Загуляліся ў вайнушку. Ці будзе ўцягнутая Беларусь у расійскі канфлікт?

Не трэба сантыментаў. Яўген Прыгожын — той яшчэ ўшлёпак, і свой «марш справядлівасці» на Маскву ён задумаў не для таго, каб скончыць вайну ва Украіне, а каб атрымаць рэсурсы і яшчэ больш забіваць людзей. І Пуцін, і Прыгожын, і Лукашэнка — аднаго поля ягады. Але вось навошта так тапорна дзейнічаць? У Расіі скончыўся «Навічок»?

53f308e0f4eef74231cff.jpg

Прыгожын — урок для Лукашэнкі

Зранку серады расійскія РІА «Навіны» пацвердзілі, што «генерал Армагедон», адказны за бамбёжкі Сірыі і Украіны, бліжэйшы хаўруснік Прыгожына ў войску, Сяргей Суравікін зняты з пасады кіраўніка ваенна-касмічнымі сіламі Расіі. Замест яго часова выконваючым абавязкі прызначаны Віктар Афзалаў. Увечары таго ж дня «падае» борт з Прыгожыным, а эксперты на здымках бачаць «дзірачкі» ў корпусе, характэрныя для працы СПА. Такія «дзірачкі» мы ўжо бачылі, калі расійскі «Бук» збіў над Украінай малазійскі «Боінг». І з тых часоў мы ведаем, як працуе супрацьпаветраная ракета: яна не трапляе ў цэль, а ўзрываецца паблізу ад яе, шпігуючы гэтую цэль шрапнеллю. Менавіта такія дзірачкі былі заўважаныя на аскепках самалёта Прыгожына.

Пры гэтым самалёт ляцеў на вышыні прыкладна 8500 метраў. Пераносныя ЗРК кшталту «Стынгер» альбо расійскай «Іглы» туды не дабіваюць: для збіцця самалёта спатрэбіўся бы той жа «Бук» альбо «Панцыр-С». Расійская прапаганда цяпер будзе крычаць, што Прыгожына забілі ўкраінцы, але вы верыце, што яны праехалі з «Букам» аж пад Піцер? Тым больш, што за 50 км ад месца катастрофы — валдайская рэзідэнцыя Пуціна?

Карацей, усім зразумела, што Прыгожына забілі (калі забілі, канешне — у яго было багата «двайнікоў») са сродку СПА, які стаіць толькі на армейскім узбраенні.

Карацей, гэта была дэманстратыўная расправа. Пра тое, што Прыгожын — ужо не жылец, і пытанне толькі ў часе, што Пуцін яму не даруе «маршу на Маскву», пасля таго, як гэты марш спыніўся, не казаў толькі лянотны. Але, пэўна, ніхто не думаў, што гэта будзе так эфектна і дэманстратыўна.

І з гэтымі людзьмі Аляксандр Лукашэнка сабраўся інтэгравацца! Цяпер міжволі думаецца, што Гаага для яго — не горшы выбар. Там хаця б будзе больш-менш справядлівае, але судовае разбіральніцтва. Там хаця б будзе адвакат, і ёсць магчымасць захаваць жыццё. А вось ягоны закляты сябра Пуцін са сваімі былымі паплечнікамі распраўляецца ў стылі «ліхіх 90-х» і «бандыцкага Пецярбургу» — у стылі «выбухоўкі ў машыне». І не важна, што гэта за машына — лімузін ці самалёт.

Глядзіце таксама

Што будзе з «Вагнерам»?

Цяпер найбольш цікава, што будзе з «Вагнерам». Па-першае, зразумела, пачнецца «дзерыбан» бізнес-імперыі нябожчыка Прыгожына. Усё ж такі мільярдны бізнес — смачны кавалак шмат для каго. А калі ўжо ён завязаны не толькі на школьных сняданках, але і на афрыканскім золаце і ўзбраенні — гэты «дзерыбан» будзе цалкам небяспечны фізічна. Можна прагназаваць тыя самыя разборкі ў стылі «ліхіх 90-х».

Па-другое, як паведамляюць набліжаныя да нябожчыка Прыгожына тэлеграм-каналы, на выпадак раптоўнай смерці «бацькі-атамана» ў «Вагнера» быў план дзеянняў. Дый яго проста не магло не быць, калі сам Прыгожын нядаўна сядзеў не ў Растове, як расійскія генералы, а блізу Бахмута, дзе адзін шалёны аскепак альбо стрэл снайпера — і ўсё. Таму відавочна, што такія планы былі, і, напэўна, не адзін. І сварка за бізнес-імперыю Прыгожына можа набыць характар паўнавартасных баявых дзеянняў.

Па-трэцяе, у тых жа прапрыгожынскіх каналах ужо багата не спачуванняў з нагоды яго гібелі, а наўпроставых заклікаў адпомсціць. Асабліва ўлічваючы, што з Прыгожыным быў забіты і сам «Вагнер» — Дзмітрый Уткін. Канечне, у лагеры «Вагнера» ў Беларусі няма цяжкай тэхнікі, і блізу ўсяго 3-5 тысяч байцоў. Але новы «марш на Маскву» — цяпер ужо праз Смаленск — даволі верагодны.

А самае горшае тое, што Аляксандр Лукашэнка выступіў у ролі пэўнага «гаранта бяспекі» для Прыгожына. І ў тых жа «вагнераўскіх» чаціках ужо праскокваюць думкі пра тое, што трэба запытацца пра невыкананыя гарантыйныя абавязкі.

На першы погляд, для «Вагнера» існуюць два шляхі. Першы, і самы аптымістычны: «Вагнер» «дзерыбаніцца» на дробныя падраздзяленні, частка байцоў пераходзіць у ПВК «Рэдут», падведамасны Мінабароны Расіі, частка застаецца «інструктарамі» ў Беларусі, частка застаецца ў Афрыцы, частка звальняецца «на гражданку», і забывае пра свой баявы досвед як пра страшны сон. «Вагнер» перастае існаваць як баявая адзінка.

Другі шлях: «Вагнер» яднаецца вакол сваіх баявых камандзіраў і застаецца баявой адзінкай, але ўжо — самастойнай ваеннай сілай, непадкантрольны ані Пуціну, ані Лукашэнку, ані богу, ані чорту. І пачынае калі не помсціць за Прыгожына і Уткіна, дык адваёўваць сабе «месца пад сонцам». І ў выніку атрымліваецца «маленькая грамадзянская вайна» дзе-небудзь на мяжы Расіі і Беларусі.

Вайна — гэта не гульня

Другі варыянт небяспечны менавіта таму, што добрая частка «Вагнера» знаходзіцца ў Беларусі, а зброя добрая тым, што можа страляць у абодва бакі. Не варта забывацца, што ў непасрэднай блізкасці ад лагеру «Вагнера» пад Асіповічамі знаходзіцца пляцоўка з нядаўна атрыманымі Беларуссю «Іскандэрамі» і, можа быць, ядзернымі боегалоўкамі для іх.

І нешта ў мяне ёсць сумневы, што ў выпадку штурму гэтага аб’екта беларускія войскі дадуць значны адпор сваім «інструктарам». У мяне ўвогуле сумневы, што наскрозь прарасійскае вайсковае кіраўніцтва Беларусі і неабстраляныя салдаты УС РБ будуць моцна перашкаджаць дасведчаным у штурмах наймітам.

А фігануць «Іскандэрам» па Крамлю цяпер у некага ёсць вялікая спакуса. Не ўпэўнены, што яна ператворыцца ў дзеянні, але спакуса ёсць — з верагоднасцю 100%. Як і спакуса разабрацца з «гарантам» наконт невыканання «гарантыйных абавязкаў».

Напэўна, Лукашэнка думаў, што ўсё гэта — вайна, «Вагнер», ядзерная зброя — гэта ўсё гульня. Што цалкам рэальны «Кіеў за тры дні», яму спадабалася быць «міратворцам» паміж Пуціным і Прыгожыным, падабалася паказваць Захаду «кузькіну маці» ядзернымі боегалоўкамі. Але цяпер у гэтай гульні «Вагнер» стаўся цалкам непрадказальным фактарам. І мы можам атрымаць грамадзянскую вайну ўжо на нашых межах.

Калі нешматлікі «Легіён Свабоды Расіі» лёгка ўваходзіў у Белгарадскую ды Бранскую вобласці, што перашкодзіць зрабіць тое ж «Вагнеру» ці яго аскепкам — але ўжо ў бок Смаленску?

Што можа перашкодзіць Пуціну нанесці ракетна-бомбавы ўдар па беларускай вёсцы Цэль, дзе месцяцца «вагнераўцы» (паказальная ў вёскі назва, праўда?) А пра «высокадакладнасць» расійскіх высокадакладных ракет пасля Украіны мы ўсе ўсё ведаем.

Ці атрымаюць расійскія войскі, першая партыя якіх ужо прыбыла ў Беларусь на вучэнні «Узаемадзеянне», якія павінны прайсці ў РБ з 1 па 6 верасня, нейкі іншы загад? Напрыклад, супрацьдзейнічаць «Вагнеру»? Тады ўжо мы атрымаем «расійскую грамадзянскую вайну на тэрыторыі Беларусі»…

Бацькі-заснавальнікі беларускай Канстытуцыі 1994 года нездарма закладалі ў яе нейтральны і безядзерны статус краіны. А цяпер, у выніку «гульні ў вайнушку» Лукашэнкі нашая краіна знаходзіцца цалкам у рэальнай небяспецы. Прычым, небяспецы ваеннага характару, і «відэлец варыянтаў» тут — ад мірнага «рассмоктвання» «Вагнера» з тэрыторыі Беларусі да паўнавартаснай грамадзянскай вайны, куды будзе ўцягнутая і Беларусь.

І гэта пры тым, што Беларусь тут, па вялікім рахунку, ні пры чым, і канфлікт Пуціна з Прыгожыным і яго атачэннем — цалкам не наш канфлікт. Але, дзякуючы нашаму «мудраму кіраўніцтву», мы знаходзімся ў гэтым канфлікце «па самыя памідоры». Толькі і застаецца спадзявацца, што «пранясе»…

Р.S. Зранку 24 жніўня ў сеціве з’явіўся запіс нібыта ад імя камандзіраў «Вагнера». Трое мужчынаў у камуфляжы з закрытымі тварамі на фоне аўтакалоны сказалі: «Шмат размоваў ідзе пра тое, чым будзе займацца “Вагнер” у гэтай сітуацыі. Мы скажам адно: мы ўжо стартуем. Чакайце нас».

Стартуе хто і чакаць дзе?