«Рыхтуйся да вайны» без аніякіх «хочаш міру»
Беларускія ўлады, падобна, знаходзяцца ў стане вечнай панікі. Мы, вядома, падазраем, што яны ведаюць штосьці, чаго не ведаем мы, але пры гэтым знешнія «сігналы» ўказваюць на пастаяннае напружанне там, наверсе. І гэтае напружанне ў апошні час расце. Урэшце, яно заўсёды расце перад якімі-небудзь лёсавызначальнымі падзеямі. Да гэтых падзей рэжым рыхтуецца.

На гэтым тыдні мы зноў адзначаем «сігналы». Напрыклад, Міністэрства абароны Беларусі абнавіла пералік спецыяльнасцяў, паводле якіх грамадзянкі краіны падлягаюць першаснаму прыёму на ваенны ўлік. Згодна з пастановай МА, першаснаму прыёму на ваенны ўлік з 19-гадовага ўзросту падлягаюць жанчыны, якія атрымалі падрыхтоўку па спецыяльнасцях, неабходных для Узброеных сіл, іншых войскаў і ваенных фарміраванняў. Сярод гэтых спецыяльнасцяў — ветэрынарная медыцына, лячэбная справа, сястрынская справа, медыка-дыягнастычная справа, фармацыя. Акрамя таго, у пералік увайшлі праграмы перападрыхтоўкі, па выніках якіх прысвойваецца кваліфікацыя «Ваенны фельчар».
І вядома ж, нам варта задацца пытаннем: што ж такога чакаецца ў Беларусі, што на ваенны ўлік сталі ставіць жанчын-ветэрынараў? Навошта яны раптам спатрэбіліся беларускаму войску?
Практычна адначасова з гэтым Міністэрства культуры Беларусі зацвердзіла інструкцыю аб методыцы падрыхтоўкі і правядзення эвакуацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Інструкцыя тычыцца эвакуацыі каштоўнасцяў, якім пагражае знішчэнне ў выпадку надзвычайных сітуацый або узброенага канфлікту. Уласнікі каштоўнасцяў павінны распрацаваць планы эвакуацыі, падрыхтаваць месцы размяшчэння каштоўнасцяў, і накіраваць гэтыя планы мясцовым уладам. Мясцовыя ўлады павінны ўключыць у свае эвакуацыйныя планы тое, што ім дадуць уласнікі каштоўнасцяў.
Але цікавае тое, што ў гэтай інструкцыі згадваецца ўзброены канфлікт «у тым ліку за межамі Беларусі».
Рэжым Лукашэнкі пяць гадоў з'яўляецца саўдзельнікам вайны ва Украіне, і да гэтага моманту не распрацоўваў ніякіх інструкцый па эвакуацыі чаго б там ні было, тым больш зыходзячы з ваеннага канфлікту за межамі краіны. І тут раптам з’яўляецца гэтая інструкцыя. Для чаго?
11 жніўня была спынена праца расійска-беларускага пагранічнага пераходу «Чырвоны камень». Таго самога, дзе ў пачатку ліпеня гэтага года пад удар дрона трапіў беларускі аўтобус, які накіроўваўся з Мінска ў Анапу. Пасля таго інцыдэнту «Чырвоны Камень» таксама прыпыняў працу.
Цяпер афіцыйны Мінск пра прычыны прыпынення маўчыць. Затое не маўчаць відавочцы. Турэцкае інфармацыйнае агенцтва IHA апублікавала відэа, знятае, як сцвярджаецца, турэцкімі кіроўцамі. У роліку бачная фура, якая гарыць збоку дарогі, а таксама цягач з пашкоджанай кабінай на стаянцы каля мяжы. На відэа кіроўца кажа, што удар быў нанесены не па адной, а па некалькіх фурах.
Выданне Ensonhaber цытуе двух кіроўцаў, якія былі відавочцамі ўдару. Адзін паведаміў, што дроны трапілі ў два іранскія аўтамабілі, а потым уразілі беларускую фуру. Ён таксама кажа, што былі параненыя двое беларускіх ваеннаслужачых.
Пытанне: што сярод іранскіх фур рабілі «беларускія ваеннаслужачыя»? Можна было б падумаць, што гэта былі беларускія памежнікі, але… У нас жа з Расіяй фактычна няма ні мяжы, ні пагранічнага кантролю? Якія там памежнікі? Што гэта былі за ваенныя?
Для параўнання: за 2000 кіламетраў ад РБ, у Грузіі, у ноч з 11 на 12 жніўня ў гарах разбіўся мікрааўтобус з беларускімі турыстамі. З гэтай нагоды цэлае Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з цэлай заявай. А пра інцыдэнт у «Чырвоным камені» за 45 кіламетраў ад Гомеля — маўчок. Чаму?
І, дарэчы, маўчыць не толькі МЗС, прапагандысты і ўлады РБ. Маўчаць наконт гэтага і Узброеныя сілы Украіны, і Сілы беспілотных сістэм Украіны, і «Птахі Мадзяра», якія, як правіла, справаздачацца пра паспяхова ўражаныя мэты. А даведаліся мы пра атаку ў «Камяні» дзякуючы расійскім тэлеграм-каналам, якія, вядома ж, сталі разганяць, што фуры атакаваў украінскі FPV-дрон.
Таму ў скептычна настроеных грамадзян узнікае пытанне: а гэты FPV-дрон — ён дакладна быў украінскі? Як і ў выпадку «атак на беларускія аўтобусы» — хтосьці праводзіў экспертызу аскепкаў? На чым грунтавацца сцвярджэнні пра «украінскасць»? Ці цяпер, калі чуеш слова «дрон» — значыць, «украінскі»?
Маўчанне ўладаў РБ з нагоды інцыдэнту можа сведчыць пра тое, што яны ведаюць, чый гэта быў дрон. І не, не нашай паўднёвай суседкі. Цалкам верагодна, што гэта чарговы «трыгер» наконт таго, каб у некага здалі нервы, і гэты нехта аддаў бы загад пра «удар у адказ».
А ўсе ваенныя прыгатаванні Беларусі на гэтым тыдні — гэта таксама сімптом на фоне набліжэння выбараў у Дзяржаўную Думу Расійскай Федэрацыі. Пасля якіх, паводле інфармацыі Украіны, Расія можа абвясціць не толькі мабілізацыю, але і ваеннае становішча. На фоне таго, што там з выбараў «выключылі» адзіную партыю, якая выступала супраць вайны — сцэнар ваеннага становішча ў РФ больш чым верагодны.
Беларусь з Расіяй і ў «Саюзнай дзяржаве», і ў АДКБ, і ў «Мытным саюзе». І пра 500 мэтаў таго ж Мадзяра на тэрыторыі РБ забываць не варта. А яшчэ — адзіная з РФ супрацьпаветраная абарона, расійскія ваенныя базы ў РБ, расійская ядзерная зброя ў Беларусі, якая гіпатэтычна ёсць… Лагер «Вагнера»пад Асіповічамі — што там цяпер?
Калі ў РФ уводзяць ваеннае становішча, расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі — у якім яны аказваюцца стане? «На баявым узводзе», уключаючы ядзерную зброю?
Ці атрымаецца ў нас прайсці па тонкай нітачцы і не зваліцца ў прорву паўнавартаснай вайны?
І канешне, пытанне рытарычнае: хто паставіў нас у гэтае хісткае становішча?