СМІ: Сярод атачэння Пуціна «ўзмацняецца адчуванне, што насоўваецца нейкая катастрофа»
«Пануе глыбокае расчараванне ў Пуціне», — паведаміла крыніца The Guardian, блізкая да расійскіх эліт. Тым не менш, сам Пуцін не мае намеру заканчваць вайну ва Украіне, і тыя «эліты» не могуць нічога з гэтым зрабіць. А Еўропа думае, хто будзе яе прадстаўніком на мірных перамовах з РФ. Ідуць 1552-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: GettyImages
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 233 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 штурмаў расіян у раёнах Тарэцкага, Новааляксандраўкі, Радзінскага, Грышына, Удачнага, Маладзецкага, Новапаўлаўкі, Мураўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 28 атак у раёнах Прылук, Залізнічнага, Аленаканстанцінаўкі ды ў бок Горкага, Новага Запарожжа, Стараўкраінкі.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 15 атак паблізу Плешчыеўкі, Іванаполля, Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру.
На Ліманскім кірунку расіяне 11 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Дробышава, Дзіброва, Ямпалю, Ліману, Ставак.
На Славянскім кірунку расіяне штурмавалі восем разоў, на Паўднёва-Слабажанскім кірунку — сем разоў.
* * *
Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія, Італія і Канада заблакавалі ініцыятыву генеральнага сакратара NATO Марка Рутэ аб выдзяленні краінамі-членамі Альянсу 0,25 % свайго ВУП на ваенную дапамогу Украіне. Рутэ спадзяваўся зацвердзіць гэты план на маючым адбыцца саміце Альянсу ў Анкары, але прызнаў, што яго ініцыятыва не будзе рэалізавана з-за адсутнасці аднадушнай падтрымкі саюзнікаў, піша The Telegraph са спасылкай на крыніцы ў NATO.
Паводле журналістаў, зменшага сем краін NATO, якія ўжо трацяць на Украіну больш за 0,25% свайго ВУП, выказалі падтрымку гэтай ідэі. Сярод іх Нідэрланды, Польшча, а таксама краіны Балтыі і Скандынавіі. Аднак рашэнні ў Альянсе прымаюцца на аснове кансенсусу, а Лондан, Парыж, Мадрыд, Рым і Атава выступілі супраць.
Ваенны ўклад Вялікабрытаніі з’яўляецца трэцім па велічыні ў NATO, аднак ён складае каля 0,1% ВУП краіны. Асноўная незадаволенасць партнёраў накіравана на Францыю, Італію, Іспанію і Канаду, чые ўзносы істотна адстаюць ад магчымасцей іх эканомік. Рутэ сцвярджае, што дапамога Украіне «размеркавана нераўнамерна ў межах NATO» і што многія «трацяць недастаткова, калі гаворка ідзе пра падтрымку Украіны». Кіраўнік NATO даўно падкрэслівае, што Еўропа павінна ўзяць на сябе больш адказнасці за падтрымку Украіны, а не спадзявацца на дапамогу ЗША.
* * *

* * *
Сярод расійскіх эліт расце раcчараванне ў кіраўніку РФ Уладзіміры Пуціне з-за вайны ва Украіне, якая зацягнулася, і эканамічнага спаду ў Расіі, піша The Guardian.
Як адзначае выданне, «інтэрв’ю з некалькімі асобамі з атачэння расійскага лідара, а таксама з крыніцамі ў расійскім бізнес-асяроддзі і прадстаўнікамі заходніх спецслужбаў малююць карціну ізаляванага лідара, акружанага элітай, якая імкліва губляе ілюзіі як у адносінах да зацяжной вайны ва Украіне, так і ў адносінах да эканамічнага спаду ў краіне».
«У гэтым годзе настроі сярод эліты, несумненна, змяніліся… Пануе глыбокае расчараванне ў Пуціне», — паведаміла крыніца, якую The Guardian характарызуе як «бізнес-лідара, які мае шырокія сувязі».
Паводле слоў крыніцы, «узмацняецца адчуванне, што насоўваецца нейкая катастрофа».
«Ніхто не верыць, што заўтра ўсё раптам рухне. Але ўсё больш усведамляецца, што працягваюць прымацца зусім бессэнсоўныя, самаразбуральныя рашэнні. Людзі, якія некалі абаранялі Пуціна, больш гэтага не робяць. Любое адчуванне будучыні знікла», — адзначыў суразмоўца выдання.
Як гаворыцца ў матэрыяле, рэйтынг Пуціна падае, эканоміка знаходзіцца пад усё большым ціскам, і нават пракрамлёўскія блогеры, якія раней рэдка крытыкавалі кіраўніка РФ, пачынаюць выказваць сваю незадаволенасць.
Нягледзячы на расколіны, якія з’яўляюцца ўнутры краіны, падыход Пуціна да вайны ва Украіне не змяніўся, і ён, як і раней, рашуча настроены працягваць яе. Пуцін даў зразумець свайму бліжэйшаму атачэнню, што, паводле яго меркавання, Масква зможа захапіць увесь Данбас да канца года, паведамілі два суразмоўцы выдання, якія маюць доступ да кіраўніка РФ.
Каментуючы фразу Пуціна пра тое, што вайна ва Украіне нібыта «блізіцца да завяршэння», крыніцы адзначылі, што яе не варта трактаваць як прыкмету яго гатоўнасці да кампрамісу. Наадварот, гэта сведчыць пра тое, што Пуцін лічыць ваенны прарыў непазбежным.
Прадстаўнік украінскай разведкі заявіў, што расійскія генералы пераканалі расійскага лідара ў тым, што Данбас будзе захоплены да канца года. Але да гэтага часу застаецца няясным, наколькі расійскія ваенныя і спецслужбы падаюць Пуціну занадта аптымістычную карціну.
«Нават калі многія з яго атачэння ўсведамляюць рэальнасць сітуацыі, мы ўсё роўна не ведаем, што менавіта разумее сам Пуцін. У гэтым і заключаецца самая вялікая складанасць», — адзначыў адзін з высокапастаўленых прадстаўнікоў еўрапейскіх спецслужбаў.
* * *
Па стане на 24 траўня ўкраінскія памежнікі не фіксуюць перамяшчэнне тэхнікі ці асабовага складу на тэрыторыі Беларусі, паведаміў прадстаўнік Дзяржпагранслужбы Андрэй Дземчанка ў эфіры тэлемарафону.
«Калі казаць непасрэдна пра лінію нашай мяжы з Беларуссю, то на дадзены момант перамяшчэнне тэхнікі, або ўзбраення, або асабовага складу ў непасрэднай блізкасці да нашай мяжы ці ж такога накаплення мы не фіксуем», — адзначыў Дземчанка.
Разам з тым, даныя разведкі сведчаць пра актыўны ціск з боку РФ на Беларусь, каб Мінск больш маштабна далучыўся да вайны ўласнымі сіламі.
«Канешне, гэта ўяўляе большы рызыка для нашай краіны і стварае магчымасць паўторнага ўварвання менавіта з тэрыторыі Беларусі», — растлумачыў прадстаўнік.
* * *
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб готов выступіць прадстаўніком Еўропы на мірных перамовах з Расіяй, калі будзе адпаведная прапанова, сказаў ён у інтэрв’ю Yle.
Гэта заява з’явілася пасля выказвання прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Еўропа павінна мець уласнага дэлегата на перамовах з РФ.
«Калі вы спытаеце, то, напэўна, на гэта пытанне нельга адказаць адмоўна», — сказаў Стуб.
У той жа час ён заявіў, што абмеркаванне міру стане магчымым толькі пасля таго, як Расія абавяжацца выконваць рэжым спынення агню.