«Вагнер» з Беларусі не знікне

У сувязі з апошнімі падзеямі вакол ПВК «Вагнер» многія спадзяваліся, што расійскія баевікі нарэшце пакінуць Беларусь. Але выглядае на тое, што не.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Напружанасць на мяжы толькі ўзрасце, таму што адбудзецца поўнае падпарадкаванне «Вагнера» інтарэсам Масквы. Прыгожын усё-ткі вёў і нейкую самастойную гульню, яму заўсёды было важна не толькі выконваць загады Крамля, але і шукаць сваю выгаду.

Кіраўнік Беларусі пачаў апраўдвацца за двухмесячныя гарантыі бяспекі для Прыгожына. Хоць заўсёды лічыць сябе правым. Тады ў чым справа?

«Свабодныя навіны» пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Лукашэнка апраўдваецца з адной простай прычыны: гэтую тэму — паднялі, яна ўвесь час прысутнічае ў беларускіх незалежных СМІ, пра гэта кажуць ва Украіне, пра гэта кажа расійская ліберальная прэса. Уласна, вось адзіная прычына апраўданняў. Бо яго ні ў чым не абвінавачваюць, на Захадзе не згадваюць дарэмна ў сувязі са смерцю Прыгожына. Гэта паказвае: так званыя «збеглыя» ці расійскія лібералы, з якіх ён здзекуецца, за якімі, як ён мяркуе, ніхто не стаіць, якія, паводле яго слоў, ні на што не ўплываюць, тузаюць яго настолькі моцна, што перад «пустым месцам» даводзіцца апраўдвацца. Хоць людзі, упэўненыя ў сабе, так не робяць.

— Лукашэнка між іншым выказаўся пра будучыню наймітаў у Беларусі. «Вагнер» жыў і будзе жыць у Беларусі…

— Я б паглядзеў на праблему трохі глыбей. З аднаго боку, ён цалкам паўтарае самую папулярную версію ў экспертнай супольнасці, пра якую неаднаразова і я казаў: поўнага вываду «Вагнера» з тэрыторыі Беларусі быць не можа, таму што для Лукашэнкі, а галоўным чынам – для Пуціна гэта пройгрышны палітычны крок. Цяпер вывесці «Вагнер» з Беларусі — значыць, аслабіць ціск на мяжу і зрабіць падарунак Варшаве, Вільні і Рызе. Калі казаць мовай Лукашэнкі — «прагнуцца». А такія як ён, альфа-самцы ў палітыцы, не могуць сабе дазволіць такога. Таму словы пра тое, што частку «вагнераўцаў» выведуць з краіны, а частка застанецца — прагназуемы і чаканы сцэнар.

Я думаю, што Лукашэнка яшчэ раз спрабуе паказаць сябе гаспадаром становішча, маўляў, гэтае пытанне ў яго кампетэнцыі. А насамрэч усё звязанае з «Вагнерам» вырашае Крэмль: як Масква скажа, так і будзе.


Глядзіце таксама

Больш за тое, я звярнуў увагу на яшчэ адзін характэрны момант. Калі Лукашэнка разважаў з нагоды так званага замаху на Прыгожына, які планаваўся: нібыта ён атрымаў сакрэтную інфармацыю пра падрыхтоўку замаху і выклікаў (не запрасіў, не паклікаў — выклікаў да сябе!) расійскага пасла. Усёй лексікай у дачыненні да «Вагнера», у дачыненні да Расіі Лукашэнка паказвае, што ніхто ім не запраўляе, ніхто яму не загадвае. Але ў цэлым ён сябе такой рыторыкай выдае: калі б адбывалася ўсё так, як ён кажа, у яго б не было патрэбы ў такой лексіцы.

Я думаю, пытанне з «Вагнерам» на гэты момант развязанае наступным чынам: энная колькасць баевікоў застанецца на тэрыторыі Беларусі — ствараць напружанасць на мяжы, — але падпарадкоўвацца Лукашэнку яны не будуць. Хоць выкарыстоўваць для нейкіх задач, напрыклад, навучаць беларускіх салдат, — цалкам магчыма. Так што «Вагнер» з Беларусі не знікне найбліжэйшым часам.

— Акрамя «Вагнера» ў прамове была згаданая і Польшча — гэта не выпадковасць?

— Лукашэнка перабраў клубок тэм, прычым паўтараючы супярэчлівыя рэчы: то польскія кіраўнікі ў яго вар'яты, а цяпер, аказваецца, ён лічыў іх разумнымі людзьмі. Яму б вызначыцца ўжо. З аднаго боку, мы нікому не пагражаем, з усімі мы хочам сябраваць, і наогул Беларусі мяжа ўжо не патрэбная, мяжа патрэбная толькі Польшчы, Літве і Латвіі. А з іншага боку, ён адкрыта намякае, што мігрантаў як пускаў, так і будзе пускаць. Увесь набор старой рыторыкі: прымірэнчыя заявы разбаўляюцца непрыхаванымі пагрозамі.


Глядзіце таксама

Мне здаецца, сітуацыя з мяжой прынцыпова не зменіцца. Думаю, мае рацыю Маравецкі, калі кажа: калі «Вагнер» пераходзіць пад поўны кантроль расійскай дзяржавы, а Прыгожына ліквідуюць, то небяспека на мяжы толькі ўзрасце, таму што адбудзецца поўнае падпарадкаванне «Вагнера» інтарэсам Масквы. Прыгожын усё-ткі вёў і нейкую самастойную гульню, яму заўсёды было важна не толькі выконваць загады Крамля, але і шукаць сваю выгаду. З Прыгожыным тэарэтычна можна было дамовіцца, тым больш, што ў Бахмуце ён гатовы быў здаваць расійскія пазіцыі за саступкі. Пра гэта расказваў Буданаў, і я схільны яму верыць.

У гэтым сэнсе Прыгожын, пры ўсёй сваёй праблематычнасці, уяўляў меншую небяспеку, чым крамлёўскае кіраўніцтва. Так што для Польшчы і краін Балтыі сітуацыя не мяняецца — магчыма, нават пагаршаецца.

— Ці адаб'ецца на становішчы Лукашэнкі гісторыя з «Вагнерам»?

— Думаю, ніяк. Пытанні з «Вагнерам» — расійскія, што далей рабіць, а чаго нельга рабіць — гэта будзе вырашацца ў Маскве.


Глядзіце таксама

Але цяпер відавочна: пасля смерці Прыгожына педаляванне тэмы выратавання Расіі ад смуты губляе сваю актуальнасць. У лукашэнкаўскім наратыве «смуты» яго асабістыя адносіны з Прыгожыным, яго сувязь з Прыгожыным адыгрывалі вельмі важную ролю. А паколькі тэма пасля смерці Прыгожына закрываецца, то працягваць яе будзе ўжо не з рукі. Заявы, якія прагучалі 25 жніўня, — свайго роду развітальная гастроль гэтай тэмы. Лукашэнка паспрабаваў яшчэ раз выехаць на цяпер ужо мёртвым Прыгожыне, зноў да яго прымазацца, паўтарыўшы сваю версію «смуты».