Беларуская журналістка ў расійскім вышуку. Хронікі рэпрэсій 11 лістапада

Беларускую журналістку Таццяну Ашуркевіч абвясцілі ў крымінальны вышук у Расіі. У Мінску асудзілі палітвязня за адзін каментар, валанцёрскую супольнасць «Сустрэча» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Падрабязнасці — у аглядзе рэпрэсій гэтага дня.

1_1097_1.png

Беларускую журналістку Таццяну Ашуркевіч абвясцілі ў вышук у Расіі

Беларуская журналістка Таццяна Ашуркевіч трапіла ў крымінальны вышук у Расеі, пра гэта яна распавяла ў Instagram, піша «Медыязона».

Таццяна трапіла ў Расійскую базу вышуку, аднак па якім артыкуле яе шукаюць — невядома.

Таццяна Ашуркевіч — беларуская журналістка, палітычная аглядальніца, якая жыве ў эміграцыі. У пачатку 2025 года пасля выхаду яе тэксту аб міграцыйным крызісе ў выданні Politico невядомыя залілі дзверы менскай кватэры, у якой яна прапісаная, мантажнай пенай.

У расійскім крымінальным вышуку знаходзіцца па меншай меры 5000 беларусаў — журналістаў, актывістаў, экспертаў, экс-палітвязняў і г.д.

У Мінску да калоніі асудзілі палітвязня Вадзіма Здаравеннава. Яго брат Алесь таксама ў СІЗА

10 лістапада вынеслі прысуд палітзняволенаму Вадзіму Здаравеннаму — два гады пазбаўлення волі, піша «Флагшток». Яго абвінавацілі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) за адзін каментар у інтэрнэце. 

Вадзіма затрымалі ў красавіку 2025 года — праз некалькі дзён пасля затрымання на мяжы з Літвой яго брата Алеся. Пра Вадзіма вядома няшмат. Мяркуючы з ягоных сацыяльных сетак, ён жыў у Мінску і прафесійна займаўся фатаграфіяй.

Не менш за 122 чалавекі зняволены па «справе Гаюна»

«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 122 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюну», якіх змясцілі пад варту.

Агульная ж лічба затрыманых значна больш. Затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі да гэтага часу. Таксама вядома, што некаторых затрыманых адпускаюць да суда пад залог.

Таксама ў Беларусі кожны дзень адбываюцца суды па гэтай справе. Фігурантам прызначаюць як «хімію» з накіраваннем, так і калонію. Справы некаторых людзей перадаюць з Мінску ў рэгіянальныя суды.

«Місія дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

У Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі старонку ў Facebook «Місія дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве» (палітычнае прадстаўніцтва офіса Святланы Ціханоўскай і Аб'яднанага пераходнага кабінета), YouTube-канал  «ГлавредTV» і групу «Кобрын» у «Аднакласніках». Таксама «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны сайт Сяргея Ціханоўскага. 

Такое рашэнне 5 лістапада прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Гаворка ідзе пра сайт tihanovski.com, а таксама ўсе сацсеткі праекта — старонках у Фэйсбуку, Х, Instagram, ютубе і телеграме, заўважыла (https://mediazonaby.com/news/2025/11/11/site) "Медыязона".

«Валанцёрскі цэнтр "Сустрэча"» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» 

«Валанцёрскі цэнтр "Сустрэча"» — супольнасць беларускіх валанцёраў ва Украіне. Паводле версіі МУС, дачыненне да яго маюць Алена Жаркевіч і Ірына Лукашэнка.

У склад «экстрэмісцкага фармавання» ўнеслі таксама лагатып цэнтра, а таксама некалькі звязаных з ім тэлеграм-каналаў: «Валанцёрскі цэнтр "Сустрэча"» (і чат канала), «БЕЛАРУСКІ АЎТАПОЛК». Акаўнты ў тэлеграме «Прадстаўнік ВЦ "Сустрэча"», «Аўтаполк рэкрут», «Пипетка», тэлеграм-бот @autapolk_rekrut_bot, а таксама старонкі цэнтра ў фэйсбуку, у «Вконтакте», Instagram, tiktok, профілі ў плацежных сістэмах Patreon, PayPal, Revolut, Сampsite.