ЗША і Украіна маюць амбіцыйную мэту: заключыць мірнае пагадненне у сакавіку. Але гэта толькі мэта
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вылучае аптымізм з нагоды мірнага ўрэгулявання ва Украіне. Але па паведамленнях СМІ ўсё не так вясёлкава, як яму падаецца: Украіна гатовая на пэўныя саступкі, а Расія — не. Таму ЕС працягвае «прымус да міру» новымі санкцыямі. Ідуць 1445-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 153 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 41 штурм арміі РФ паблізу Вольнага, Зацішак, Мірнаграду, Радзінскага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага, Філіі, Шаўчэнка і ў бок Тарэцкага.
На Гуляйпольскім кірунку адбылася 21 атака ў раёнах Гуляйполя, Прылук, Стараўкраінкі і ў бок Святапятроўкі, Чыгуначнага, Зялёнага, Крынічнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 12 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Берастоку, Іллінаўкі, Сафіеўкі і Навапаўлаўкі.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі 11 спроб расійцаў прасунуцца ў бок Ямпаля, Платонаўкі, Крывой Лукі і ў раёнах Дронаўкі, Закітнага, Рэзнікаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 10 разоў спрабавала прарваць абарону УСУ у раёнах Ваўчанску, Дварычанскага і ў бок Прыліпае, Куцькоўкі, Фіголаўкі.
* * *
Раніцай 7 лютага Паветраныя сілы Украіны паведамілі пра дроны і ракеты ў небе над Украінай. Пазней стала вядома пра выбухі ў Вінніцы і Бурштыне Івана-Франкоўскай вобласці, а таксама Роўне.
Паветраныя сілы УСУ паведамлялі пра «дзве групы крылатых ракет у Адэскай вобласці курсам на Вінніцкую вобласць», а яшчэ пазней пра ракеты курсам на Хмяльніцкую і Львоўскую вобласці, а таксама ў кірунку Тэрнопаля і Вінніцы.
У Кіеве і шэрагу абласцей Украіны ўвялі аварыйныя адключэнні святла праз расійскую атаку. «Укрэнерга» паведаміла, што атака працягваецца, і аднаўленчыя працы пачнуцца адразу, як толькі гэта будзе бяспечна.
У ноч на 7 лютага невядомыя дроны атакавалі Цвярскую і Саратаўскую вобласці Расіі. У выніку ўдараў загарэўся хімзавод, а таксама магла быць атакавана нафтабаза.
Паводле сцвярджэнняў мясцовых жыхароў, у населеным пункце Радкіна Цвярской вобласці быў атакаваны Радкінскі доследны хімічны завод. Прадпрыемства вырабляе спецыяльныя хімічныя кампаненты, у тым ліку для авіяцыйнай і абароннай прамысловасці (дадаткі да паліва, тэхнічныя хімікаты, спецрэактывы). Прадукцыя завода выкарыстоўвалася ў ваенных праграмах РФ.
Сцвярджаецца, пад удар дронаў у Саратаўскай вобласці патрапіла нафтабаза. Аднак, дзе гэта дакладна адбылося, інфармацыі пакуль няма.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у размове з журналістамі на борце самалёта Air Force One заявіў пра паспяховы ход перамоў па мірным урэгуляванні вайны РФ ва Украіне.
«Сёння мы правялі вельмі добрыя перамовы па Расіі і Украіне, якія могуць прывесці да пэўных зменаў», — заявіў ён.
* * *
Reuters паведамляе, што дэлегацыі з ЗША і Украіны абмеркавалі амбіцыйную мэту заключыць мірнае пагадненне паміж Расіяй і Украінай у сакавіку. Зрэшты, пакуль няма згоды адносна тэрыторый, тэрміны могуць зрушыцца.
Як піша Reuters, паводле папярэдніх дамоўленасцяў магчымае пагадненне плануюць вынесці на рэферэндум і правесці яго разам з выбарамі ва Украіне. Дзве крыніцы паведамілі агенцтву, што амерыканскія і ўкраінскія чыноўнікі абмяркоўвалі магчымасць правядзення нацыянальных выбараў і рэферэндуму ў маі.
Аднак некалькі суразмоўцаў, знаёмых з ходам перамоў, назвалі прапанаваны ЗША графік нерэалістычным. Украінскія выбарчыя органы лічаць, што ў цяперашніх умовах на арганізацыю выбараў спатрэбіцца каля шасці месяцаў.
* * *
У той жа час Reuters паведамляе, што Расія адмовілася ад прапановы ЗША аб перадачы поўнага кантролю над Запарожскай атамнай электрастанцыяй у межах патэнцыйнага мірнага пагаднення.
Амерыканскі план прадугледжваў, што ЗША ажыццяўлялі б кіраванне станцыяй, у прыватнасці размеркаванне электраэнергіі паміж Украінай і Расіяй. Але РФ настойвае на тым, каб самастойна кантраляваць Запарожскую АЭС.
«Масква настойвае, што кантралюе станцыю і гатовая прадаваць Украіне электраэнергію па нізкіх цэнах. Афіцыйны Кіеў на гэта не пагаджаецца», — піша агенцтва.
Reuters са спасылкай на крыніцы сцвярджае, што кантроль над ЗАЭС з'яўляецца адным з самых спрэчных пытанняў у перамовах. Абодва бакі дэманструюць прынцыповую пазіцыю: Расія не жадае саступаць, а Украіна не прымае ніякай формы сумеснага кіравання.
* * *
Еўракамісія падрыхтавала 20-ы пакет санкцый супраць Расіі. Яго могуць ухваліць да чацвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, паведаміла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Новыя абмежаванні накіраваны на тое, каб яшчэ мацней падарваць нафтавыя даходы Масквы. Меры, якія прапанавала ЕК, уключаюць:
- поўную забарону на марскія паслугі для расійскай сырой нафты (у каардынацыі з G7);
- санкцыі супраць яшчэ 43 судоў «ценевага флоту» (агульная колькасць у спісе складзе 640);
- забарону на абслугоўванне ЗПГ-танкераў і ледаколаў, якая б'е па газавых экспартных праектах РФ.
Таксама Еўракамісія прапануе ўзмацніць ціск на фінансавы сектар, які фон дэр Ляен назвала «слабым месцам» Расіі. Чакаецца, што ў санкцыйны спіс дададуць 20 рэгіянальных банкаў РФ. Плануюцца захады супраць крыптавалютных кампаній і платформаў, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі. Пад санкцыі павінны патрапіць і банкі трэціх краін, якія спрыяюць незаконнаму гандлю.
Новы пакет таксама ўключае экспартныя абмежаванні на тавары (ад трактароў да паслуг кібербяспекі) на суму больш за 360 млн еўра і імпартныя забароны на металы і мінералы на 570 млн еўра.
«Я заклікаю дзяржавы-члены аператыўна ўхваліць гэтыя новыя санкцыі. Гэта стане магутным сігналам напярэдадні змрочнай 4-й гадавіны гэтай вайны: наша прыхільнасць вольнай і суверэннай Украіне непахісная», — заявіла кіраўніца ЕК.
* * *
Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўхваліў патэнцыйную продажу Украіне запасных частак і дапаможнага абсталявання на суму каля 185 млн долараў. Гаворка ідзе перш за ўсё пра запчасткі класа IX — камплектуючыя для рамонту і абслугоўвання ваеннай тэхнікі, якую Украіна атрымлівае ад ЗША. У запыт таксама ўваходзяць лагістычныя элементы і праграмная падтрымка.