Гібель Прыгожына: Большасць беларусаў уздыхне з палёгкай?
Якія наступствы гібелі кіраўнікоў «Вагнера»? Што думаюць пра Прыгожына палітыкі і аналітыкі? Сабралі розныя меркаванні.
Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскіне верыць у канспіралогію:
— Я ад пачатку не быў прыхільнікам канспіралагічных версій, што мяцеж Прыгожына быў інсцэніроўкай, што ўсё гэта было хітрым планам Пуціна, каб перакінуць «Вагнер» у Беларусь і потым выкарыстоўваць наймітаў супраць Украіны ці краін NАТО.
Для інсцэніроўкі гэта занадта складана і дорага. Гэта нанесла такія рэпутацыйныя страты Пуціну, што яно таго не каштавала. Пры жаданні можна было проста перасунуць «Вагнер» у Беларусь. Цяпер жа, калі «Вагнер» абезгалоўлены, то ўся канспіралогія пра хітры план Пуціна цалкам рассыпаецца.
Гэтая сітуацыя можа мець свае плюсы, бо, магчыма, паменшае напружанасць у адносінах Мінска з Варшавай, Вільняй і Рыгай.
Цяпер, калі «Вагнер» абезгалоўлены, то гэтая пагроза ў вачах суседзяў змяншаецца. Лукашэнка, думаю, цяпер будзе яшчэ актыўней церабіць Пуціна, каб ён неяк вырашыў праблему з «Вагнерам». Каб іх забралі з Беларусі, бо Лукашэнку дакладна не трэба столькі інструктараў для свайго войска.
Што меркаваная гібель Прыгожына можа азначаць для людзей унутры Беларусі?
— Калі казаць прагматычна, нават з доляй цынізму, то гэта плюс для Беларусі, таму што ёсць шанец, што трошкі зменшыцца напружанасць на межах з суседзямі — краінамі ЕС, хоць тут усё і няпэўна.
Калі ўзяць сітуацыю ўнутры краіны, было відавочна, што беларусы натапырыліся, бо прыехалі вельмі спецыфічныя госці з кепскай рэпутацыяй.
Калі тысячы мужыкоў, якія прывыклі сілай і гвалтам вырашаць усе жыццёвыя пытанні, сядзяць без справы ў гэтых намётах, то рана ці позна гэта магло б перарасці ў нейкія канфлікты з мясцовым насельніцтвам, нават, магчыма, з праваахоўнымі органамі. Таму большасць беларускай цывільнай і вайсковай публікі ўздыхне з палёгкай.
Аляксандр Фрыдман лічыць, што бунт наймітаў “Вагнера” нерэалістычны. Тым больш, што ў вагнераўцаў адсутнічае цяжкае ўзбраенне. Да таго ж, хоць найміты могуць быць незадаволеныя, што гарантыі Лукашэнкі не спраўдзіліся і ён кагосьці падмануў, усе разумеюць: не беларускі палітык — ключавы гулец у гэтай гісторыі. Пра гэта ён распавёў у каментары “Люстэрку”.
— Верагодна, цяпер для яго з'яўляецца пэўны шанец узяць вагнераўцаў пад свой кантроль. Калі Масква дазволіць, вядома ж, — удакладняе эксперт. — Думаю, усе пытанні, звязаныя з ПВК Вагнера, абмяркоўваюцца з крамлёўскім кіраўніцтвам. Калі яму сапраўды дадуць на гэта зялёнае святло, то магу сабе ўявіць, што нейкая частка наймітаў захоча застацца ў Беларусі і інтэгравацца ў войска і іншыя сілавыя структуры. На мой погляд, Лукашэнка без нейкіх сур'ёзных праблем зможа знайсці фінансаванне для адной-дзвюх, няхай нават трох тысяч вагнераўцаў. Гэта не тая сума, якую ён сабе ніяк не можа дазволіць. Калі палітык убачыць у іх магчымасць умацаваць войска і падняць узровень сілавых органаў, то ён на гэта пойдзе.
На думку Фрыдмана, у цяперашняй сітуацыі Расія наўрад ці будзе зацікаўленая ў тым, каб вывезці з Беларусі ўсіх наймітаў. Такі крок аналітык трактуе як свайго роду паслугу Польшчы, Латвіі і Літве. Бо ў такім выпадку ўлады гэтых краін змогуць абвясціць, што Лукашэнка і Пуцін спалохаліся ціску і прыбралі ПВК Вагнера. А значыць, на іх можна націскаць і далей, што ўжо не адпавядае інтарэсам Крамля.
Пагроза ад «Вагнера» толькі ўзрасце — прэм'ер-міністр Польшчы
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі мяркуе, што гібель Прыгожына не зніжае пагрозу для Польшчы. Ён лічыць, што ПВК «Вагнер» пяройдзе пад кантроль Пуціна і будзе і далей выкарыстоўвацца «як інструмент правакацый, шантажу і рознага роду пераследаў з мэтай падрыву палітыкі бяспекі і дэстабілізацыі краін, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю», магчыма, нават больш, чым раней.
Пра гэта палітык заявіў на прэс-канферэнцыі 24 жніўня, паведамляе Польскае навінавае агенцтва PAP.
Што пра Прыгожына кажуць у Германіі: Д'ябал, які звязаўся з д'яблам
Нямецкія СМІ і палітыкі актыўна каментуюць меркаваную гібель заснавальніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына. «Нямецкая хваля» сабрала самыя яркія каментары.
-
Міністр замежных спраў Аналена Бербок, Deutschlandfunk
«Гэты інцыдэнт дэманструе, што сістэма, улада, дыктатура, пабудаваная на гвалце, унутры сябе таксама ведае толькі гвалт. ( ... ) Прыгожын і «Вагнер» адказныя за жудасныя дзеянні супраць украінскага народа і ў шэрагу краін Афрыкі. Куды б ні ішоў «Вагнер», за ім ідуць смерць, разбурэнне і эксплуатацыя».
- Кіраўнік камітэта бундэстага па абароне Мары-Агнес Штрак-Цымерман, RND
«Тое, што Прыгожын паплаціцца жыццём за сваю атаку на Пуціна, было цалкам чакана. Гэта д'ябал, які звязаўся з д'яблам. ( ... ) У той жа час тое, што адбылося сведчыць пра тое, што Пуцін і ягоныя паплечнікі ў Крамлі відавочна моцна нервуюцца».
- Эксперт па знешняй палітыцы, дэпутат бундэстага Норберт Рэтген
«Ці будзе група «Вагнер», абезгалоўленая Пуціным, цяпер яшчэ больш выстройвацца для паўстання або падпарадкуецца (уладам. — Рэд.), застаўшыся без кіраўніцтва, — пытанне адкрытае. Але пуцінская сістэма ўлады дала расколіны, і ён ужо не можа гэтага спыніць».