Эксперт: Ліквідацыя Прыгожына падобная на забойства Гітлерам свайго паплечніка Рома

23 жніўня расійскія ўлады паведамілі пра смерць кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цвярской вобласці. Магчымыя наступствы гэтага для Беларусі пракаментаваў «Свабодзе» расійскі эксперт, аглядальнік праекта «Рэха Каўказу» Вадзім Дубноў.

Адольф Гітлер і Эрнст Ром

Адольф Гітлер і Эрнст Ром

— «Вагнэр» і Прыгожын — гэта заўсёды было не адно і тое ж. Прыгожын быў самавартаснай фігурай палітыкі, а «Вагнэр» сам па сабе — інструмэнтальны і другасны. І калі ўхілілі Прыгожына, то ўхілілі менавіта як Прыгожына, а не як кіраўніка «Вагнэра». Калі шукаць аналёгіі, то гэта вельмі падобна да гісторыі з штурмавікамі Рома, зь якім Гітлер жорстка расквітаўся. Тут падабенства нават да дэталяў, у Рома таксама быў эпізод місіі за межамі бацькаўшчыны — праўда, ня ў Афрыцы, а ў Лацінскай Амэрыцы, у Балівіі.

Рэжымы падобныя, і лёс іх пэрсанажаў падобны. Зыходзячы з гэтага падабенства, я мяркую, што «Вагнэр» будзе вычышчаны, максымальна дэпалітызаваны. Зь яго будуць прыбраныя ўсе ідэалягічныя, кадравыя, сымбалічныя прыкметы сувязі з Прыгожыным. І «СА» цяперашняга крамлёўскага рэжыму ператворыцца ў вельмі службовую структуру. Яе можна будзе аддаць у падпарадкаваньне нават МНС. А можна і Ўзброеным сілаі РФ. З усімі натуральнымі наступствамі для базаваньня ў Беларусі, калі яна там наагул застанецца.

— Паводле афіцыйнай вэрсіі, «Вагнэр» у Беларусі — гэта была частка ўгоды, каб прадухіліць рэйд на Маскву. Як казаў Прыгожын — іншая юрысдыкцыя. Калі гэта так, то цяпер угода рассыпалася, няма яе контрагента. Ці гэта і тады была іншая ўгода?

— Угода можа памяняцца. Паўтаруся, «Вагнэр» і Прыгожын — гэта не адно і тое ж. «Вагнэр» без Прыгожына нават у Беларусі ня будзе перашкаджаць нікому — ні ў Расеі, ні ў Беларусі. Калі знойдуць яму нейкую службовую функцыю ў Беларусі, пакінуць там. Магчымыя нейкія правакацыйныя рэйды ў раён беларуска-польскай ці беларуска-літоўскай мяжы.

Але ўсё гэта будзе ўжо пад поўным кантролем і ня так маштабна, як меркавалася пры Прыгожыну. Падкрэсьлю, пры Прыгожыну, а ня зь ім. І кампанія можа застацца ў Беларусі, на радасьць Лукашэнку, якому яна будзе аддадзеная ў поўнае падпарадкаваньне.


Глядзіце таксама

— А грошы хто плаціць будзе на іх утрыманьне?

— Ну, браты грошы ня лічаць. Мяркую, што бюджэт таго, што застанецца ад «Вагнэра», будзе не такі істотны, каб Масква і Менск наконт гэтага не дамовіліся.

— Зьявілася цікавае паведамленьне ТАСС — што з нагоды катастрофы самалёта Прыгожына ў Цьвярской вобласьці СК РФ распачаў крымінальную справу аб «парушэньні правілаў палётаў». Не забойства, а менавіта вось гэтага. Выглядае неяк як жахлівы тролінг (праўда, незразумела каго).

— Ну а што — з фармальнага пункту гледжаньня ўсё правільна, парушэньне ж мела месца. Парушэньне правілаў палётаў усе бачылі. І ніхто ж не паспрачаецца.