Комікс супраць дыктатуры: чаму «Персеполіс» стаў забароненай кнігай у Іране

Пасля смерці Маржан Сатрапі яе галоўны твор зноў трапіў у цэнтр увагі. Аўтабіяграфічны комікс «Персеполіс» прынёс аўтарцы сусветную славу, але быў забаронены ў Іране. Чаму гісторыя пра дзяўчынку з Тэгерана дагэтуль раздражняе ўлады і выклікае спрэчкі нават у асяроддзі апазіцыі?

Маржан Сатрапі. Аўтар фота: Rama, Wikimedia Commons, CC BY-SA 2.0 FR

Маржан Сатрапі. Аўтар фота: Rama, Wikimedia Commons, CC BY-SA 2.0 FR

Ва ўзросце 56 гадоў у Францыі памерла іранка Маржан Сатрапі, аўтарка культавага рамана-коміксу «Персеполіс», які афіцыйна забаронены на тэрыторыі яе радзімы.

Сучасны Іран — адна з краін з самай жорсткай сістэмай дзяржаўнай цэнзуры. Пасля Ісламскай рэвалюцыі 1979 года ў краіне дзейнічае Міністэрства культуры і ісламскай арыентацыі, якое выдае дазволы на публікацыю адных кніг і адначасова забараняе іншыя.

Тое, што ў гэты спіс забароненай літаратуры патрапіў комікс «Персеполіс», выглядае трошкі незвычайна. Хто не ў курсе, «Персеполіс» — гэта аўтабіяграфічная гісторыя самой Маржан Сатрапі, дзяўчынкі з багатым уяўленнем з сям'і левых інтэлектуалаў у Тэгеране.

У коміксе мы бачым Іран 1970–1980-х гадоў яе вачыма: ад звяржэння шаха да ісламскай рэвалюцыі, вайны з Іракам і пераследу праціўнікаў новага рэжыму. Урэшце, у страху за будучыню дачкі бацькі адпраўляюць яе за мяжу, у Вену. Там яна сутыкаецца з траўмай выгнання, адзінотай, каб у выніку вярнуцца на ўжо чужую радзіму, дзе зноў прыняць рашэнне бегчы — на гэты раз назаўжды.

Кадр з анімацыйнага фільма «Персеполіс» (2007).

Кадр з анімацыйнага фільма «Персеполіс» (2007).

Першы том «Персеполіса» быў апублікаваны ў 2000 годзе невялікім тыражом. Поспех быў імгненным — кніга стала сенсацыяй. Да 2024 года агульны тыраж «Персеполіса» перавысіў 2 мільёны экзэмпляраў па ўсім свеце. Крытыкі прызналі яго шэдэўрам, а брытанская газета The Guardian уключыла раман у спіс 100 лепшых кніг XXI стагоддзя.

Вяртаючыся да прычын забароны кніжкі ў Іране. Прыкол у тым, што забаронены «Персеполіс» карыстаецца сумнеўнай рэпутацыяй сярод лідараў іранскай апазіцыі. Нагадаем, што яе мэйнстрым складаюць прыхільнікі дынастыі Пехлеві, зрынутай у 1979 годзе. У коміксе гады кіравання шаха паказаныя выключна як час карумпаванай дыктатуры. Але ў дыскурсе прыхільнікаў дынастыі гэты этап іранскай гісторыі быў перыядам актыўнага эканамічнага росту, эмансіпацыі жанчын і бурнай культурнай вестэрнізацыі грамадства, што з'яўляецца, на іх думку, дасягненнямі рэжыму Пехлеві. Сатрапі між тым паказвае ў коміксе шаха не як «бацьку нацыі», а як марыянетку Захаду.

Глядзіце таксама

Па-другое, «Персеполіс» перадае тэму псіхалагічнага крызісу тых іранцаў, хто вырашыў бегчы ў эміграцыю. У коміксе Маржан фізічна з'язджае з радзімы, але ўся яе істота застаецца ў Тэгеране. Узнікае трэшчына, якая будзе толькі пашырацца.

Прыехаўшы ў Вену, дзяўчына сутыкаецца з татальным неразуменнем з боку навакольных. Яна трапляе ў нейкае вымярэнне «нідзе» — не ў Іране і не ў Еўропе. Яе ніхто не бачыць, яна для ўсіх пустое месца.

Калі Маржан, псіхічна разбітая і зламаная, вяртаецца ў Тэгеран, яна і тут не знаходзіць суцяшэння. Яна не можа зразумець тых, хто застаўся ў Іране. У сваю чаргу для іх яна больш не ўпісваецца ў культуру паўсядзённага выжывання.

Фінальнае рашэнне Маржан — з'ехаць назаўжды ў Францыю — гэта не трыўмф свабоды. Гэта горкае прызнанне паразы. Яна прымае тое, што ў яе больш няма дома. Яе домам становіцца перманентная настальгія па маладосці.

Адным словам, комікс не рамантызуе эміграцыю. Ён паказвае яе як досвед, які можа цябе папросту знішчыць псіхалагічна і фізічна.

Але ў выніку іранскія ўлады ўсё роўна вырашылі забараніць «Персеполіс». Прычым нагода была знойдзеная вельмі незвычайная. Адной з галоўных афіцыйных прычын забароны стала тое, што кніга нібыта парушае ісламскія прынцыпы, у прыватнасці забарону на іканічныя выявы прарокаў (хоць Сатрапі не адлюстроўвала іх наўпрост).

На думку экспертаў, прычына табу іншая. Ісламскі рэжым лічыць кнігу прамой пагрозай свайму наратыву. «Персеполіс» небяспечны для рэжыму сваёй штодзённасцю. Улады будуюць міф аб «змове Захаду» і татальнай нацыянальнай і рэлігійнай еднасці іранцаў вакол рэжыму. Сатрапі ж паказвае ісламскую рэвалюцыю і яе наступствы вачыма звычайнай дзяўчынкі-падлетка — з памылкамі, страхамі, любоўю да заходняй музыкі і джынсаў. Яна ачалавечвае гісторыю, робячы немагчымым дэманізаваць ахвяр рэжыму і яго апанентаў.

Застаецца дадаць, што для значнай часткі іранцаў, асабліва тых, хто падзяляе свецкія і ліберальныя погляды ці сам пацярпеў ад рэжыму, «Персеполіс» — гэта свяшчэнны тэкст і акт грамадзянскай мужнасці.

Асабліва гэта датычыцца жанчын. Тыя з іх, хто вырас пасля ісламскай рэвалюцыі, бачаць у кнізе адлюстраванне свайго ўласнага жыцця. Гісторыя пра тое, як маленькая Маржан змагаецца з абавязковым хіджабам, таемна слухае заходнюю музыку і бунтуе супраць крывадушнасці бацькоў і дарослых, — гэта ўніверсальны досвед для некалькіх пакаленняў маладых іранак.