Колькасць наймітаў «Вагнера» ў Беларусі скарацілася да менш за тысячу

Спікер Дзяржпагранслужбы Украіны Андрэй Дземчанка ацаніў колькасць наймітаў ПВК «Вагнер», якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, у менш чым тысячу.

401386_o.jpeg

«Мяжа з Беларуссю. Тут сітуацыя цалкам кантралюецца сіламі абароны Украіны і падраздзяленнямі Дзяржпагранслужбы. На ўзмацненні знаходзяцца іншыя складнікі, — гэта і УСУ, і Нацыянальная гвардыя. Хлопцы выдатна разумеюць, што па той бок мяжы і гатовыя да развіцця любых сітуацый», — сказаў Дземчанка.

Паводле яго, на тэрыторыі Беларусі ў Расіі няма дастатковых сілаў для таго, каб ажыццявіць паўторнае ўварванне, перадае АФН са спасылкай на УНН.

«Беларусь працягвае падтрымліваць Расію ў вайне, якую тая развязала супраць Украіны, сваю інфраструктуру, сваю паветраную прастору. Аднак для нас выгадная сітуацыя ў тым, што не ўтрымаліся на тэрыторыі Беларусі расійскія найміты з “Вагнера”. Па нашых даных, іх там цяпер знаходзіцца менш за тысячу чалавек. Як памятаем, іх колькасць вагалася ў раёне 6000, калі яны прыбывалі туды. За ўсім, што адбываецца па той бок мяжы, пільна сочаць падраздзяленні выведкі», — адзначыў Дземчанка.

Тэлеграм-канал «Беларускі гаюн», які адсочвае ваенную актыўнасць у Беларусі, адзначае, што асноўным месцам размяшчэння наймітаў з'яўляецца лагер у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна. Па інфармацыі «Гаюна», найміты таксама выкарыстоўваюць для сваіх мэтаў тэрыторыю былога ваеннага гарадка №28 «Паплавы» ў Асіповіцкім раёне. У вёсцы Цэль дэмантуецца намётавы лагер, аднак да канца ён пакуль не ліквідаваны.

У той жа час актыўных перасоўванняў наймітаў ПВК «Вагнер» па тэрыторыі Беларусі не фіксуецца. Інфармацыя пра арганізаваны вываз часткі наймітаў з Беларусі ў Расію па-ранейшаму не атрымала пацвярджэнняў, тым не менш паступалі звесткі пра «неарганізаваны» выезд наймітаў у Расію ў адпачынкі.

Глядзіце таксама