Казакевіч: Лукашэнка мусіць разумець: з ім можа здарыцца тое ж, што і з Прыгожыным

Катастрофа з самалётам Прыгожына выглядае як заказное забойства, з заказчыкам з Крамля, прычым ажыццёўленае зусім па-бандыцку, таму што загінулі ў тым ліку і іншыя людзі, адзначыў у каментары «Салідарнасці» палітолаг Андрэй Казакевіч.

on_upal.jpg

Улады Расіі здольныя проста ўзяць і падарваць самалёт з чалавекам, якога палічаць сваёй пагрозай. Палітолаг, дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» — пра смерць Прыгожына і далейшы лёс вагнераўцаў у Беларусі.

— Гэтая перакідка ПВК «Вагнер» у Беларусь першапачаткова была больш інфармацыйнай акцыяй, чым вайсковай, — каментуе «Салідарнасці» тое, што адбылося з кіраўніцтвам ПВК Вагнер напярэдадні, Андрэй Казакевіч. — Усё ж такі складана было знайсці нейкі занятак вагнераўцам у Беларусі, нават калі падтрымаць версію «пра інструктараў».

Столькі інструктараў Беларусі наўрад ці патрэбныя. Акрамя таго, гэтыя інструктары відавочна абыходзіліся значна даражэй, чым, напрыклад, беларускія вайскоўцы.

Таму, думаю, першапачаткова разглядаўся варыянт: калі ПВК і не будзе расфарміравана, то будзе накіравана ў тую ж Афрыку для выканання нейкіх задач.

Не выключана, што пасля смерці Прыгожына гэты працэс паскорыцца і прысутнасць вагнераўцаў паступова сыдзе на нішто ў нашай краіне.

Сама ПВК, напэўна, будзе ліквідаваная альбо рэарганізаваная, у любым выпадку, узятая пад кантроль Крамлём. Так было б лагічна зрабіць. А яе рэшткі будуць накіраваныя ў тыя пункты, дзе яны сапраўды патрэбныя для развязання расійскіх стратэгічных інтарэсаў.

Глядзіце таксама

— А на бунт без сваіх кіраўнікоў вагнераўцы не здольныя?

— Бунт добры тады, калі ён нечаканы. У дадзенай сітуацыі ўсе гатовыя, усе ўлічваюць і разумеюць рызыкі, якія могуць адбыцца. Думаю, у поўнай гатоўнасці і расійскія, і беларускія ўлады, таму магчымасцяў для нейкага бунту няма.

— А якія высновы з таго, што адбылося, павінен зрабіць Лукашэнка?

— Мне здаецца, усе разумелі, і для Лукашэнкі гэта таксама не было навіной, што такое можа адбыцца пры пэўных абставінах.

Усё гэта выглядае як заказное забойства, з заказчыкам Крамлём, ажыццёўленае зусім па-бандыцку. Таму што загінулі ў тым ліку і іншыя людзі.

Вось вам і выснова — улады Расіі здольныя проста ўзяць і падарваць самалёт з чалавекам, якога палічаць сваёй пагрозай. Атручванне — гэта больш складаная працэдура, да таго ж там яшчэ паспрабуй дакажы. А тут іншыя версіі ніхто сур'ёзна нават не разглядае.

— Гэта значыць, задума і была ў тым, каб усе ўсё зразумелі?

— Так, гэта было зроблена дэманстратыўна, з асаблівым цынізмам, як пішуць у міліцэйскіх пратаколах. І Лукашэнка ў любым выпадку павінен разумець, што пры пэўных абставінах з ім можа здарыцца тое ж самае.

Перайсці мяжу закона або нейкіх правілаў для Крамля не складае праблемы ў выпадку, калі яны кагосьці лічаць сваім ворагам або пагрозай.

Таму ў выпадку нейкага бунту з боку беларускіх уладаў, тыя павінны разумець, як усё можа скончыцца. Тым больш збіць беларускі самалёт для расіян не праблема.


Глядзіце таксама

— Мы, беларусы, добра ведаем кошт слоў Лукашэнкі, а цяпер усё адразу ўспомнілі пра «гарантыі бяспекі», якія ён даў Прыгожыну.

— Мне здаецца, што з гэтым няма ніякай праблемы. Ён даваў гарантыі бяспекі сыходу ў Беларусь і ў самой Беларусі. Але Прыгожын пастаянна кудысьці ездзіў, не ведаю, са згоды Крамля ці не, значыць, браў рызыкі на сябе.

А на тэрыторыі Беларусі ні з ім, ні з яго баевікамі нічога не здарылася. Далей, думаю, іх інтарэсы і інтарэсы беларускіх уладаў супадаюць — расійскія найміты павінны сысці. Пытанне толькі ў часе.

Вагнераўцам трэба адаптавацца, перабудавацца, знайсці новыя кантракты, а беларускія ўлады, магчыма, захочуць хутчэй ад іх пазбавіцца.

Але ў любым выпадку, у Беларусі яны не застануцца: працы няма, заробкаў такіх, да якіх яны прывыклі, няма. Таму варыянтаў асаблівых у іх няма, акрамя як сысці.


Глядзіце таксама

Пераклад НЧ