Бункер для дваіх: ці будуць Лукашэнка і Пуцін хавацца ад украінскіх дронаў 9 траўня.

Лукашэнка накіруецца ў Маскву на парад ужо сёння. Вечарам у яго запланавана «сяброўская вячэра» з Пуціным, падчас якой, як паведаміў памочнік расійскага лідара Юрый Ушакоў, кіраўнікі краін абмяркуюць «перспектывы развіцця нашых двухбаковых адносін і, адпаведна, міжнародныя, рэгіянальныя і іншыя праблемы». Але хутчэй за ўсё, сярод іншага, на вячэры Лукашэнка будзе прасіць Пуціна «ў выпадку чаго» схавацца ў ягоным бункеры.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Абстаноўка перад парадам 9 траўня ў Маскве нервовая. Украіна не прыняла расійскае «перамір'е» на 8–9 траўня. Пуцін асабіста прасіў Трампа пасадзейнічаць, каб у гэтыя дні на Маскву не ляцелі ўкраінскія дроны. Лідар Украіны Уладзімір Зяленскі, наадварот, усяляк запалохвае тым, што ўкраінскія БпЛА — ці не адзіная тэхніка, якая будзе ў гэтым парадзе ўдзельнічаць.

На гэтым фоне на парад у Маскву прыедуць, безумоўна, толькі тыя лідары дзяржаў і афіцыйныя асобы, якія Пуціну проста не могуць адмовіць ні пад якім соусам: як напрыклад, «прэзідэнт Абхазіі» Бадра Гунба або «прэзідэнт Паўднёвай Асеціі» Алан Гаглоеў.

Лукашэнка ў гэтым спісе першы — усе мы памятаем, як яго тузалі на парад ледзь не з бальнічнага ложка. А потым інтэрнэт абмяркоўваў, як доўга Лукашэнка працягне — настолькі хваравіты быў у яго выгляд.

І цяпер кіраўніку РБ зноў няма куды падзецца. Ён не можа, як Фіца, адмовіцца ад удзелу ў парадзе. Ці, як іншыя кіраўнікі дзяржаў, наогул не прыляцець.

Кампанію на парадзе двум суагрэсарам і двум «лідарам» непрызнаных рэспублік складуць прэзідэнт Лаоса Тхонглун Сісуліт і вярхоўны кіраўнік Малайзіі султан Ібрагім. А таксама, верагодна, кіраўніцтва Рэспублікі Сербскай на чале з прэзідэнтам Сінішам Каранам і былы кіраўнік гэтай рэспублікі Міларад Додзік.

За кампанію можна было б падцягнуць на Красную плошчу экс-прэзідэнтаў Украіны Віктара Януковіча і Кіргізіі Курманбека Бакіева. Але тады б, верагодна, на парад «зазірнулі» б не толькі ўкраінскія, але і кіргізскія дроны.

Зрэшты, калі б я быў на месцы Пуціна ў цяперашні момант, я б з сабой на парад Лукашэнку не браў бы, і правёў бы мерапрыемства альбо самотна, але ганарліва, альбо выключна са сваімі паплечнікамі. Таму што апошнім часам сам Лукашэнка падчас гэтых парадаў выглядае, мякка кажучы, не вельмі — ці то ён спатыкаецца на кожным кроку, а часам і не можа дайсці да помніка Невядомаму салдату — яго даводзіцца вазіць на электрацялежцы.

Пагадзіцеся, разваліна-Лукашэнка не лепшым чынам адбіваецца на Пуціне, які дагэтуль спрабуе гуляць у «мачызм». Пуцін выглядае пры Лукашэнку гэткай «сядзелкай», якая глядзіць, каб яе падапечны не загнуўся ад празмернай нагрузкі на арганізм. Людзі могуць падумаць: а кім гэта правадыр Расіі сябе акружае, лепшых не знайшлося, ці што?

Але лепшых сапраўды не знайшлося. Лукашэнку прыйдзецца ехаць на Красную плошчу — выбару ў яго даўно няма. Калі ён туды паедзе, ён, тэарэтычна, вядома, можа адтуль не вярнуцца з-за прылёту якога-небудзь «Фламінга». А калі не паедзе, то ён рызыкуе не вярнуцца дадому чыста практычна: яго па загадзе з Масквы і ў Беларусі проста ўдушаць.

Нельга злаваць Пуціна, асабліва ў сітуацыі, калі незразумела, каму беларускія сілавікі падпарадкоўваюцца больш — Лукашэнку ці Пуціну.

Але, хутчэй за ўсё, Красная плошча 9 траўня будзе ўсё ж такі бяспечным месцам. Проста таму, што ва Украіны ёсць мэты значна больш прыярытэтныя, чым два састарэлыя дыктатары. Асабліва ва ўмовах, калі ў Маскву будзе сцягнута ўсё расійскае СПА, і можна практычна без перашкод навесці шораху на чарговым стратэгічным аэрадроме, чарговай нафтаперавалачнай станцыі ці чарговым заводзе, які выпускае кампаненты для дронаў і ракет, што штодня атакуюць Украіну.

Таму што скарачэнне патэнцыялу расійскага ВПК — гэта захаваныя жыцці ва Украіне як на фронце, так і ў тыле. Я думаю, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і яго камандаванне гэта разумеюць, і ўжо адзначылі крыжыкамі на карце месцы патэнцыйных «дальнабойных санкцый». І Красная плошча ў гэтыя месцы наўрад ці ўваходзіць.

Ударыць па Краснай плошчы падчас парада было б прыгожа, але дурна. Бо раз'юшаны Пуцін можа ўключыць і тактычную ядзерную «адказачку» — калі ён будзе не ў сабе. І тут будзе толькі адно пытанне: ці паспее хтосьці з атачэння расійскага дыктатара схапіць яго ў гэты момант за руку і забяспечыць Пуціну ў далейшым пакой з мяккімі сценамі.

У любым выпадку, сёлетні парад у Маскве будзе ўяўляць сабою сумнае відовішча — збор лузераў. Лукашэнка не паехаць на гэты збор проста не зможа — не мае права, што аўтаматычна ўключае нашага «моцнага гаспадарніка» ў вышэйпазначаную катэгорыю.

Насамрэч, Лукашэнка можа і не паляцець да Пуціна па той прычыне, што Пуцін яго не прыме. Але для гэтага беларускі кіраўнік павінен папрасіць аб дапамозе свайго паўднёвага суседа — Уладзіміра Зяленскага.

Напрыклад, раніцай 7 траўня праз часова закрытае неба над часткай Масквы былі адменены два рэйсы «Белавія». Прэс-служба аэрапорта Унукава паведаміла, што аб'ект часова закрыты «ў мэтах забеспячэння бяспекі палётаў». Верагодна, гэта звязана з беспілотнай актыўнасцю. Расійскія ўлады і СМІ абвінавацілі Украіну ў атацы дронамі.

Калі Аляксандр Лукашэнка добра папросіць Уладзіміра Зяленскага, той напэўна можа забяспечыць «закрытае неба» над Масквой для лукашэнкаўскага «Боінга». І тады Рыгоравіч будзе біць сябе пяткай у грудзі і крычаць Пуціну: «Валодзя, я б рад, але ты ж бачыш, гэтыя дроны!»

І ў Лукашэнкі ёсць канал выхаду на Зяленскага — праз палепшаныя адносіны са Штатамі. Праўда, Штатам прыйдзецца паабяцаць выпусціць яшчэ палітзняволеных, дый Зяленскі чаго-небудзь запатрабуе… Але хіба бяспека гэтага не каштуе?

Ці дадумаюцца да гэтага кроку ў Адміністрацыі Лукашэнкі? І ці паспеюць за астатнія гадзіны?