Быў сябар Жэня — і няма больш сябра Жэні

Зусім нядаўна беларускі кіраўнік экспертна заяўляў: «Пуцін Прыгожына мачыць не будзе». А цяпер перад пацанамі непрыгожа атрымалася, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas9_logo.jpg

Мы ж з табой заўсёды ведалі, што сёй-той вялікі аналітык і майстар палітычных прагнозаў, праўда? Амаль прарок, які здольны бачыць будучыню пранізлівым позіркам. Вось якраз літаральна нядаўна прадказаў, што «Пуцін Прыгожына мачыць не будзе». І ўсе так і сталася! Ну, гэта значыць, спраўдзілася, як заўсёды. Раней у яго быў Парашэнка — прэзідэнт Украіны і Трамп сядзеў у Белым доме. А цяпер яшчэ і Прыгожын вечна жывы.

Засталося яшчэ дачакацца выканання прагнозу, што пасля наступных прэзідэнцкіх выбараў у Расіі прэзідэнтам Расіі застанецца Пуцін. Ну і пажадана, вядома, што-небудзь такое спрагназаваць пра сябе.

Але наогул атрымалася неяк няёмка. І я цяпер не пра гарантыі кажу. Ці мала хто каму чаго там гарантаваў. Нармальныя пацаны паступаюць не па гарантыях, а па паняццях.

Глядзіце таксама

Два месяцы запар беларускі тэлевізар надзімаў з сяго-таго вялікага майстра перамоўнага жанру. Распавядалі, як ён выратаваў Прыгожына, Пуціна, Расію і заадно ўсю сусветную цывілізацыю. (Хоць сусветная цывілізацыя гэтага нават яшчэ не заслужыла).

Называлі яго Мініным, Пажарскім і Іванам Сусаніным. Аляксандрам Вялікім не называлі, але толькі таму, што беларускі тэлевізар пра Аляксандра Вялікага, відаць, не чуў. Хвалілі шырыню яго рэзанансу і распавядалі, як уся сусветная закуліса затаіла дыханне, каб не прапусціць ніводнага слова з яго мудрасці.

І яны так пераканаўча пра гэта распавядалі, што сёй-той сам паверыў. Вырашыў, што ён сапраўды бенефіцыяр і трыумфатар. Пачаў нават падлічваць свае палітычныя капіталы ў Расіі. Павучаў Валодзю правілам пацанскага жыцця. За гэтыя два месяцы паспеў — дваццаць гадоў таму — напісаць Украіне Канстытуцыю.

Калаж: Аляксандр Чапіга / LIGA. net

Калаж: Аляксандр Чапіга / LIGA. net

Але ў сераду ўся гэтая бурбалка, якую яны надзімалі, лопнула. І аказалася, што сёй-той — зусім і не майстар геапалітычнай інтрыгі. Што гэта не ён усіх расставіў, а яго падставілі. Што ён — проста рот, якім можна не саромеючыся хлусіць.

Карацей, перад пацанамі непрыгожа атрымалася. Настолькі няёмка, што нават беларускі тэлевізар разгубіўся. І ўвесь гэты беларускі тэлевізар не змог прыдумаць нічога лепшага, чым растлумачыць, што гарантыі распаўсюджваліся толькі на беларускую тэрыторыю. Вось такія гарантыі абмежаванага радыусу дзеяння!

А вялікі стратэг, майстар перамоўнага жанру і творца новай геапалітычнай рэальнасці, наогул нічога не змог растлумачыць. А што тут патлумачыш? Быў сябар Жэня  — і няма больш сябра Жэні. Тут не тлумачыць штосьці, тут пра вечнае трэба думаць.


Глядзіце таксама