Злучаныя Штаты распрацоўваюць новы мірны план па Украіне
ЗША распрацоўваюць новы падрабязны мірны план па Украіне, і накіравалі ў Кіеў дэлегацыю з Пентагона, якая мае ацаніць магчымасць перамоў Расіі і Украіны. А калі генералы арміі ЗША знаходзіліся ва Украіне, Расія нанесла чарговы масавы камбінаваны ўдар па украінскіх гарадах. Ідуць 1365-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 160 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 50 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Шахава, Новага Шахава, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Пакроўску, Зверава, Новаэканамічнага, Навапаўлаўкі, Котліна, Удачнага Філіі і іншых.
На Канстанцінаўскім і Гуляйпольскім кірунках зафіксавана па 19 боесутыкненняў на кожным.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 18 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Сасноўкі, Вербава, Аляксееўкі, Прывольнага і іншых.
Па сем атак расіян на кожным было спынена на Купянскім і Ліманскім кірунках.
* * *
- У ноч на 19 лістапада Расія нанесла камбінаваны ўдар па аб'ектах крытычнай інфраструктуры Украіны з прымяненнем ударных БпЛА, ракет паветранага і наземнага базіравання. Радыётэхнічнымі войскамі Паветраных Сіл здзейснена суправаджэнне 524 сродкаў паветранага нападу — 48 ракет і 476 БпЛА розных тыпаў:
- 476 ударных БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікі іншых тыпаў;
- 40 крылатых ракет Х-101;
- 7 крылатых ракет Калібр;
- 1 балістычная ракета Іскандэр-М.
Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 483 паветраныя цэлі:
- 442 варожыя БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікі іншых тыпаў;
- 34 крылатыя ракеты Х-101;
- 7 крылатых ракет Калібр.
Самыя крытычныя наступствы атакі — у Цярнопалі, дзе пашкоджаныя два жылыя 9-павярховыя дамы. У адным — пажар, у другім — разбурэнні з 3-га па 9-ы паверх. 10 чалавек загінула; 37 параненыя, з якіх 12 — дзеці. Ёсць людзі пад заваламі, выратавальная аперацыя працягваецца.
У Івана-Франкоўскай вобласці ў горадзе Бурштын ў выніку абстрэлу пацярпелі тры чалавекі, з іх двое дзяцей.
У Львоўскай вобласці працягваецца тушэнне складскіх памяшканняў на некалькіх лакацыях агульнай плошчай больш за 10 тысяч кв. м.
У Харкаў прыляцела 19 дронаў, пашкоджаны больш за 10 шматкватэрных дамоў, інфраструктура і транспарт. Параненыя 46 чалавек, сярод іх двое дзяцей.
Падчас начной камбінаванай атакі расіян на Украіну адзін беспілотнік на 8 кіламетраў заляцеў на тэрыторыю Румыніі, з-за чаго ў паветра падымалі самалёты F-16 і Eurofighter, паведаміла Міністэрства нацыянальнай абароны Румыніі.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп накіраваў высокапастаўленую дэлегацыю Міністэрства вайны ў Кіеў, піша The Wall Street Journal.
Як паведамляе выданне са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША, такі крок з'яўляецца апошняй спробай адміністрацыі Трампа аднавіць перамовы па спыненні вайны ва Украіне.
Міністр амерыканскай арміі Дэн Дрыскал разам з двума чатырохзоркавымі генераламі павінны правесці перамовы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і іншымі ўкраінскімі чыноўнікамі, а таксама высокапастаўленымі чыноўнікамі і прадстаўнікамі прамысловасці. Таксама вядома, што Дрыскал плануе сустрэцца і з расійскімі чыноўнікамі, але пазней.
«Рашэнне Белага дома звярнуцца да Дрыскала і высокапастаўленых чыноўнікаў часткова абумоўлена перакананнем, што Масква можа быць больш адкрытай да перамоваў пры ваенным пасрэдніцтве, а таксама расчараваннем у сувязі з тым, што шматлікія папярэднія спробы мала што далі», — піша выданне.
Высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі Трампа заявіў, што міністр Дрыскал едзе ва Украіну, каб азнаёміцца з фактамі на месцах. Мяркуецца, што ён будзе ўдзельнічаць у сустрэчах і дакладаць аб сваіх высновах Беламу дому.
«Прэзідэнт выразна даў зразумець, што прыйшоў час спыніць забойствы і заключыць пагадненне аб спыненні вайны», — паведаміў неназваны амерыканскі чыноўнік. Місія Дрыскала заключаецца ў аднаўленні мірных перамоў ад імя Трампа.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з камандай застаецца на сувязі са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам, але запланаваная іх сустрэча ў Турцыі не адбудзецца, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ярмака і Axios.
Андрэй Ярмак адзначыў, што знаходзіцца на пастаяннай сувязі з прадстаўнікамі адміністрацыі Дональда Трампа, у прыватнасці са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам. «Разам з амерыканскімі партнёрамі працуем над спыненнем расійскай агрэсіі супраць Украіны і дасягненнем справядлівага і ўстойлівага міру», — дадаў ён.
Па даных крыніц Axios, Уіткаф павінен быў сустрэцца з Зяленскім сёння ў Турцыі, але адклаў сваю паездку.
* * *
Адміністрацыя Трампа таемна кансультуецца з Расіяй, каб распрацаваць новы план па спыненні вайны ва Украіне. Ён будзе складацца з 28 пунктаў, піша Axios.
Крыніцы Axios расказалі, што 28 пунктаў плана можна падзяліць на чатыры асноўныя катэгорыі: мір ва Украіне; гарантыі бяспекі; бяспека ў Еўропе; будучыя адносіны ЗША з Расіяй і Украінай. Пры гэтым адзначаецца, што пакуль незразумела, як план падыходзіць да такога складанага пытання, як тэрыторыі.
Па словах амерыканскага чыноўніка, распрацоўкай плана кіруе спецпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткаф. Прычым ён ужо абмеркаваў яго з расійскім пасланнікам Кірылам Дзмітрыевым. Амерыканскі чыноўнік пацвердзіў выданню Axios, што Белы дом пачаў інфармаваць пра новы план не толькі ўкраінскіх, але і еўрапейскіх чыноўнікаў. Адміністрацыя Трампа лічыць, што ёсць рэальны шанец прыцягнуць на свой бок Украіну і еўрапейцаў, і што план будзе адаптавацца на аснове прапаноў розных бакоў.
«Мы лічым, што цяпер самы прыдатны час для рэалізацыі гэтага плана. Але абодва бакі павінны быць практычнымі і рэалістычнымі», — заявіў амерыканскі чыноўнік.
Axios адзначае, што ў сераду Уіткаф павінен быў сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Турцыі, аднак адклаў сваю паездку. Але ўказвае, што Уіткаф ужо абмеркаваў мірны план з сакратаром СНБА Рустэмам Умеравым на сустрэчы ў Маямі ў пачатку гэтага тыдня.