«Я — Тыбет, я галасую за Тыбет». Як працуе парламент тыбецкага ўраду ў выгнанні
Тыбецкі парламент у выгнанні — адна з самых незвычайных палітычных інстытуцый у свеце. Ён існуе без тэрыторыі, без кантролю над радзімай, але з выбарамі, парламентам, урадам і дзясяткамі тысяч выбаршчыкаў па ўсім свеце. Чаму тыбетцы, якія жывуць у выгнанні, працягваюць галасаваць за прадстаўнікоў правінцый, што ўжо дзесяцігоддзі знаходзяцца пад кантролем Кітая, і як Далай-лама ператварыў традыцыйную тэакратыю ў дэмакратычную сістэму — у нашым матэрыяле.

Будынак Тыбецкага парламента ў выгнанні ў Дхарамсале, Індыя. Фота: Bernard Gagnon / Wikimedia Commons
Так супала, што выбары ў Каардынацыйную раду (КР) прайшлі амаль адначасова з выбарамі ў парламент тыбецкай апазіцыі ў выгнанні.
13 мая Выбарчая камісія Цэнтральнай тыбецкай адміністрацыі (ЦТА) абвясціла канчатковыя вынікі ўсеагульных выбараў у Тыбецкі парламент у выгнанні 2026 года. Паводле афіцыйнай справаздачы, у парламент 18-га склікання былі абраныя 45 дэпутатаў, чый тэрмін паўнамоцтваў складзе пяць гадоў.
Пры гэтым у фінальным этапе выбараў узялі ўдзел 41 638 выбаршчыкаў — на 9502 чалавекі менш, чым на папярэдніх выбарах. Аднак яўка выглядае даволі высокай, калі ўлічваць, што парламентарызм у тыбецкай палітычнай культуры — адносна новая і нават экзатычная з’ява.
Гістарычна ў самім Тыбеце парламента ніколі не існавала. Да прыходу камуністаў тут дзейнічала тэакратычная сістэма на чале з Далай-ламам, хаця некаторыя важныя рашэнні прымаліся Цогду — Нацыянальным сходам, у які ўваходзілі настаяцелі трох буйных манастыроў і прадстаўнікі розных прафесійных супольнасцяў: рамеснікі, гандляры, вайскоўцы і лодачнікі.
Але цяперашні Далай-лама XIV, які ўзначаліў Тыбет у 1940 годзе ва ўзросце 15 гадоў, аказаўся прыхільнікам дэмакратычных рэформаў. Пасля ўцёкаў у Індыю ў 1959 годзе разам з паплечнікамі ён вырашыў дэмакратызаваць тыбецкую адміністрацыю ў выгнанні.
Глядзіце таксама

У лютым 1960 года Далай-лама заклікаў тыбецкую супольнасць у выгнанні стварыць выбарны орган, каб «адаптаваць тыбецкія традыцыі да сучасных дэмакратычных прынцыпаў». Галоўная мэта палягала ў стварэнні прадстаўнічага інстытута, які ўвасабляў бы волю тыбецкага народа, дапамагаў мігрантам і забяспечваў пераемнасць тыбецкай ідэнтычнасці ў выгнанні.
Спачатку выбарчая сістэма была вельмі простай. Да ўдзелу ў выбарах запрасілі тыбетцаў, якія ўцяклі ў Індыю пасля ўсталявання кітайскага кантролю над Тыбетам. Тады былі абраныя ўсяго 13 дэпутатаў. Дарэчы, адным з першых рашэнняў новага органа стала скасаванне спадчынных тытулаў і арыстакратычных прывілеяў, а таксама абвяшчэнне роўнасці ўсіх тыбетцаў.
Паступова выбарчая сістэма ўскладнялася. Сёння 45 членаў Тыбецкага парламента ў выгнанні абіраюцца паводле курыяльнага прынцыпу: па 10 прадстаўнікоў ад трох гістарычных правінцый Тыбета і па два — ад чатырох асноўных школ тыбецкага будызму. Астатнія месцы замацаваныя за прадстаўнікамі дыяспары ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы і Аўстралазіі.
Найбольш незвычайна выглядаюць выбары прадстаўнікоў ад гістарычных правінцый, якія цяпер знаходзяцца пад кантролем Кітая. Паколькі правесці выбары на гэтых тэрыторыях немагчыма, у парламенце іх прадстаўляюць выхадцы з адпаведных рэгіёнаў, што цяпер жывуць у эміграцыі.
Лічыцца, што такім чынам выбаршчыкі працягваюць ідэнтыфікаваць сябе са сваёй роднай правінцыяй — часта праз сямейную гісторыю, месца нараджэння бацькоў і дзядуляў або праз уласную самаідэнтыфікацыю. Так падтрымліваецца сімвалічная сувязь з радзімай.
Галасаваць можа любы тыбец у выгнанні, які дасягнуў 18 гадоў, мае сапраўдную «Зялёную кнігу» — дакумент, што выдаецца Цэнтральнай тыбецкай адміністрацыяй і служыць пацвярджэннем тыбецкай ідэнтычнасці, — а таксама плаціць унёскі. Перад удзелам у выбарах неабходна прайсці рэгістрацыю.
Выбары 2026 года прайшлі пад лозунгам «Я — Тыбет, я галасую за Тыбет». Усяго па свеце былі зарэгістраваныя больш за 90 тысяч выбаршчыкаў.
Балаціравацца ў парламент можа любы тыбец, якому споўнілася 25 гадоў і які мае «Зялёную кнігу». Цікава, што кандыдатам забаронена ўдзельнічаць у выбарах ад імя палітычных партый. Усе ідуць як незалежныя кандыдаты, хаця ўнутры парламента існуюць устойлівыя фракцыі і групы ўплыву.
Што да паўнамоцтваў парламента, то ён, у прыватнасці, абірае Кашаг — выканаўчы орган улады, які можна параўнаць з Радай міністраў, на чале з Сік’ёнгам — кіраўніком Цэнтральнай тыбецкай адміністрацыі.
Дарэчы, цікавае пытанне — наколькі парламент гатовы ісці супраць пазіцыі Далай-ламы, які застаецца безумоўным аўтарытэтам для большасці тыбетцаў. Канфлікты паміж парламентам і духоўным лідарам здараліся, але адносна рэдка. Як правіла, яны вырашаліся паважліва і кампрамісна, што адлюстроўвае асаблівае стаўленне тыбетцаў да духоўнага аўтарытэту Далай-ламы.
На фоне дыскусій наконт выбараў у Каардынацыйную раду ўсё апісанае можа выглядаць як нешта амаль недасягальнае. Але насамрэч праблем у тыбецкага парламентарызму таксама хапае.
Падводзячы вынікі выбараў 2026 года, Выбарчая камісія ЦТА выказала расчараванне адносна нізкай яўкі. Сярод галоўных прычын называлі паступовую інтэграцыю тыбетцаў у грамадствы краін, дзе яны цяпер жывуць, а таксама зніжэнне цікавасці маладога пакалення да палітыкі ў выгнанні.
Варта таксама адзначыць, што палітычныя цэнтры дыяспар гістарычна часцей існавалі як часовыя «ўрады ў выгнанні», а не як паўнавартасныя парламенцкія сістэмы. Магчыма, сёння толькі тыбецкая, уйгурская і часткова курдская дыяспары маюць адносна аўтарытэтныя і стабільныя прадстаўнічыя органы за межамі сваёй радзімы.