Украіна ініцыюе на фронце «рэжым цішыні», не чакаючы параду ў Маскве
Крокі Расіі ў адказ на гэтую ініцыятыву пакажуць, ці гатовая РФ да сапраўднага спынення агню, альбо «перамір'ем» на 9 траўня толькі абараняе ад атак парад у Маскве. У той жа час на парад сцягваюць дзейсных ваенных з Украіны. Цікава, колькі з іх вернецца на фронт, а колькі проста збяжыць? Ідуць 1532-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 149 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 траўня.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 29 атак расіян у раёнах Варвараўкі, Дабраполля, Залізнічнага, Горкага, Стараўкраінкі, Аленаканстанцінаўкі, Святапятроўкі, Чароўнага і іншых.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 24 штурмы расійцаў у раёнах Біліцкага, Пакроўску, Грышына, Радзінскага, Удачнага, Новапаўлаўкі, Новааляксандраўкі, Маладзецкага, Новамікалаеўкі і Мураўкт.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 16 атак паблізу Канстанцінаўкі, Тарэцкага, Іллінаўкі, Плешчыеўкі і Сцяпанаўкі.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі сем разоў, на Ліманскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі шэсць атак.
* * *
У выніку расійскага камбінаванага ракетна-дронавага ўдару па Палтаўскай вобласці ўначы 5 траўня чатыры чалавекі загінулі і яшчэ 31 пацярпеў. У выніку атакі пашкоджана прамысловае прадпрыемства і чыгуначная інфраструктура. Без газазабеспячэння засталіся 3480 абанентаў.
Тры чалавекі пацярпелі ў выніку расійскіх удараў па Кіеўскай вобласці ўначы 5 траўня. Расіяне патрапілі ў жылы сектар Браварскога раёна – траўмаваныя два чалавекі. Таксама ў выніку абстрэлу ўзнік пажар на прамысловым аб’екце ў Вышгарадскім раёне, там пацярпеў адзін чалавек.
У Чэбаксарах — сталіцы Чувашскай Рэспублікі РФ — украінская ракета трапіла ў абароннае прадпрыемства «УНДІР-Прагрэс», паведамляюць расійскія паблікі.
«УНДІР-Прагрэс» уваходзіць у склад вытворчага аб’яднання «АБС Электра», ён вырабляе для расійскай арміі антэны «Камета», якія абараняюць дроны УС РФ ад украінскіх сродкаў РЭБ.
У Ленінградскай вобласці Расіі заявілі пра атаку дронаў у ноч на 5 траўня, у выніку якой узнік пажар у Кірышах, дзе размешчаны адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў РФ.
У ноч на 5 траўня ў 18 рэгіёнах Расіі, у тым ліку ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе за 2 тысячы кіламетраў ад Украіны, абвяшчалі паветраную трывогу. У 18 аэрапортах уводзілі абмежаванні на палёты.
* * *
* * *
Украіна ініцыюе рэжым цішыні ў баявых дзеяннях на фоне ідэі Масквы аб перамір’і на «Дзень перамогі». Ён пачнецца ў ноч на 6 траўня, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле слоў кіраўніка Украіны, да Украіны па стане на сёння не было ніводнага афіцыйнага звароту па мадальнасці спынення баявых дзеянняў, пра якія абвясціла Расія. «Мы лічым, што чалавечае жыццё з’яўляецца непараўнальна большай каштоўнасцю, чым "святкаванне" любой гадавіны. У сувязі з чым абвяшчаем пра рэжым цішыні, пачынаючы з 00:00 у ноч з 5 на 6 траўня», — сказаў Зяленскі.
Паводле яго слоў, за час, які застаўся да гэтага моманту, рэалістычна забяспечыць надыход цішыні. Украіна будзе дзейнічаць люстэркава.
«Час расійскім кіраўнікам рабіць рэальныя крокі для завяршэння іх вайны, калі ўжо расійскае міністэрства абароны лічыць, што не правядзе парад у Маскве без добрай волі Украіны», — звярнуў увагу прэзідэнт Украіны.
Нагадаем, на мінулым тыдні Уладзімір Пуцін у часе размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам заявіў аб гатоўнасці ўсталяваць перамір’е з Украінай на «дзень перамогі». Украінскія афіцыйныя асобы і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначылі, што такім чынам Пуцін хоча засцерагчы ад удараў ваенны парад на Чырвонай плошчы, які запланаваны на 9 траўня.
4 траўня Мінабароны РФ заявіла, што Пуцін загадаў спыніць агонь ва Украіне 8-9 траўня і прыгразілі, што калі Украіна не захоча ўсталёўваць перамір’е, РФ нанясе масіраваны ракетны ўдар па цэнтры Кіева.
Як адзначыў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга, свет не можа чакаць «парадаў і святаў», і калі Масква гатовая спыніць баявыя дзеянні, яна можа зрабіць гэта 5 траўня.
«6 траўня пакажа, ці настроена Масква сур’ёзна і чаго яна сапраўды хоча — міру ці ваенных парадаў», — сказаў ён.
* * *
Крэмль забірае з фронту лепшых салдат, каб паказаць іх на шоу ў Маскве — на парадзе 9 траўня. У выніку застаюцца неспрактыкаваныя, з-за чаго страты павялічваюцца, паведамляе ўкраінскі партызанскі рух АТЭШ у Telegram.
«Агенты АТЭШ паведамляюць, што на Канстанцінаўскім кірунку ў 4-й АМБр і 1-м мотастралковым палку напярэдадні параду Перамогі 9 траўня з фронту масава выводзяць боездатных ваеннаслужачых», — гаворыцца ў паведамленні.
Расіян перакідваюць у тыл для рэпетыцый і падрыхтоўкі да параду ў Маскве, пакідаючы пазіцыі на перадавой у руках тых, хто застаўся. «Фронт трымаецца на "рэзерве" з тых, хто ледзь здольны ваяваць, што прыводзіць да поўнага хаосу ў абароне», — паведамілі ў АТЭШ.
«Кідаюць у атакі натоўпы непадрыхтаваных салдат, каб хоць неяк кампенсаваць нястачу прафесіяналаў. Вынік прадказальны — колькасць "200" (забітых) і "300" (параненых) рэзка ўзрасла, страты б’юць рэкорды, а мараль у падраздзяленнях на нулі», — дадалі партызаны.
* * *
Украіна фіксуе развіццё ваеннай лагістыкі і інфраструктуры ў Беларусі, якая ў будучыні можа быць выкарыстана ў каардынацыі з РФ, заявіў прадстаўнік ДПСУ Андрэй Дземчанка.
Паводле слоў прадстаўніка пагранічнай службы, гаворка ідзе пра развіццё маршрутаў і аб’ектаў, якія патэнцыйна ўзмацняюць ваенныя магчымасці суседняй краіны. Гэтыя рэсурсы ў перспектыве могуць прымяняцца ў сумесных дзеяннях з расійскімі войскамі.
Пакуль Расія не трымае ў Беларусі груповак, здольных на прамое ўварванне. Аднак адпаведныя інфраструктурныя магчымасці захоўваюцца.
Дземчанка адзначыў, што Украіна праводзіць пастаянны маніторынг абстаноўкі. Разведка і ДПСУ адсочваюць любыя змены, каб быць гатовымі да магчымых правакацый ці іншых варожых сцэнарыяў паблізу дзяржаўнай мяжы.
Нагадаем, 2 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што на мяжы Украіны і Беларусі была заўважана «спецыфічная» актыўнасць з боку беларусаў. Паводле яго слоў, Украіна ў выпадку чаго гатова рэагаваць.