Новыя забароны, затрыманні і ціск на культуру. Хронікі рэпрэсій 26 лістапада
Беларускія ўлады працягваюць пашыраць «экстрэмісцкія» спісы, абмяжоўваць культуру і пераследаваць грамадзян. Пад забарону трапляюць медыя і радыёпраекты, кнігі і крамы, а журналістам і пенсіянерам выносяць новыя прысуды.

Чарговае папаўненне «Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі YouTube-каналы «БЕЛСАТ NOW», «жизнь-малина», старонка ў Instagram «getdonatehelp», Telegram-канал «Фашик Донецький», TikTok-канал «ЧестнОК LIVE», а таксама два YouTube-відэа: «Сделка Лукашенко с Трампом. Как в Беларуси освобождали и выдворяли политзаключенных» і «Лукашенко торгуется с Трампом. Что задумал диктатор и зачем он нужен США».
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» старонкі «Radio Plato»
Рашэнне прыняў суд Партызанскага раёна Мінска 19 лістапада. Пад забарону трапілі каналы радыё ў Telegram, Instagram, «Укантакце», а таксама сайт праекта.
У апісанні адзначана: «Radio Plato — гэта незалежнае інтэрнэт-радыё з Мінска. Мы пішам пра мясцовую музычную сцэну, вядзём перадачы і публікуем падкасты, каб умацоўваць супольнасць і папулярызаваць яе ва ўсім свеце».
258 кніг забаронена ў Беларусі з палітычных і ідэалагічных прычын
Паводле даных Беларускага ПЭН, спіс забароненых кніг вырас з 222 да 258 на сярэдзіну лістапада. Колькасць аўтараў павялічылася з 179 да 208.
Таксама вядома пра ліквідацыю мінімум пяці выдавецтваў за апошнія пяць гадоў і пра не менш як 33 людзей слова, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні.
Падоўжаны тэрмін утрымання пад вартай журналіста Паўла Дабравольскага
Паводле звестак @pozirkonline, тэрмін зняволення працягнуты да 22 снежня. Такім чынам, Павел правядзе за кратамі як мінімум 11 месяцаў.
Ён быў затрыманы 22 студзеня, праз дзесяць дзён пасля свайго 35-годдзя. Журналісту інкрымінавана «здрада дзяржаве», яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Міліцыя апячатала «Калядную Краму» пасля скандалу з ёлачнай цацкай
26 лістапада на дзвярах крамы з’явілася аб’ява пра апячатванне «па матэрыялах праверкі ад 14.11.2025», піша «Люстэрка».
Раней крама ўжо зачынялася на два дні «па тэхнічных прычынах». Прычынай увагі стала ёлачная цацка з партрэтам паэткі Ларысы Геніюш, якая выклікала крытыку прапагандыстаў. Спачатку абураны пост апублікавала Ксенія Лебедзева, потым яго падхапілі іншыя прадстаўнікі дзяржСМІ. Прапагандыстка Вольга Бондарава нават звярнулася ў міліцыю з даносам.
Праз некалькі гадзін пасля пачатку скандалу ўпрыгажэнні прыбралі з продажу.
69-гадовую мінчанку асудзілі за ўдзел у пратэстах
Ларыса Пракашка — выпускніца Інстытута культуры, бібліятэкарка па адукацыі. Жывучы на пенсіі, яна вядзе актыўны лад жыцця: наведвае тэатры і канцэрты, малюе, фатаграфуе і робіць падзелкі. Часам падарожнічае.
У 2025 годзе яе асудзілі паводле арт. 342 КК («дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Імаверна, гаворка ідзе пра ўдзел у акцыях пратэсту, піша «Наша Ніва». Жанчыне, верагодна, прызначылі «хатнюю хімію».