ISW: «ядзерныя» вучэнні паказваюць узмацненне кантролю Расіі над Беларуссю
Крэмль кантралюе Беларусь у вайсковым плане, і будзе рабіць гэта і надалей, лічаць эксперты ISW. Таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэджвае беларускі рэжым «ударам у адказ» і ўзмацняе мяжу. А ў міжнародных структурах ужо кажуць пра «пералом» ў вайне. Ідуць 1549-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Малюнак: штучны інтэлект
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 253 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 52 штурмы расіянў бок Зацішак, Ніканораўкі, Радзінскага, Грышына, Котліна, Каменкі, Сяргееўкі, Удачнага, Маладзецкага, Біліцкага, Шаўчэнка, Мірнага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 28 атак у бок Новага Запарожжа, Дабраполля, Рыбнага, Злагоды, Залізнічнага, Цвятковага, Уздвіжаўкі, Верхняй Тэрсы, Стараўкраінкі, Гуляйпольскага і Чароўнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 25 атак у раёнах Іванаполля, Іллінаўкі, Плешчыеўкі, Вольнага, Тарэцкага, Русінага Яру, Сцяпанаўкі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 10 разоў атакаваў пазіцыі УСУ у раёнах Ліману, Вільчы, Сінельнікава, Ваўчанскіх Хутароў.
На Аляксандраўскім і Ліманскім кірунках армія РФ атакавала па сем разоў на кожным.
* * *
Задачай расійскіх войскаў на найбліжэйшую будучыню з’яўляецца захоп аднаго з двух абласных цэнтраў. Сілы абароны Украіны фіксуюць спробы арміі РФ прасунуцца ў кірунку аднаго з іх, заявіў прадстаўнік 8-га корпуса ДШВ Украіны Вадзім Карпяк у эфіры Адзіных навін.
Паводле яго слоў, расіяне будуць спрабаваць захапіць Сумы і Харкаў. Украінскія вайскоўцы фіксуюць спробы акупантаў прасунуцца як мага бліжэй да Сум, якія цяпер знаходзяцца ў зоне адказнасці дэсантнікаў.
«Іх мэта, як мінімум, захапіць Сумы, як абласны цэнтр. Ім гэта, вядома, не ўдаецца. Але ніхто не сказаў, што яны адмовіліся ад гэтай гісторыі», — адзначыў Карпяк.
Паводле яго слоў, Расія хацела б захапіць столькі, колькі зможа. Расіяне не спрабуюць стварыць буферную зону, каб Украіна не паўтарыла Курскую аперацыю, а стараюцца наступаць. «Яны здзяйсняюць спробы наступальных дзеянняў», — заявіў ён.
* * *
У ноч на 22 траўня Расія атакавала Украіну 124 ударнымі БПЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), Гербера, Італмас ды дронамі-імітатарамі тыпу Пародыя. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 115 БпЛА на поўначы, поўдні ды ўсходзе краіны.
Войска РФ уначы 22 траўня атакавалі беспілотнікамі адно з прадпрыемстваў у Міргарадскім раёне Палтаўскай вобласці. Пашкоджанні атрымала абсталяванне, абышлося без пацярпелых.
У Яраслаўскай вобласці Расіі абвяшчалі небяспеку беспілотнікаў і перакрывалі рух на трасе ў кірунку Масквы. Мясцовыя жыхары налічылі каля 20 выбухаў. Аб’ект атакі пакуль невядомы.
* * *

* * *
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга падчас нефармальнага пасяджэння Савета Украіна-НАТА ў Хельсінгбаргу заявіў, што адбываецца «пераломны момант вайны»: Украіна цяпер не проста просіць аб дапамозе, а з’яўляецца ўдзельнікам забеспячэння бяспекі, донарам і партнёрам, гатовым дзяліцца вопытам з саюзнікамі.
«Украіна больш не проста просіць пра ахвяраванні; мы з’яўляемся ўдзельнікам у забеспячэнні бяспекі, донарам і партнёрам, гатовым дзяліцца сваім вопытам з саюзнікамі. Павелічэнне выдаткаў на абарону — гэта гарантыя міру, і я заклікаю кожнага члена НАТА ўнесці ўклад у абарону Украіны. Гэтая інвестыцыя прынясе самы вялікі мірны дывідэнд у нашым жыцці», — заявіў ён.
Сібіга падкрэсліў, што адбываецца «пераломны момант вайны». «Украіна трымае лінію (фронту – Рэд.), і чалавечыя рэсурсы Расіі больш не з’яўляюцца вырашальнай перавагай. Каб дасягнуць міру, мы павінны засяродзіцца на трох ключавых элементах: дыпламатыі, ціску і сіле. Нам патрэбен новы імпульс у нашых намаганнях дзеля міру», — заявіў ён.
* * *
Дзяржаўны дэпартамент ЗША вырашыў ухваліць магчымы продаж Украіне абсталявання для абслугоўвання ракетнай сістэмы Hawk і спадарожнага абсталявання замежным ваенным кампаніям на суму 108,1 млн долараў.
«Гэты продаж будзе спрыяць дасягненню мэтаў знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі Злучаных Штатаў шляхам павышэння бяспекі краіны-партнёра, якая з’яўляецца рухаючай сілай палітычнай і эканамічнай стабільнасці ў Еўропе», — адзначылі ў Дзярждэпе.
Там лічаць, што продаж абсталявання «палепшыць здольнасць Украіны супрацьстаяць бягучым і будучым пагрозам».
* * *
Кіраўніцтва Беларусі павінна быць у тонусе і адчуваць, што ў выпадку агрэсіўных дзеянняў супраць Украіны будуць наступствы, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, наведваючы Славуціч, дзе размаўляў з кіраўнікамі грамад паўночных рэгіёнаў — Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей.
Размова ішла пра падтрымку людзей і ўзмацненне абароны. «Гэта тычыцца і ахоўных збудаванняў — фартыфікацый і іншага, узмацненне мяжы будзе дадаткова, таксама нашы Сілы абароны і бяспекі, якія ёсць менавіта на гэтым кірунку, — на Чарнігаў і Кіеў з тэрыторыі суседзяў у Беларусі, якіх Расія вельмі хоча ўцягнуць у гэтую вайну больш, і з Бранскай вобласці», — адзначыў Зяленскі.
«Мы памятаем, што ў 22-м годзе наступ быў і з тэрыторыі Беларусі таксама. Мы не забудзем гэтага. Украінскія Сілы абароны, Сілы бяспекі, наша разведка ведаюць, якія пагрозы і як адказваць, адказваць справядліва, безумоўна», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
Паводле яго слоў, у сувязі з пагрозай з боку Беларусі, узнікла неабходнасць узмацніць СПА на поўначы, і рашэнні ўжо прапрацоўваюцца з Мінабароны і ўрадам.
* * *
Крэмль усё больш актыўна выкарыстоўвае Беларусь для сваіх ваенных мэтаў, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) па выніках сумесных ядзерных вучэнняў Расіі і Беларусі, падчас якіх адпрацоўвалі запуск ракет і перамяшчэнне боепрыпасаў.
Аналітыкі ISW заявілі, што гэтыя вучэнні паказваюць узмацненне кантролю Расіі над Беларуссю. У справаздачы нагадалі, што раней Беларусь афіцыйна мела статус бяз’ядзернай дзяржавы. Але ў 2022 годзе Лукашэнка змяніў Канстытуцыю і адмовіўся ад гэтага статусу.
У ISW лічаць, што цяпер Расія мае больш магчымасцяў выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для сваіх ваенных дзеянняў, і будзе рабіць гэта і надалей. Асобна паказваецца, што Расія і Беларусь плануе правесці новыя вучэнні «Шчыт Саюза» ў 2027 годзе. Па словах Пуціна, яны павінны адбыцца ў рамках сумеснай ваеннай падрыхтоўкі дзвюх краін.