Пятроў і Башыраў пакуюць валізкі? Сяброўства з Трампам можа каштаваць Лукашэнку галавы

У нас у чарговы раз здарыўся дыпламатычны прарыў, і мы ў чарговы раз, паводле старога крылатага выразу аднаго з чыноўнікаў нашага МЗС, «пацярпелі дыпламатычную перамогу». Вядома ж, я пра запрашэнне Дональда Трампа да Лукашэнкі ўступіць у «Савет міру», і пра прыняцце Лукашэнкам гэтага запрашэння.

Калаж з oxu.az

Калаж з oxu.az

Усю гэтую сітуацыю можна ахарактарызаваць адной фразай: «А што яму яшчэ заставалася рабіць?»

Варта адзначыць, што Дональд Трамп накіраваў такое ж запрашэнне і Уладзіміру Пуціну. Пуцін Трампу не адказаў ні «так», ні «не». Адзінае, ён прапанаваў аформіць там пастаяннае сяброўства Расіі за мільярд долараў, шляхам адабрання гэтага мільярда з замарожаных у ЗША расійскіх актываў. Маўляў, усё роўна мы іх ужо не ўбачым, дык хоць нешта за гэтыя грошы можам атрымаць.

Лукашэнка ж папёрся ў «Савет міру» з радасцю і энтузіязмам. Нягледзячы на тое, што гэты Савет у першую чаргу закліканы ўрэгуляваць канфлікт у Сектары Газа (дзе Беларусь, і дзе Сектар Газа?). Цяпер вядома, што ў лік краін, якія патэнцыйна будуць у Савеце міру, перш за ўсё ўваходзяць саюзнікі ЗША на Блізкім Усходзе, такія як Ізраіль, Саудаўская Аравія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн, Іарданія, Катар, Егіпет, а таксама сябры NATO Турцыя і Венгрыя, чые лідары падтрымліваюць добрыя асабістыя адносіны з Трампам.

У другую чаргу прыняць удзел ў Савеце акрамя Беларусі пагадзіліся такія краіны як Марока, Пакістан, Інданезія, Косава, Узбекістан, Казахстан, Парагвай і В’етнам.

У праекце статута пазначана, што дзяржавы, якія прынялі запрашэнне, атрымаюць трохгадовы тэрмін сяброўства. Аднак пастаяннае сяброўства будзе нададзена тым краінам, якія ўнясуць у «Савет міру» больш за 1 млрд долараў наяўнымі на працягу першага года.

Вядома, наўрад ці Лукашэнка заплаціць мільярд, каб стала быць удзельнікам гэтага Савета: проста «грошай няма, але вы трымайцеся». І на сёння не вельмі зразумела, як будзе працаваць гэты Савет і чым ён будзе займацца акрамя Газы. Пакуль найбольш імаверны сцэнар — гэта нейкі «міжсабойчык» па прынцыпе СНД.

Логіка ў далучэнні Лукашэнкі да «Савета міру» жалезная: у цяперашні час ён робіць усё, каб паспрабаваць «адпятляць» ад Расіі і Пуціна, які заграз ў вайне ва Украіне, — і фінал гэтай авантуры ўжо незразумелы. Гэта вайна цягне з Расіі грошы, як пыласос, а санкцыі робяць расійскую эканоміку ўсё менш устойлівай. Крызіс у РФ у такой сітуацыі — усяго толькі пытанне часу, і чым гэты крызіс можа скончыцца? Ясна тое, што нічым добрым.

А пры нашай эканамічнай залежнасці ад Расіі — яе крызіс па Беларусі ўдарыць вельмі балюча. Адпаведна, Лукашэнку трэба шукаць «іншага папіка».

Глядзіце таксама

І ён, убачыўшы ў сябе на стале запрашэнне ад Трампа, пагадзіўся, не думаючы. А каб падумаў, дык зразумеў бы, што гэта можа быць чарговым «разводам».

Бо будучыня гэтага Савета (акрамя «распілу Газы») вельмі туманная. Напрыклад, таварыш Дональд Трамп цяпер з’яўляецца прэзідэнтам ЗША і будзе старшынёй Савета. Больш за тое, паводле СМІ, Трамп займае месца старшыні Савета міру «да яго адстаўкі» — гэта значыць, практычна бясконца, што родніць яго з Лукашэнкам і Пуціным (акрамя ўзросту, натуральна). Але пытанне ў тым, што Трамп — не вечны ў сэнсе ягонага прэзідэнцтва ў ЗША.

А да таго, як ён стаў прэзідэнтам, нагадаем, ён быў прызнаны вінаватым па некалькіх артыкулах крымінальнага кодэкса ЗША. Але абранне на пасаду прэзідэнта дазволіла яму пазбегнуць пакарання і па адным з судоў атрымаць фармулёўку «вінаваты з пакараннем безумоўнае вызваленне». То-бок, суд прызнаў яго вінаватым, але не здолеў даць яму пакаранне.

Палітыка Мінюста ЗША забараняе выстаўляць абвінавачанні дзейнаму прэзідэнту, але яшчэ некаторыя справы, па якіх Трамп праходзіць у якасці абвінавачанага, былі прыпыненыя. Верагодна, да сканчэння ягонага прэзідэнцкага тэрміну. Таму праз тры гады, пасля завяршэння сваёй кадэнцыі, у Трампа вельмі вялікія шанц адправіцца ў турму — наўпрост з Белага Дома.

І што тады будзе з «Саветам міру» і яго старшынствам?

А можа быць, Трамп выляціць з крэсла прэзідэнта і раней. На 3 лістапада 2026 года ў Штатах запланаваныя выбары ў Палату прадстаўнікоў — Кангрэс ЗША. Сярод амерыканскіх палітолагаў існуе так званы «жалезны закон»: кіруючая партыя, у большасці выпадкаў, губляе месцы на прамежкавых выбарах, якія ідуць за перамогай на ўсеагульным галасаванні. Таму трампаўскія рэспубліканцы, якія цяпер кантралююць Кангрэс, амаль напэўна страцяць гэты кантроль.

Але гэтага мала — выбары ў Кангрэс успрымаюцца як тэст на давер дзейнай адміністрацыі. А рэйтынгі Трампа цяпер сярод амерыканцаў знізіліся да 38% — гэта рэкордна нізкі паказчык за яго другі тэрмін.

Таму тое, што Кангрэс захопяць дэмакраты — практычна не выклікае сумневаў. Пытанне толькі, з якой большасцю яны гэта здзейсняць. Дакладней: ці хопіць гэтай большасці для таго, каб абвясціць Трампу імпічмент? Такое развіццё падзей не выключыў, дарэчы, і сам Трамп.

А Лукашэнка ўжо ўступіў у «Савет міру» — верагодна, без аглядкі на Пуціна, спрабуючы заручыцца прыхільнасцю цяперашняга кіраўніка Штатаў. А што ён будзе рабіць у часы «пасля Трампа» — трошкі незразумела. Калі да яго прыйдзе Пуцін і скажа: «Ну што, Саша, ці дапамаглі табе твае піндосы?», што Саша адкажа?

Ці, можа быць, проста грамадзяне Расіі Пятроў і Башыраў прыедуць у Мінск разглядаць шпілі Чырвонага касцёлу.

Бо Пуцін — чалавек помслівы, і здрады не прабачае. Асабліва здрады з боку людзей, якіх ён лічыў сваімі калі не сябрамі, дык блізкімі. Лёс Прыгожына таму доказ. А Лукашэнка пастаянна падкрэслівае, што яны з Пуціным сябры.

Так што спадзявацца Лукашэнку можна толькі на адно: што да таго часу, як Дональд Трамп перастане быць прэзідэнтам ЗША, ужо не будзе ні Уладзіміра Пуціна, ні, можа быць, Расіі. А інакш з Лукашэнкі спытаюць так, што мала не падасца.

А можа, Аляксандр Рыгоравіч так дзёрзка сябе паводзіць, бо ведае нешта, невядомае нам?