ…
Не выйшла. Як толькі Трамп вырашыў склікаць Савет міру, у Лукашэнкі раптам намаляваліся тэрміновыя справы. Як паведаміла прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, запрашэнне на Савет міру Лукашэнка атрымаў, але ў ЗША не паляціць — маўляў, запрашэнне паступіла «позна», рабочы графік «на гэты перыяд ужо быў спланаваны», і наогул, магчымыя «лагістычныя складанасці, якія могуць узнікнуць з-за незаконных санкцый, у першую чаргу Еўрасаюза — з улікам закрыцця паветранай прасторы над ЕС».
Адразу ж згадваецца анекдот пра тое, што без Лукашэнкі ў Беларусі бульбу перабраць не могуць — так ён патрэбны беларусам. Сапраўды, сярэдзіна лютага, трэба рыхтавацца да пасяўной, а ў нас маразы і снегу па калена, якія там Штаты, Палесціны і Саветы міру?
Вядома ж, Уладзімір Пуцін тут зусім ні пры чым. Як пісала амерыканскае выданне «Axios», 6 лютага адміністрацыя Трампа пачала рассылаць запрашэнні на пасяджэнне Савета міру, якое плануецца 19 лютага.
І вось увечары ў нядзелю, 8 лютага, Пуцін тэлефануе Лукашэнку. У нядзелю ўвечары Пуцін, які на запрашэнне Трампа ў Савет міру не сказаў ні «так», ні «не», тэлефануе Лукашэнку, які ў Савеце міру як быццам бы знаходзіцца. Напэўна, у нядзелю ўвечары Пуціну няма чаго рабіць, толькі з Лукашэнкам пабалбатаць. Больш няма з кім абмеркаваць «Вячэрні Ургант» (ці што там цяпер па вечарах у нядзелю ідзе па расійскім тэлебачанні).
Як паведамляла прэс-служба Пуціна, падчас размовы «закранаўся шэраг актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня». Потым Лукашэнка думаў яшчэ тры дні, і вось — вырашыў нікуды не ляцець. Ну, здавалася б, пры чым тут Пуцін, ці не так?
І з гэтага рашэння Лукашэнкі вынікае шэраг відавочных і невідавочных рэчаў і наступстваў.
Па-першае, вядома, Лукашэнка чарговы раз прадэманстраваў, што ён з’яўляецца васалам Пуціна і не можа прымаць самастойных рашэнняў па глабальных пытаннях. Бульбу перабраць — на гэта яго паўнамоцтваў хапае, а вось праводзіць самастойную знешнюю палітыку — прабачце.
Па-другое, залежнасць Лукашэнкі ад Пуціна настолькі моцная, што планы цяперашняй адміністрацыі Трампа «адцягнуць Беларусь ад Расіі хоць крыху» пры Лукашэнку асуджаныя на няўдачу. Штаты — далёка, і наўрад ці чым-небудзь аператыўна дапамогуць. А Расія з «навічком», Пятровым і Башыравым — зусім побач.
І дарэчы, «лагістычныя складанасці», пра якія згадвала Эйсмант, цалкам маглі тычыцца не толькі падступнага ЕС, але і «брацкай» Расіі. А раптам Уладзімір Уладзіміравіч папярэдзіў, што і праз паветраную прастору РФ Аляксандр Рыгоравіч у Штаты не трапіць? У Кітай — калі ласка, а вось у Штаты — не.
Глядзіце таксама

Па-трэцяе, беларуская дыпламатыя на Саміце міру, калі там рэальна збяруцца лідары краін, будзе выглядаць змрочна. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, якога Лукашэнка паслаў у якасці замены, — не тая фігура, якой Трамп будзе шчыра ціснуць руку.
Гэта ў лепшым выпадку. А ў горшым — кіраўнік ЗША можа пакрыўдзіцца, што на першае, можна сказаць, лёсавызначальнае пасяджэнне, якое засноўвае структуру, закліканую забяспечыць яму, Трампу, Нобелеўскую прэмію міру, на Савет, які разглядаецца ім, Трампам, як «новае ААН», і гэтак далей — ад Беларусі прыехаў нейкі «падмятала».
Ён можа і Рыжанкова на парог не пусціць, і Лукашэнку з Савета выкрасліць, і злосць затаіць, а потым і адпомсціць жорстка.
А як помсціць Трамп, добра ведае іншы сябар Лукашэнкі — Нікалас Мадура.
Ну і ўсе планы па «нармалізацыі адносін» са Штатамі і спробай сысці ад «друга Пуціна» ў Лукашэнкі ляцяць да чорта, вядома.
А пакуль Лукашэнка адчувае «лагістычныя цяжкасці», нармальная прэзідэнтка Беларусі цалкам сабе сустракаецца з сусветнымі лідарамі. Чарговая сустрэча пройдзе 13–15 лютага на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (MSC).
Святлана Ціханоўская будзе ўдзельнічаць у форуме, дзе пацвердзілі свой удзел 50 кіраўнікоў дзяржаў. «Бяспека ў нашым рэгіёне сёння дасягаецца праз вельмі канкрэтныя рашэнні: падтрымка Украіны, стрымліванне Расіі, процідзеянне гібрыдным пагрозам, ціск на аўтарытарныя рэжымы. Беларусь у гэтай карціне не другасная тэма, а важны элемент рэгіянальнай бяспекі. Рэжым выкарыстоўвае нашу тэрыторыю як інструмент для ваеннага і палітычнага ціску, і гэта ўплывае на бяспеку ўсёй Еўропы», — адзначае прэс-служба беларускай дэмакратычнай лідаркі.
Цікава, а калі на MSC Ціханоўская сустрэнецца з прадстаўнікамі ЗША (а яна з імі абавязкова сустрэнецца), ці не атрымае яна запрашэнне ад Трампа ў Савет міру замест Лукашэнкі? Ад непрадказальнага кіраўніка Штатаў можна чакаць чаго заўгодна…
Можа, сапраўды, Трамп адправіў сваё запрашэнне не таму прэзідэнту Беларусі?