Лукашэнка гандлюе палітвязнямі, каб збегчы ад Пуціна да Трампа?
Падобна, Пуцін пачынае нешта падазраваць. Падазраваць тое, што Лукашэнка спрабуе зліняць ад Крамля да новага «стратэгічнага саюзніка». Лукашэнка пасля 2022-га спрабуе знайсці сабе новага «папіка» пастаянна, але раней гэта Маскву не асабліва турбавала. Цяпер, падобна, сітуацыя Крэмль злёгку напружвае. Напружвае яшчэ не сур'ёзна, але…

Пікет беларусаў ЗША за вызваленне палітвязняў. Крыніца: charter97.org
Лукашэнка і раней шукаў альтэрнатыву Расіі. Ён спрабаваў было легчы пад Кітай, але гэтыя спробы, па-першае, аказаліся бесперспектыўнымі, а па-другое, у Пуціна добрыя адносіны з Пекінам. Аднак цяпер афіцыйны Мінск пачаў гульню з расійскім «спрадвечным ворагам» — ЗША. І нягледзячы на тое, што цяперашні гаспадар Белага Дома Дональд Трамп усяляк распісвае Уладзіміра Пуціна як «свайго добрага сябра», наўрад ці ў Расіі падзяляюць такія пачуцці — з боку Трампа, можа быць, нават шчырыя.
Проста ў Расіі разумеюць, што праз тры гады ў Амерыцы будзе іншы прэзідэнт. А таму няма ніякіх падстаў мяняць уяўленне ў дачыненні да ЗША як да «ворага».
Лукашэнка на тыдні сустрэўся з Пуціным у Кыргызстане ў рэзідэнцыі «Ала-Арча». Там Пуцін, як пішуць СМІ, «прапанаваў Аляксандру Лукашэнку падзяліцца інфармацыяй пра яго ўзаемаадносіны з краінамі-суседзямі». «А я з задавальненнем праінфармую вас пра тое, што ў нас адбываецца ў напрамку дасягнення прымальных для нас вынікаў, шуканых для нас вынікаў мірнымі сродкамі на ўкраінскім напрамку», — адзначыў кіраўнік Расіі.
Вось гэта «прапанаваў падзяліцца інфармацыяй» моцна падобна на тое, што Пуцін насамрэч «заслухаў справаздачу» Лукашэнкі, як нейкага свайго васала або губернатара. Дый сам Лукашэнка замест таго, каб расказваць пра «краіны-суседзі», як прасіў Пуцін, раптам пачаў распавядаць кіраўніку РФ пра перамовы, якія ён вядзе з прадстаўнікамі ЗША, і запэўніваць, што гатовы прымаць сустрэчы паміж РФ, ЗША і Украінай у Мінску.
«Калі ў вас будзе жаданне вярнуцца ў Мінск зноў, гэта да месца будзе, вы ведаеце, мы заўсёды гатовыя. Што тычыцца Украіны, нас часта папракаюць, вы ведаеце, мы вядзём дыялогі з заходнікамі, з амерыканцамі, калі яны пачынаюць пра гэта казаць, я ім задаю пытанне: вы што, не ведалі, што мы не проста родныя людзі, у нас юрыдычна абгрунтаваныя дзеянні — мы ж саюзнікі!», — падлізваўся Лукашэнка.
Тут, як кажуць, балбатун — знаходка для шпіёна. Пуцін, як стары шпіён, з задавальненнем падбівае балбатуна-Лукашэнку, каб той пачаў казаць не пра тое, пра што яго пытаюць, а пра тое, што яго сапраўды хвалюе. І ў шпіёна-Пуціна гэта, мяркуючы па ўсім, атрымалася.
Хвалюецца Пуцін нездарма. Reuters на тыдні са спасылкай на «тры крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй», напісала, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўвае з беларускімі ўладамі магчымасць хуткага вызвалення не менш за 100 палітычных зняволеных.
Як адзначае Reuters, дыялог вядзецца «ў рамках працяглага збліжэння паміж ЗША і саюзнікам Расіі». Агенцтва ўдакладняе, што «хоць аўтарытарная дзяржава вызваліла дзясяткі затрыманых у некалькі этапаў з моманту ўступлення прэзідэнта Дональда Трампа на пасаду ў студзені, амерыканскія чыноўнікі хочуць дамагчыся вызвалення больш за 100 зняволеных у рамках адной здзелкі».
Амерыканскія чыноўнікі паведамілі агенцтву, што «ўзаемадзеянне адміністрацыі Трампа з Беларуссю з'яўляецца часткай доўгатэрміновай, больш шырокай стратэгіі па вываду Мінска з геапалітычнай арбіты Масквы, хай нават у нязначнай ступені». Па іх меркаванні, «нават нязначны зрух у бок Захаду будзе стратэгічнай перамогай, улічваючы, што Беларусь доўгі час была пастаяннай крыніцай раздражнення для НАТА і верным саюзнікам Расіі».
Цікава, што ў публікацыі Reuters нічога не гаворыцца пра тое, што ў выніку абмену 100 закладнікаў атрымае ад ЗША афіцыйны Мінск. Альбо гэта настолькі сакрэтна, што пра гэта не ведаюць нават «тры крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй», альбо гэта будзе «вялікі дзякуй». І хутчэй другое, чым першае.
Падобна, са Штатамі Лукашэнка трапіў у тую ж пастку, якую ён сам жа доўгі час расстаўляў (і, час ад часу, спрабуе расстаўляць зноў) для Пуціна. Гэтая пастка называецца «нешта ў абмен на пацалункі». Лукашэнка «ў абмен на пацалункі» і запэўніванні ў бясконцым славянскім братэрстве доўгі час атрымліваў ад Пуціна танныя газ і нафту. Пакуль Пуцін не зразумеў, што пацалункі мала манетызуюцца.
Цяпер Лукашэнка адпускае палітзняволеных — фактычна ў абмен на «пацалункі» з боку ЗША. Так, Штаты знялі санкцыі з прэзідэнцкага «Боінга» і «Белавія» — але беларуская авіякампанія ўсё роўна засталася пад санкцыямі ЕС. І, хоць «Боінг» збіраецца ў Амерыцы, усе крытычна важныя сістэмы, такія як авіёніка, рухавікі і шасі, у значнай ступені залежаць ад пастаўшчыкоў з Еўропы і Азіі.
Так, Трамп прызначыў спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі — Джона Коўла. Але пакуль — не больш.
Пуціна, верагодна, больш турбуе стратэгія ЗША па, як піша Reuters, «вываду Мінска з геапалітычнай арбіты Масквы». Асабліва пры тым, што Лукашэнка неаднаразова дэманстраваў, што рады б і сам куды-небудзь «вывесціся» — падалей ад такога «саюзніка». Але больш верагодна тое, што гэтага не атрымаецца пры жыцці і Пуціна, і Лукашэнкі.
Спробы адарваць Лукашэнку ад Расіі рабіліся неаднаразова, і ўсе яны, мякка кажучы, не былі паспяховымі. Таму што насамрэч, так, можна спрабаваць адарваць Лукашэнку ад Расіі. Але для гэтага трэба крыху іншае — трэба спачатку адарваць Расію з Лукашэнкі. А гэта немагчыма. Таму што Лукашэнка не ўяўляе сябе без Расіі, і разумее, што ён без Расіі — ніхто. Ён у прэзідэнты прыйшоў у 1994 годзе з прарасійскай рыторыкай, ён ва ўладзе трымаецца дзякуючы расійскім грошам і прэферэнцыям.
І нават у 2020 годзе ён пачаў будаваць сваю перадвыбарчую кампанію, спрабуючы зляпіць вобраз ворага з Расіі — памятаеце дзве сотні «вагнераўцаў», якія хаваліся ў лясах і перашкаджалі праводзіць «бітву за ўраджай»? А потым, калі ён разгромна прайграў хатняй гаспадыні ў першым туры (па даных незалежнага назірання і тых участкаў, на якіх галасы былі падлічаныя сумленна), ён кінуўся ратавацца ў абдымкі да Расіі.
І Расія яму дапамагла — грашыма, прапагандай, пагрозай уварвання «як ва Украіне». Так, у гэтых абдымках Лукашэнку ледзь не задушылі, — але ж не задушылі?
Адзіны спосаб ЗША адарваць Лукашэнку ад Расіі — гэта даць яму нейкія гарантыі бяспекі пасля таго, як Лукашэнка перастане быць прэзідэнтам. Але, па-першае, не падобна, каб Лукашэнка хацеў перастаць быць прэзідэнтам.
А па-другое, у Расіі ёсць «Навічок».