І вокам не павёў. Пуцін выказаў «шчырыя спачуванні» сям’і Прыгожына
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін упершыню пракаментаваў катастрофу самалёта Embraer у Цвярской вобласці, сярод пасажыраў якога быў бізнeсовец, заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын.
Пуцін выказаў спачуванні сем'ям загінулых. Ён адзначыў, што
сярод пасажыраў знаходзіліся супрацоўнікі ПВК, якія «ўнеслі істотны ўклад» у
вайну Расіі супраць Украіны.
Кажучы пра Яўгена Прыгожына, Пуцін дадаў, што «гэта быў чалавек складанага лёсу», які дамагаўся «патрэбных вынікаў», у тым ліку калі пра гэта яго прасіў Пуцін. «Медуза» апублікавала поўны тэкст каментара Пуціна з нагоды крушэння самалёта Прыгожына.
«Што датычыцца гэтай авіяцыйнай катастрофы, то, перш за ўсё,
хачу выказаць словы шчырага спачування сем'ям усіх загінулых. Гэта заўсёды
трагедыя. І сапраўды, калі там знаходзіліся — а першасныя звесткі кажуць пра
тое, што там знаходзіліся супрацоўнікі кампаніі «Вагнер», — хацеў бы адзначыць,
што гэта людзі, якія ўнеслі істотны ўклад у нашу агульную справу барацьбы з
неанацысцкім рэжымам ва Украіне. Мы пра гэта памятаем, ведаем і не забудзем, — сказаў Пуцін, якога лічаць ледзь не
галоўным падазраваным у гібелі Прыгожына. —
Прыгожына я ведаў вельмі даўно, з пачатку 90-х гадоў. Гэта быў чалавек складанага лёсу, і памылкі ў яго былі сур'ёзныя ў жыцці, і дамагаўся ён вынікаў патрэбных — і для сябе, і, калі я прасіў яго пра гэта, для агульнай справы, як вось у гэтыя апошнія месяцы. Ён быў таленавіты чалавек, таленавіты бізнесмэн.
Працаваў не толькі ў нас у краіне — і з вынікам працаваў — але і за мяжой, у Афрыцы, у прыватнасці. Займаўся там нафтай, газам, каштоўнымі металамі і камянямі. Вось ён учора толькі, наколькі мне стала вядома, вярнуўся з Афрыкі, сустракаўся тут з некаторымі афіцыйнымі асобамі.
Але што дакладна зусім — мне пра гэта дакладваў сёння з раніцы кіраўнік Следчага камітэта — яны пачалі ўжо папярэдняе расследаванне гэтага здарэння. Яно будзе праведзена ў поўным аб'ёме і даведзена да канца. Тут няма ніякіх сумневаў. Паглядзім, што скажуць следчыя найбліжэйшым часам. А цяпер праводзяцца экспертызы — тэхнічныя экспертызы і генетычныя. На гэта трэба нейкі час».
Дзесяць чалавек загінулі пры крушэнні прыватнага самалёта ў
Цвярской вобласці 23 жніўня. У
Расавіяцыі заявілі, што сярод пасажыраў быў і Яўген Прыгожын, і яго найбліжэйшы
паплечнік, адзін з кіраўнікоў ПВК Дзмітрый Уткін. Як удакладнілі ў МНС Расіі,
бізнес-джэт, які разбіўся, накіроўваўся з Масквы ў Пецярбург.
У чэрвені
вагнераўцы пад кіраўніцтвам Прыгожына здзейснілі мяцеж, накіраваўшыся «маршам
справядлівасці» з Растова ў Маскву. Паводле шэрагу сведчанняў, Пуцін вельмі
перапужаўся байцоў ПВК і на нейкі час нават пакідаў Маскву. Пазней у выніку перамоваў
наймітаў удалося спыніць і перанакіраваць у Маскву. Паводле меркавання многіх экспертаў, Пуцін не мог дараваць Прыгожыну тую чэрвеньскую «самадзейнасць», таму яго ліквідацыя была справай часу.