Прапаганда страціла мову?
Рэжым яшчэ не адрэагаваў на магчымае забойства кіраўніка расійскіх баевікоў Яўгена Прыгожына і яшчэ дзевяцярых чалавек, якія ляцелі з ім на борце «Embraer», і прапаганда вымушаная цяпер угадваць, якая рэакцыя будзе адпаведнай.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_ont___telebaczanne__fota_novy_czas_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
У дзяржаўных медыя Беларусі па-ранейшаму стрымана асвятляюць авіякатастрофу ў Цвярской вобласці Расіі і гібель кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына. У навінавых выпусках дзяржТБ і ў стужках праўладных выданняў, у асноўным, кароткая інфармацыя ад афіцыйных крыніц, заўважыла «Media IQ».
Толькі на тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт з падрабязнасцямі пра інцыдэнт. Але і тут танальнасць была нейтральнай, а інфармацыя была пададзеная на аснове афіцыйных паведамленняў. Праўда, не абышлося без вось такога каментара аўтара:
«Безумоўна, вакол катастрофы ў Цвярской вобласці будзе шмат канспіралогіі. Усё здарылася ў жніўні — традыцыйна нешчаслівым месяцы для расеійскай авіяцыі, "перыяд катастроф" — яшчэ называюць яго ў Расіі. Плюс і сама фігура Яўгена Прыгожына была занадта неадназначнай».
Глядзіце таксама
![Навошта Уладзімір Пуцін ліквідаваў Яўгена Прыгожына? Эксперт: Ліквідацыя Прыгожына падобная на забойства Гітлерам свайго паплечніка Рома](/img/v1/images/5bb67ac52780b01f94ef01b490bcb824.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Таксама на сайце АНТ працытавалі допіс грамадскага дзеяча Аляксандра Сасноўскага, які заявіў:
«Парадаксальна, але гібель Прыгожына адсоўвае дыверсію на "Паўночным патоку" ад англасаксонска-ўкраінскага следу. Заходнія эксперты будуць выкарыстоўваць довад, маўляў, "калі рускія забілі Прыгожына, то і дыверсія на ПП – іх рук справа". Зразумела, што версія рускага следу стане для іх адзінай. Такога роду псіхалагічны ход абсалютна ў духу старой брытанскай школы».
Больш у афіцыйных дзяржмедыя Беларусі пра тэорыі і версіі адносна гучнай авіякатастрофы пакуль практычна не гавораць. Толькі на тэлеканале СТБ у перадачы Рыгора Азаронкапрагучала заява праўладнага палітолага Аляксея Дзерманта:
«Разганяецца тэма, што кіраўніцтва "Вагнера" ліквідавалі ў выніку канфлікту, які быў у Прыгожына з вайсковым кіраўніцтвам. Думаю, гэта глупства. На мой погляд, па-першае, была заява Буданава, украінскага тэрарыста, кіраўніка ГУР, які сказаў: глядзіце, у бліжэйшыя дні будуць нейкія падзеі. Пайшла версія, што выбуховае рэчыва было закладзена ў адсек шасі, быў выбух менавіта ў небе. Гэта быў тэрарыстычны акт. Выбухоўка была закладзена на зямлі, а выбух выраблены ўжо ў небе.
Каму гэта выгадна? Адразу скажу, што ні Уладзіміру Пуціну, ні вышэйшаму ваенна-палітычнаму кіраўніцтву гэта нявыгадна, таму што гэта выставіла б іх у святле непрывабным. Але ўкраінскім спецслужбам гэта выгадна, таму што абвінавачанні пасыпаліся б якраз у бок расійскага кіраўніцтва».
Глядзіце таксама
![Лукашэнка напружыўся пасля гібелі Прыгожына? Карбалевіч: «Кувалда Вагнера» можа пераўтварыцца для Лукашэнкі ў бумеранг](/img/v1/images/photo_441554.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Далей Дзермант працягнуў прасоўваць версію наконт дачынення да інцыдэнту Украіны і Захада, «каб паставіць на дыбкі Расію, каб узнік канфлікт паміж людзьмі, арміяй, прэзідэнтам»:
«Я думаю, спецыяльна і планавалі гэтую акцыю, каб выклікаць гэтыя супярэчнасці ўнутры Расіі. Але мне здаецца, гэта не атрымаецца. Думаю, ніхто не паверыць, што кіраўніцтва Расіі да гэтага датычнае, у тым ліку простыя людзі, просты народ, расійскі народ».
Акрамя таго, падобныя тэзісы прасоўваў яшчэ адзін праўладны палітолаг – Андрэй Лазуткін. Яго публікацыю ў «Мінскай праўдзе» пабачыла «Радыё Свабода». Лазуткін таксама выказаўся супраць версіі, што да гібелі Прыгожына могуць быць датычныя расійскія ўлады.
Глядзіце таксама
![Беларускі кіраўнік — майстар палітычнага прагноза Быў сябар Жэня — і няма больш сябра Жэні](/img/v1/images/20230624172518_6852.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Акрамя як на афіцыйных медыя, прапагандысты выказваліся на іншых пляцоўках, — у прыватнасці, у Telegram-каналах. Праўладны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі паспрабаваў растлумачыць, чаму гарантыі Аляксандра Лукашэнкі перад Прыгожыным аказаліся нявыкананымі:
«Беларускія гарантыі аб'ектыўна могуць распаўсюджвацца толькі на тэрыторыю нашай краіны. Усе "вагнераўцы", у розны час дыслакаваныя ў Беларусі, уключаючы Прыгожына і Уткіна, знаходзіліся ў поўнай бяспецы. Уся дзейнасць Прыгожына па-за межамі Беларусі знаходзілася па-за полем зроку і сферай адказнасці беларускай дзяржавы».
Падобныя тлумачэнні прасоўвалі і іншыя праўладныя Telegram-каналы, заўважыла «Зеркало».