Не менш за 37 чалавек у псіхлячэбніцы за палітыку. Хронікі рэпрэсій 10 лістапада
Беларускія ўлады працягваюць ціск на грамадзян — у тым ліку праз прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, продаж маёмасці палітвязняў і нават штрафы за адмову прыйсці на «камісію па занятасці». Падрабязнасці — у аглядзе рэпрэсій гэтага дня.

Не менш за 37 чалавек паводле палітычных матываў накіравалі на прымусовае лячэнне
У Беларусі ўжо больш за пяць гадоў працягваюцца шырокамаштабныя рэпрэсіі. Некаторых нязгодных з палітыкай рэжыма Лукашэнкі судзяць у крымінальным парадку як «асобаў, якія здзейснілі грамадска-небяспечнае дзеянне». Па звестках «Вясны» да прымусовага лячэння ў псіхіятрычным стацыянары паводле палітычных матываў накіраваныя не менш за 37 чалавек.
У Брэсце прадаюць кватэру палітвязня, якога асудзілі за назіранне за судамі
Як заўважыла «Берасцейская Вясна», на аўкцыёне арыштаванай маёмасці з'явілася паведамленне аб продажы кватэры палітзняволенага Віталя Чопіка, якога асудзілі а сямі гадоў калоніі.
Стартавая цана двухпакаёвай кватэры пазначана 103 тысячы рублёў. На дадзены момант збіраюцца заяўкі на ўдзел у аўкцыёне, які пройдзе 25 лістапада.
Нагадаем, што апроч вялікага тэрміну Віталю прысудзілі штраф у памеры 40 тысяч рублёў.
Ігару Лосіку выставілі пазоў за паламаныя кайданкі і выкарыстаныя светлашумавыя гранаты на пратэстах 2020-га
Як паведаміў у Threads былы палітзняволены Ігар Лосік, пасля вызвалення ў яго яшчэ застаўся пазоў ад Генпракуратуры прыкладна ў 7 мільёнаў даляраў (што складае прыкладна ад 22 да 25 мільёнаў беларускіх рублёў).
«Гэта сума, якую з 9 жніўня і да 1 снежня была выплачаная супрацоўнікам АМАП дадаткова з бюджэту на прэміі і звышперапрацоўку, калі яны вельмі старанна білі людзей. І вось я павінен вярнуць яе ў бюджэт. Ёсць яшчэ адзін пазоў за паламаныя кайданкі, выкарыстаныя светлашумавыя гранаты і да г.д.».
Нагадаем, Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года. Яму прызначылі 15 гадоў калоніі, але вызвалілі 11 верасня 2025 года пры садзейнічанні ЗША.
Асудзілі мазырскага блогера Union Bell. Хлопец некалькі гадоў хаваўся, але пасля арышту бацькі быў вымушаны звярнуцца ў бальніцу
36‑гадовы мазырскі блогер Максім Шуканаў меў больш за 6000 падпісчыкаў у ютубе на канале Union Bell. Хлопец аналізаваў палітычныя працэсы, расказваў праўду пра вайну Расіі супраць Украіны. Часам гэтыя ролікі набіралі дзясяткі тысяч праглядаў.
Нават пасля таго, як рэпрэсіі ўзмацніліся, Максім Шуканаў не выязджаў з краіны. Разам са сваёй нявестай Палінай Зыль — яна таксама блогерка — хлопец перайшоў на падпольнае становішча.
Пара пазбягала кантактаў з беларускай дзяржавай, аднак у лютым 2025 года ўрэшце давялося звярнуцца да медыкаў — бо ў Максіма абвастрыліся праблемы са здароўем на фоне арышту бацькі, работніка Мазырскага НПЗ Ігара Шуканава.
Калі чалавек, які знаходзіцца ў вышуку, звяртаецца з пашпартам па медычную дапамогу, міліцыя атрымлівае пра гэта сігнал. Хутчэй за ўсё, так адбылося і ў выпадку блогера.
Сітуацыя была ўдвая драматычная, бо пацягнула за сабой і арышт Паліны Зыль, і іншыя наступствы, якія можна назваць катастрафічнымі.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», нядаўна Максіма Шуканава асудзілі па цэлым пакеце палітычных артыкулаў, агульнае пакаранне — 4 гады калоніі.
Ягоны бацька таксама атрымаў тэрмін у калоніі. Паліне Зыль прысудзілі год калоніі за ўдзел у пратэстах, аднак цяпер яна зноў у СІЗА па іншым абвінавачванні.
У Беларусі пачалі караць «дармаедаў» проста за тое, што не прыйшлі на сход у выканкам ці міліцыю
Людзей, не занятых у эканоміцы, цяпер штрафуюць за тое, што яны ігнаруюць выклікі на так званыя камісіі па працаўладкаванні, піша Гомельская Вясна.
У Воранаўскім раёне Гродзеншчыны ўжо ёсць прыклады — шасцёра чалавек атрымалі штрафы пасля таго, як не прыйшлі ў РАУС па пытаннях «занятасці».
Іх прызналі вінаватымі паводле артыкула 24.3 КаАП — «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы».
Іншымі словамі, цяпер людзей караюць не за тое, што яны не працуюць, а за тое, што не прыйшлі адказаць, чаму не працуюць.