Пуціну важней парад: РФ праігнаравала прапанаваны Украінай «рэжым цішыні»
Расія праігнаравала прапанаваны прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім «рэжым цішыні» на 6 траўня, і нанесла паветраныя ўдары па Украіне. Гэта пацвярджае, што кіраўніцтва РФ не настроенае на спыненне вайны, а пуцінскае «перамір'е» 8-9 траўня скіраванае толькі на тое, каб спакойна правесці парад ў Маскве, і з мірам не мае нічога агульнага. Ідуць 1533-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 186 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 50 штурмаў расіян у раёнах Зацішак, Радзінскага, Пакроўску, Маладзецкага, Новааляксандраўкі, Котліна, Удачнага, Мураўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 24 атакі арміі РФ у бок Варвараўкі, Стараўкраінкі, Залізнічнага, Горкага, Прылук, Аленаканстанцінаўкі, Гуляйпольскага, Чароўнага.
На Аляксандраўскім і Канстанцінаўскім кірунках расійцы атакавалі па 14 разоў на кожным.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 12 разоў штурмавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Ваўчанску, Ваўчанскіх Хутароў, Ахрымаўкі, Старыцы, Ліману і ў кірунку Ізбіцкага.
* * *
Расійскія войскі за мінулыя суткі працягнулі прасоўванне ў раёне вёскі Пясчанае ў Харкаўскай вобласці і каля горада Радзінскага Данецкай вобласці, паведамляе OSINT-праект DeepState.
У Пясчаным тэрыторыя кантролю арміі РФ павялічана на 3,36 кв. км у так званай чырвонай зоне, тады як шэрая зона распаўсюдзілася на 3,08 кв. км. Каля Радзінскага кантроль расійцаў вырас на 0,22 кв. км у чырвонай зоне, а шэрая зона ў гэтым раёне скарацілася на тыя ж 0,22 кв. км.
У цэлым плошча тэрыторый пад кантролем расіян павялічылася на 3,58 кв. км, а зона актыўных баявых дзеянняў (шэрая зона) вырасла на 2,86 кв. км.
* * *
У ноч на 6 траўня Расія атакавала Украіну двума балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М», адной кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-31, а таксама 108 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 89 БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронаў-імітатараў «Пародыя» на поўначы і ўсходзе краіны. Атака працягваецца, у паветранай прасторы Украіны некалькі БпЛА.
Расійскія войскі нанеслі ўдары па горадзе Запарожжа. Пад атакай апынуўся аб’ект крытычнай інфраструктуры, абышлося без пацярпелых.
Расійскія войскі ўвечары 5 траўня нанеслі ракетны ўдар па Дняпры. Вядома пра чатырох загінулых, 16 чалавек атрымалі раненні.
Раніцай 6 траўня расіяне атакавалі Харкаў беспілотнікамі — удары зафіксаваны ў Навабаварскім і Шаўчэнкаўскім раёнах, пацярпелі 2 чалавекі.
* * *
* * *
Расійскія прапановы аб увядзенні перамір’я 9 траўня не маюць нічога агульнага з прапановамі міру, паколькі Масква парушыла рэжым цішыні, ініцыяваны Украінай з пачатку сутак 6 траўня, заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
«Масква ў які раз праігнаравала рэалістычны і справядлівы заклік да спынення баявых дзеянняў, падтрыманы іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі», — сказаў украінскі дыпламат.
Ён адзначыў, што атака БпЛА па Украіне была ўсю ноч і працягваюцца раніцай. «Гэта сведчыць, што Расія адхіляе мір, а яе фальшывыя заклікі да спынення агню 9 траўня не маюць нічога агульнага з дыпламатыяй. Пуціна цікавяць толькі ваенныя парады, а не чалавечыя жыцці», — падкрэсліў Сібіга.
* * *
Гаспадар Крамля Уладзімір Пуцін не здольны надзейна абараніць ні Маскву, ні тылавыя раёны. Менавіта так варта разглядаць пагрозы РФ Украіне «адпаведнымі мерамі» ў выпадку «правакацый» падчас параду 9 траўня, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Пуцін, на думку экспертаў, упарта трымаецца за парад, бо не хоча прызнаваць, што Украіна ўжо даўно перанесла вайну на тэрыторыю самой Расіі.
Парад у гэтым годзе 9 траўня ў Маскве будзе самым сціплым за апошнія гады. Ніводнай ваеннай тэхнікі — толькі калона вайскоўцаў, якая пройдзе маршам. Колькасць гасцей скарацілася да некалькіх соцень замест звыклых тысяч, а само мерапрыемства працягнецца менш за гадзіну.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на адкрыцці VIII саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване заявіў, што над парадам могуць з’явіцца ўкраінскія дроны. «Гэта будзе ўпершыню за шмат гадоў, калі яны не могуць сабе дазволіць прысутнасць узбраення на парадзе. Гэта паказвае, што яны ўжо не настолькі моцныя, як раней. Мы павінны працягваць ціснуць на іх санкцыямі», — сказаў Зяленскі.
У адказ член камітэта Дзярждумы РФ па абароне Андрэй Калеснік прыгразіў Украіне «непазбежным адказам» у выпадку любых «правакацый» падчас параду.
* * *
Расія пашырае сетку вярбоўкі замежнікаў для ўдзелу ў вайне ва Украіне. Пад выглядам прапаноў аб працы Крэмль усё больш актыўна прыцягвае грамадзян афрыканскіх краін, піша Foreign Policy.
Шырока вядомы выпадак грамадзяніна Кеніі Клінтана Магесы, які пасля завяршэння працы ў Катары паведаміў сям’і аб новай вакансіі ў Расіі, — аднак праз некалькі дзён апынуўся на ваеннай падрыхтоўцы, а ў далейшым ўкраінская разведка пацвердзіла гібель кенійца на тэрыторыі Украіны. Паводле даных украінскіх крыніц, пры ім былі дакументы іншых суайчыннікаў, якія маглі быць завербаваныя па аналагічнай схеме.
Паводле даных кенійскіх улад, больш за 1000 грамадзян краіны ўжо былі прыцягнутыя да гэтай сістэмы. Вярбоўка адбываецца праз мясцовыя агенцтвы і пасярэднікаў, якія прапануюць працу кіроўцамі, кухарамі або абслуговаючым персаналам. Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі «Голас Афрыкі» Фрэд Оджыра адзначыў: «Гэта не салдаты, якія свядома пайшлі ваяваць. Гэта маладыя людзі, якія думалі, што едуць на звычайную працу».
Паводле ацэнак украінскай разведкі, Масква плануе прыцягнуць не менш за 18500 замежных байцоў у 2026 годзе. Хаця доля замежнікаў у арміі РФ застаецца адносна невялікай, іх роля расце на фоне значных страт.
Пасольства РФ у Найробі адхіляе абвінавачванні ў незаконнай вярбоўцы, заяўляючы, што замежнікі могуць уступаць у армію добраахвотна пры ўмове легальнага знаходжання ў Расіі.
Паводле даных украінскіх дыпламатаў, сярод тых, хто ваюе на баку Расіі, былі заўважаны грамадзяне па меншай меры 36 афрыканскіх краін — пры тым, што ў Афрыцы ўсяго 55 прызнаных ААН дзяржаў.
* * *
Малавядомыя невялікія кітайскія кампаніі адкрыта экспартуюць кампаненты для дронаў двайнога прызначэння, уключаючы рухавікі, акумулятары, валаконна-аптычныя кабелі і мікрасхемы, у Іран і Расію, насуперак санкцыям ЗША, піша The Wall Street Journal.
Кампанія Xiamen Victory Technology нават рэкламавала рухавікі нямецкай распрацоўкі Limbach L550, якія выкарыстоўваюцца ў «Шахедах». Журналісты знайшлі на вэб-сайце гэтай кампаніі выяву «Шахеда», размешчаную прама побач з рэкламным лозунгам: «Інавацыйныя рашэнні для авіяцыйных рухавікоў».
Згодна з мытнымі данымі Кітая, сотні кантэйнераў з такімі таварамі пастаўляюцца ў Расію і Іран. Сярод іх — рухавікі, аптычна-валаконныя кабелі, гіраскопы і літый-іонныя батарэі.
Расследаванні паказалі, што значная частка дэталяў праходзіць праз дыстрыб’ютараў у мацерыковым Кітаі і Ганконгу, адкуль адпраўляецца канчатковым атрымальнікам. Аплата звычайна ажыццяўляецца праз падстаўныя кампаніі, якія лёгка рэгіструюцца ў Ганконгу і дазваляюць схаваць рэальных заказчыкаў.
Паводле WSJ і аналітычных груп, сумы паставак вылічаюцца сотнямі мільёнаў долараў. Толькі з 2023 па 2024 год кітайскія кампаніі напрамую паставілі расійскім падсанкцыйным фірмам дэталяў і матэрыялаў для вытворчасці дронаў на суму не менш за 63 млн долараў.
Амерыканскія чыноўнікі кажуць, што спыніць гандаль цяжка, паколькі дроны залежаць ад звычайных камерцыйных дэталяў, якія лёгка перамяшчаць праз глабальныя ланцугі паставак.
Раней заходняя прэса ўжо неаднаразова пісала, што шэраг кітайскіх кампаній пастаўляе ў Расію прадукцыю двайнога прызначэння, якую можна выкарыстоўваць у ваеннай вытворчасці. Паводле даных The Economist, Пекін стаў галоўным пастаўшчыком РФ і мог перадаць нават лятальную зброю.
* * *
Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўхваліў патэнцыйны продаж Украіне камплектаў Joint Direct Attack Munition (JDAM) з павялічаным радыусам дзеяння і спадарожнага абсталявання на 373,6 млн долараў, паведамляе Reuters.
Камплекты JDAM усталёўваюцца на некіраваныя авіябомбы і ператвараюць іх у кіраваныя, забяспечваючы магчымасць дакладнага паражэння цэляў. Вытворцам з’яўляецца Boeing, якая таксама вызначана галоўным выканаўцам заказу.
У Дзярждэпе ЗША заявілі, што Кіеў звярнуўся з просьбай аб 1200 камплектах хваставых частак для боепрыпасаў сумеснага прамога ўдару (JDAM) тыпу KMU-572 і 332 камплектах хваставых частак для JDAM тыпу KMU-556.