Дракахруст: Пасля гібелі Прыгожына імідж Лукашэнкі як «ратавальніка Расіі» абрынуўся
Аляксандр Лукашэнка ўпершыню пракаментаваў меркаваную гібель кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгенія Прыгожына. Асноўныя тэзы, адзначае ў калонцы на «Свабодзе» аглядальнік Юрый Дракахруст, ён нібыта не даваў Прыгожыну ніякіх гарантыяў бяспекі, Прыгожына забіў не Пуцін, «Вагнер» застанецца ў Беларусі, але ў невядомай колькасці.

Фото: Разгрузка Вагнера / Telegram
Лукашэнка чакаў,
пакуль сьмерць Прыгожына не пацьвердзіць Крэмль. Учора гэта ўскосна зрабіў
Уладзімір Пуцін, гаворачы пра Прыгожына ў мінулым часе; сёньня прэсавы сакратар
Пуціна Дзьмітры Пяскоў наўпрост сказаў пра «трагічную гібель пасажыраў
самалёта, у тым ліку Яўгенія Прыгожына».
Лукашэнка не сьпяшаўся з рэакцыяй і таму, што ў біяграфіі Прыгожына ўжо былі эпізоды яго нібыта гібелі, пасьля якіх ён зьяўляўся жывы-здаровы.
Але галоўнай прычынай маўчаньня была неабходнасьць абдумаць перафарматаваньне вобразу, які Лукашэнка стварыў сабе пасьля прыгожынскага мяцяжу.
Асноўныя элемэнты гэтага іміджу: мяцеж — не мяцеж, а смута; рэзкія «старэйшыя браты» пагарачыліся; Лукашэнка — той, хто ўратаваў Расею ад праліцьця крыві, даўшы Прыгожыну гарантыі бясьпекі.
У полі ў Цьвярской вобласьці РФ разам з кіраўнікамі «Вагнэра» загінуў і гэты вобраз. І яго давялося кардынальна мяняць.
27 чэрвеня, пасьля цырымоніі ўручэньня пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу, Лукашэнка, расказваючы пра свае размовы з Прыгожыным падчас мяцяжу, наўпрост казаў пра ўласныя гарантыі, якія ён даў кіраўніку «Вагнэра».
Глядзіце таксама

Паводле ягоных тагачасных слоў, Прыгожын 24 чэрвеня перасьцерагаўся, што калі калёна вагнэраўцаў спыніцца, расейскія войскі яе зьнішчаць. Лукашэнка запэўніў суразмоўцу, што гэтага ня будзе: «Паабяцалі: гэтага ня будзе. Я і сказаў Прыгожыну: «Гэта — гарантыя». — «Што далей?» — «Аж да таго, што я выведу цябе ў Беларусь і гарантую табе поўную бясьпеку. І тваім хлопцам, якія вось сюды прасунуліся гэтай калёнай». — «Так, я вам веру. Я веру». — «Добра, у гэтым кірунку будзем дзейнічаць».
25 жніўня Лукашэнка кажа цалкам адваротнае: «Я і не павінен забясьпечваць бясьпеку Прыгожына. Гэта па-першае. Па-другое, ніколі ў такім ключы размовы не было».
Цікава, што шэраг аглядальнікаў, прычым як праўладных, гэтак і незалежных, выказвалі думку, што гарантыі бясьпекі, дадзеныя Лукашэнкам Прыгожыну 24 чэрвеня, тычыліся ўсё ж яго знаходжаньня ў Беларусі. Гэта вынікае і з цытаванага вышэй расповеду Лукашэнкі, і з практычных і лягічных меркаваньняў — запэўніць бясьпеку кіраўніку «Вагнэра» па ўсім сьвеце Лукашэнка ня мог ніяк пры ўсім жаданьні.
Аднак паказальна, што ён сам гэтую лягічную і несупярэчлівую вэрсію цяпер ужо адкідае, яна надта прывязвае яго да руінаў таго іміджу, які ён канструяваў пасьля 24 чэрвеня.
Тыя гарантыі — гэта сапраўды самае слабое месца ў пазыцыі Лукашэнкі ў гэтай сытуацыі. Дарэчы, невыпадкова Сьвятлана Ціханоўская зрабіла на гэтым акцэнт у сваёй першай заяве пасьля зьяўленьня інфармацыі пра меркаваную гібель Прыгожына. З пункту гледжаньня рацыё гэта не аргумэнт, але для масавай сьвядомасьці — яшчэ які аргумэнт. І, дарэчы, у межах крымінальных «паняцьцяў», якія блізкія многім прыхільнікам, адэптам і паплечнікам Прыгожына, — таксама аргумэнт: «за базар» трэба адказваць.
А ня хочацца. І таму замест апраўданьня — агрэсіўнае адмаўленьне: «Якія гарантыі, я ніякіх гарантыяў не даваў». Раптам спрацуе, раптам павераць.
Як вучыў Ёзэф Гёбэльс, хлусіць трэба маштабна, глябальна, каб людзі падумалі: ну ня могуць жа яны хлусіць так нахабна.
Не, могуць. І ўзьдзейнічае на масы якраз ня дробная, а маштабная хлусьня. Дробная хлусьня — гэта фэйк, вялікая хлусьня — гэта дыскурс.
Ну, і вяртаючыся да тлумачэньняў Лукашэнкі. Яны ня толькі для масаў, яны і Крамлю сыгнал — а не было ніякага ўратавальніка Расеі, ніякіх гісторый пра тое, як у дзень мяцяжу расейская эліта трымцела ці разьбягалася, і толькі беларускі волат трымаўся, як скала, і ратаваў расейскі народ. А не было нічога гэтага, вам прымроілася, праехалі.
Аргумэнты наконт таго, што Прыгожына забіў ня Пуцін, — гэта якраз чакана. Ясна, што нічога іншага ў цяперашняй сытуацыі Лукашэнка і ня мог казаць. Але цікавая ці то выпадковая аналёгія, ці намёк: «Я ня стану адвакатам нават у свайго старэйшага брата». Такі пэрыфраз словаў біблійнага Каіна — «Хіба я вартавы брату свайму?».
Каін, праўда, сам учыніў забойства. Лукашэнка забойства Прыгожына не ўчыняў. Але намёкі, сугуччы, рыфмы і ня мусяць быць дакладнымі.
Глядзіце таксама

Цікавыя тлумачэньні Лукашэнкі наконт разьмяшчэньня вагнэраўцаў у Беларусі цяпер, ужо пасьля сьмерці Прыгожына. Пасьля яго гібелі Радыё Свабода абнародавала спадарожнікавыя здымкі, якія сьведчаць пра дэмантаж (прынамсі, частковы) лягера вагнэраўцаў каля вёскі Цэль у Магілёўскай вобласьці. Праўладныя тэлеграм-каналы ў адказ напоўніліся лаянкай: «фэйк», «оппапамыйка» і г.д. Самі вагнэраўцы адказалі каляжам, на якім на спадарожнікавым здымку напісанае сакрамэнтальнае нецэнзурнае слова — тое, куды накіроўваецца расейскі вайсковы карабель.
І раптам Лукашэнка кажа: «І гэтыя здымачкі з космасу, што мы нешта дэмантуем... Чаму мы лішнія намёты прыбіраем — столькі ня трэба».
Дык ня фэйк, значыць.
Далейшае тлумачэньне дапускае розныя інтэрпрэтацыі: «Тут застаецца ядро, хтосьці зьехаў у водпуск, хтосьці наогул вырашыў жыць убаку, але тэлефоны, адрасы, паролі, яўкі ў гэтым ядры вядомыя. Цягам некалькіх дзён усе будуць тут, да 10 тысяч чалавек. Цяпер няма неабходнасьці іх тут трымаць. Таму нікуды яны не ўцякаюць. Столькі, колькі нам трэба і гэтаму падразьдзяленьню, яны будуць у нас жыць і працаваць».
Калі празь некалькі дзён у Беларусі «ўсе будуць, да 10 тысяч чалавек», то чаму пэўная колькасьць намётаў цяпер лішнія? Намёты ежы і грошай ня просяць, стаялі б і далей, чакаючы тых 10 тысячаў. А можа, гэтыя «некалькі дзён» расьцягнуцца на тыдні, месяцы, а мо азначаюць — ніколі?
І са словаў Лукашэнкі незразумела, якія такія задачы і мэты цяпер ставяцца перад гэтым падразьдзяленьнем. Трэніроўкі беларускіх вайскоўцаў — гэта ня мэта. Беларускаму войску ў прыкладна 60 тысячаў не патрэбныя 10 тысячаў інструктараў. Да сьмерці іх лідэра мэтай іх знаходжаньня ў Беларусі было выкананьне ўгоды з Прыгожыным у справе прадухіленьня мяцяжу.
Няма Прыгожына — няма ўгоды, няма мэты. Прынамсі, ранейшай мэты. Тады для чаго? За што гэтыя 10 тысячаў чалавек будуць у Беларусі атрымліваць грошы? Каб чыніць правакацыі ці нават дывэрсіі адносна Польшчы ці Літвы?
Глядзіце таксама

І пры жывым Прыгожыну падобныя дзеяньні ўвесь сьвет успрымаў бы як вайну Крамля з NATO. Аднак цяпер, пасьля яго сьмерці, хутчэй за ўсё, нават фармальна «Вагнэр» стане структурай Міністэрства абароны РФ. Расея гатовая правакаваць вайну з NATO? Гэта зусім не відавочна. Як і не відавочна, што гэта ўваходзіць у пляны Лукашэнкі. Ад яго мо і няшмат залежыць у гэтых плянах, але яго такая пэрспэктыва радаваць ня можа.
І таму больш імаверна, што яго заява пра далейшы лёс вагнэраўцаў у Беларусі — гэта добрая міна пры кепскай гульні. Імідж ратавальніка Расеі абрынуўся, але прызнаваць, што запрашэньне «Вагнэра» ў Беларусь было кепскай ідэяй нават з пункту гледжаньня захаваньня сваёй улады, ня хочацца.
Таму застаецца казаць, што, маўляў, зараз выводзім, а потым увядзем ізноў.
Але насамрэч вельмі імаверна, што атрымаецца як з заявай пра пляны вагнэраўцаў зрабіць «экскурсію ў Жэшаў ці Варшаву». Палякі і літоўцы прынялі тую заяву ўсур’ёз. Але замест таго, каб напалохацца і пачаць улагоджваць Пуціна і Лукашэнку, сьцягнулі на памежжа вайсковыя сілы і падрыхтаваліся да закрыцьця мяжы.
Скажы Лукашэнка цяпер — ну так, вагнэраўцы сыходзяць, — дык, можа, напружанасьць хоць бы крыху зьнізілася б. Але ён насамрэч яе толькі ўзмацняе. Бо калі яны застаюцца ці ў хуткім часе вернуцца, то пляны ў іх могуць быць толькі аднаго кшталту. Да гібелі Прыгожына маглі быць розныя, хаця б «перакантавацца», як тлумачыў іх у свой час Лукашэнка.
Цяпер яны могуць знаходзіцца ў Беларусі толькі з адной мэтай — ваенных дзеяньняў адносна памежных краінаў. Тых ці іншых краінаў, тых ці іншых дзеяньняў. Але толькі для гэтага.
Самы абсурдны варыянт — калі няўцямныя, двухсэнсоўныя расповеды Лукашэнкі пра далейшы лёс «Вагнэра» ў Беларусі — гэта сапраўды толькі блеф і ўратаваньне твару. Але, як паказвае досьвед, ані ў Варшаве, ані ў Вільні, ані ў Рызе зразумець гэтыя яго псыхалягічныя асаблівасьці ніхто ня будзе нават спрабаваць.
Яны сёньняшнія заявы Лукашэнкі ўспрымуць як не зьмяншэньне, а нават істотнае павелічэньне пагрозы. І будуць рабіць крокі, зыходзячы з такой высновы.
Магчыма, празь некалькі дзён Лукашэнка патлумачыць,
што словы пра 10 тысячаў вагнэраўцаў былі жартам. Баюся, што Польшча, Літва і
Латвія «пажартуюць» у адказ раней. І ня словамі, а справамі.