«Было адчуванне, што пасля бунту Прыгожын дрэнна скончыць: Такога не даруюць»

Пра гібель Прыгожына паведаміў блізкі да ПВК «Вагнер» тэлеграм-канал. Верагодна, расійская ўлада абвінаваціць у гібелі Прыгожына Украіну.

photo_2023_08_23_22_48_02.jpg


У тэлеграм-канале Grey Zone, блізкім да ПВК «Вагнер» гаворыцца: «Кіраўнік «групы Вагнера», Герой Расіі, сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы — Яўген Віктаравіч Прыгожын загінуў у выніку дзеянняў здраднікаў Расіі»

Пра тое, што пры крушэнні самалёта Прыгожын і камандзір ПВК «Вагнер» Дзмітрый Уткін загінулі, а іх целы папярэдне апазнаныя, паведамілі таксама тэлеканал «Царьград» са спасылкай на крыніцу і тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ».

photo_2023_08_23_22_30_10.jpg

«Фонтанка» апублікавала фота з месца крушэння самалёта, які належыць Прыгожыну. Абломкі раскідала на вялікай плошчы, паколькі самалёт упаў з вялікай вышыні, піша выданне.

Паводле звестак «Фонтанка», на борце павінны былі быць сам Прыгожын, камандзір ПВК «Вагнер» Дзмітрый Уткін, аператар Яўгена Прыгожына, лагіст ПВК і асабістая ахова.


Адна з крыніц «Медузы», блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта РФ (АП), прызнаўся, што само крушэнне самалёта Яўгена Прыгожына яго «не вельмі здзівіла»: «Было адчуванне, што пасля бунту ён дрэнна скончыць, такога [у Крамлі] не даруюць».

Паводле яго ацэнкі, пасля спробы бунту Уладзімір Пуцін «зрабіў высновы» і перастаў лічыць Прыгожына «надзейным і кіраваным чалавекам». «Па ўсёй логіцы сілавы рэсурс у руках ненадзейнага чалавека не павінен быць. Ні ў Расіі, ні за яе межамі, але пад яе эгідай», — падкрэсліў ён.

Суразмоўца, блізкі да кіраўніцтва Маскоўскай вобласці, у сваю чаргу распавёў, што незадоўга да крушэння, днём 23 жніўня, Прыгожын нібыта сустракаўся з прадстаўнікамі адміністрацыі Падмаскоўя і мэрыі Масквы «па пытаннях харчавання [у бюджэтных установах]». Кампаніі, звязаныя са стваральнікам ПВК Вагнера, шмат гадоў пастаўляюць ежу ў розныя бюджэтныя ўстановы па дзяржкантрактах.

Дзве крыніцы «Медузы», блізкія да Крамля, адзначылі, што здзіўленыя таму, што Прыгожын нават пасля бунту працягваў весці падобны бізнeс у Расіі — і «не зрабіў высноў». «У яго шмат чаго ёсць у Афрыцы, ён сам вядзе бізнес з кіраўніцтвам афрыканскіх дзяржаў. Яму пакуль у гэтым не перашкаджаў ніхто, ніхто не выцясняў. Навошта яму кантракты на школьнае харчаванне тут, яшчэ і з такімі рызыкамі? Ён жа не дурань, усё разумеў, быццам бы», — дадаў адзін з суразмоўцаў «Медузы».

Паводле яго ацэнкі, такімі дзеяннямі Прыгожын паказваў, што не выконвае «палітэс» і практычна ў адкрытую працягвае працаваць у Расіі, хоць пасля бунту вышэйшае кіраўніцтва краіны заяўляла, што ён «сыдзе ў Беларусь».


Глядзіце таксама

Прама казаць пра тое, хто менавіта мог быць зацікаўлены ў магчымым забойстве Прыгожына, суразмоўцы адмовіліся. Раней (яшчэ да спробы бунту) крыніцы «Медуза», блізкія да Крамля, не выключалі, што актыўнасць стваральніка ПВК «спыняць сілавікі».

Цяпер суразмоўцы, блізкія да АП РФ, упэўненыя, што нават калі гібель Прыгожына пацвердзіцца, то на ўнутрыпалітычнай сітуацыі яна сур'ёзна не адаб'ецца. «На радарах [сацыялагічных службаў] яго ўжо няма фактычна. Ён быў героем моманту», — адзначыў адзін з іх. Сапраўды, паводле звестак апытанняў «Левада-цэнтра», Прыгожын ужо выпаў з дзясяткі палітыкаў, пра давер да якіх заяўлялі расіяне. Зрэшты, адна з крыніц абмовілася, што ў «арміі і розных атрадах на фронце» сітуацыя з падтрымкай Прыгожына (і рэакцыяй на яго гіпатэтычную смерць) можа быць іншай.

Зрэшты, суразмоўцы, блізкія да Крамля, не выключылі, што Прыгожын мог застацца жывым: «Ён — трыкстар, троль. У яго ёсць інфарманты ў розных структурах, таму — трэба чакаць». Пры гэтым яны падкрэслілі, што калі гібель пацвердзіцца, то ў ёй, хутчэй за ўсё, абвінавацяць украінскія спецслужбы (Крэмль ужо неаднаразова рабіў гэты манеўр): «Вядома, украінцы хацелі да яго дабрацца, калі дроны далятаюць да Крамля і Сіці — чаму да Прыгожына дабрацца не маглі».