Расіяне ва Украіне ў красавіку страцілі тэрыторыі, а не захапілі іх — упершыню з 2024 года

Замест чаканых захопаў армія РФ зафіксавала ў красавіку чыстую страту кантраляваных тэрыторый — украінскія абаронцы адбілі 116 квадратных кіламетраў. Гэта адбылося без маштабных контратакуючых аперацый. Армія РФ знясільваецца, і таму імкнецца ўцягнуць у вайну Беларусь. Ідуць 1530-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: GettyImages

Фота: GettyImages

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 141 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіне спынілі 26 штурмаў расіян ў бок Біліцкага, Новага Шахавага, Радзінскага, Удачнага, Пакроўску, Котліна, Мураўкі, Маладзецкага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 20 атак расіян у раёнах Дабраполля, Залізнічнага, Святапятроўкі, Стараўкраінкі, Чароўнага, Варвараўкі, Прылук і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі.

На Аляксандраўскім, Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па шэсць боесутыкненняў на кожным.

* * *

Украінскія вайскоўцы абверглі заявы Мінабароны РФ аб нібыта захопе вёскі Міраполле ў Сумскай вобласці. «У які раз абвяргаем расійскія фантазіі. На гэты раз варожае мінабароны заявіла пра захоп вёскі Міраполле на Сумшчыне. Афіцыйна заяўляем, што гэта адкрытая хлусня», — гаворыцца ў паведамленні Групоўкі войскаў «Курск».

Ва УСУ запэўнілі, што яны кантралююць раён, прасоўвання ворага няма, штурмавых дзеянняў у гэтым раёне не фіксавалася на працягу апошніх некалькіх дзён.

На думку вайскоўцаў, пры набліжэнні 9 траўня кіраўніцтва арміі РФ зноў звяртаецца да інфармацыйных укідаў пра нібыта захоп населеных пунктаў. «Падазраем, што да 9 траўня расійскае мінабароны адсправаздачыцца аб захопе ўсёй Сумскай вобласці. Працягваем працаваць і інфармаваць аб тым, што адбываецца насамрэч», — адзначылі ва УСУ, заклікаўшы давяраць толькі афіцыйным крыніцам.

* * *

Расійскія войскі ў красавіку 2026 года прадэманстравалі адмоўную дынаміку на фронце. Замест чаканых захопаў армія РФ зафіксавала чыстую страту кантраляваных тэрыторый, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Паводле даных справаздачы, расіяне на працягу красавіка страцілі кантроль над 116 квадратнымі кіламетрамі. Такога не здаралася са жніўня 2024 года, калі УСУ пачалі аперацыю ў Курскай вобласці.

Тэмпы расійскага прасоўвання падаюць, і гэты працэс пачаўся яшчэ ў лістападзе 2025 года. УСУ праводзяць паспяховыя наземныя контратакі. Дакладныя ўдары на сярэднюю адлегласць выбіваюць лагістыку. Расіяне вымушаны абараняцца там, дзе планавалі атакаваць.

Ваенная машына РФ пачала даваць збоі з-за адключэння Starlink, блакіроўкі Telegram і ўкраінскіх удараў па складах і штабах, якія сталі больш балючымі. Гэта пагоршыла і без таго хранічныя праблемы расійскай арміі. Без стабільнай сувязі каардынацыя наступу стала амаль немагчымай, адзначаюць у ISW.

Аналітыкі ISW заўважаюць, што звычайна расіяне спрабуюць аднавіць актыўнасць у траўні, аднак ці хопіць ім рэсурсаў на гэты раз — пытанне.

* * *

У ноч на 3 траўня Расія атакавала Украіну балістычнай ракетай «Іскандэр-М» і 268 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падоўлена 249 БпЛА на поўначы, поўдні, захадзе і ўсходзе краіны. Атака працягваецца, у паветранай прасторы некалькі БпЛА, адзначаюць Паветраныя сілы Украіны.

Увечары ў суботу расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар і ўдары дронамі па грамадзянскай інфраструктуры ў Сумскай вобласці. Вядома пра дзевяць пацярпелых, трое з іх дзеці.

У Кіеве ўвечары 2 траўня былі выбухі: горад атакавалі беспілотнікі, пра наступствы не паведамляецца.

Расійскія войскі больш за 10 разоў атакавалі дронамі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, у выніку чаго адзін чалавек пацярпеў.

Расійскія ўлады заявілі пра масіраваную атаку дронаў у ноч на 3 траўня ў Ленінградскай вобласці. Над рэгіёнам нібыта збілі 51 беспілотнік. З-за гэтага пецярбургскі аэрапорт Пулкава часова прыпыняў працу.

* * * 

688811678_1323773356602406_2099757953637907006_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце ў суботу заявіў, што на мяжы Украіны і Беларусі была заўважана «спецыфічная» актыўнасць з боку РБ. Ён падкрэсліў, што Украіна ўсё кантралюе і ў выпадку чаго гатова рэагаваць.

«Напярэдадні была даволі спецыфічная актыўнасць на участках мяжы Украіны і Беларусі — з боку Беларусі. Уважліва ўсё фіксуем, усё кантралюем і, калі будзе патрэбна, мы будзем рэагаваць», — сказаў ён.

Зяленскі дадаў, што Украіна гатовая абараняць сваіх людзей і свой суверэнітэт. Ён падкрэсліў, што гэта павінен разумець кожны, «каго спрабуюць уцягваць у любую агрэсіўную актыўнасць супраць Украіны».

На сітуацыю адрэагаваў таксама кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры СНБА Украіны Андрэй Каваленка. «Адносна Беларусі — усе іх дзеянні ў прымежжы фіксуюцца, па стане на зараз з таго боку магчымыя хіба дробныя правакацыі, якія будуць каштаваць даражэй менавіта беларускаму боку. Не больш», — напісаў ён у Telegram.

Нагадаем, некалькі тыдняў таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэдзіў, што Расія будзе спрабаваць уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны.

* * *

Францыя і Германія прапануюць Украіне «асацыяванае сяброўства» ў ЕС — без права голасу, але з месцамі ў інстытуцыях ЕС, піша Financial Times.

ЕС да гэтага часу не мае выразнага адказу на пытанне, як інтэграваць Украіну ў блок. Паўнавартаснае ўступленне зойме 10-15 гадоў, а прапанаваныя нестандартныя рашэнні выклікаюць спрэчкі, адзначае выданне.

Украіна атрымала статус кандыдата на ўступленне ў ЕС у чэрвені 2022 года. Але стандартная працэдура ўступлення не адпавядае тэрміновасці задачы — паводле ацэнак Еўракамісіі, поўнае выкананне патрабаванняў сяброўства зойме 10-15 гадоў. Дадатковую складанасць стварае вопыт Венгрыі: адкат ад дэмакратыі пры Орбане зрабіў многія сталіцы ЕС больш асцярожнымі ў дачыненні да прыняцця новых членаў.

Калі амерыканскія і ўкраінскія перамоўшчыкі ўключылі ўступленне ў ЕС у 2027 годзе ў мірную прапанову, гэта справакавала паніку ў Еўракамісіі. Чыноўнікі на хуткую руку скляпалі канцэпцыю «зваротнага пашырэння»: Украіна фармальна ўступае раней з абмежаванымі правамі, якія пашыраюцца па меры выканання рэформаў. Аднак падрыхтоўка правалілася — крытыкі назвалі гэты падыход дыскрымінацыйным для іншых кандыдатаў.

Цяпер Францыя і Германія — асобна адна ад адной, што паказальна — прапанавалі «асацыяванае сяброўства». Украіна атрымлівала б месцы ў Савеце міністраў і Еўрапарламенце без права голасу, паступова інтэгравалася б у агульны рынак і іншыя праграмы ЕС, але без ранняга доступу да сельскагаспадарчых і рэгіянальных субсідый.

Прыхільнікі лічаць, што гэта дае Украіне «рэальную перспектыву сяброўства» і рыхтуе грамадскую думку ў ЕС. Францыя і Германія таксама падтрымліваюць уключэнне Украіны ў артыкул аб узаемнай абароне ЕС. Сярод іншых варыянтаў — больш глыбокае абаронна-прамысловае супрацоўніцтва, доўгатэрміновая фінансавая падтрымка арміі і сяброўства ў новым Еўрапейскім савеце бяспекі разам з Вялікабрытаніяй і іншымі саюзнікамі.

* * *

Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца пасля тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім зрабіў заявы, якія адрозніваюцца ад яго звыклай рыторыкі ў дачыненні да Украіны. Славацкі прэм’ер адзначыў, што нягледзячы на тое, што ў яго і Зяленскага розныя меркаванні па некаторых тэмах — у іх ёсць агульны інтарэс, які заключаецца ў «добрых і сяброўскіх адносінах Славакіі і Украіны».

Ён пацвердзіў, што Браціслава падтрымлівае амбіцыі Кіева ўступіць у ЕС, бо Славакія хоча, каб Украіна «была стабільнай і дэмакратычнай краінай». «Таксама я падкрэсліў, што ніякае мірнае пагадненне ў ваенным канфлікце з Расійскай Федэрацыяй немагчымае без згоды ўкраінскага боку», — напісаў Фіца.

Фіца і Зяленскі дамовіліся працягваць працу ў фармаце сумесных урадавых пасяджэнняў і нават абмяняюцца візітамі ў сталіцы дзвюх краін.