Мінімум 35 асуджаных па «справе дваровых чатаў». Хронікі рэпрэсій 12 лістапада

Паводле праваабаронцаў, за кратамі ўжо не менш за 33 палітвязняў па «справе дваровых чатаў», сярод іх — 25 жанчын. Некаторыя маюць непаўналетніх дзяцей або сур’ёзныя хваробы. Тым часам яшчэ адну ўдзельніцу, фатографку Дар’ю Пучылу, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». На пяцігоддзе гібелі Рамана Бандарэнкі дыпмісіі ЕС зноў заклікалі Мінск спыніць рэпрэсіі.

1_1097_1.png

Мінімум 35 асуджаных па «справе дваровых чатаў»

«Вясне» вядома, што за кратамі ўтрымліваецца не менш за 33 палітвязняў-фігурантаў справы, сярод якіх — 25 жанчын. Сярод іх ёсць пенсіянеркі, жанчыны з цяжкімі захворваннямі, а таксама тыя, хто мае непаўналетніх дзяцей. Некаторыя фігуранты справы былі вымушаныя выехаць за мяжу. Паводле звестак «Вясны», па «справе дваровых чатаў» ужо асудзілі мінімум 35 чалавек.

Паводле версіі абвінавачвання, мэтамі і задачамі дваровых чатаў былі «захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам; аказанне мэтанакіраванага інфармацыйнага ўздзеяння на масавую свядомасць; парушэнне інфармацыйнага суверэнітэту краіны; скажэнне і ўтойванне фактаў; фармаванне негатыўнага стаўлення да ўлады; стымуляванне пратэстаў і сацыяльна-палітычнага хаосу ў беларускім грамадстве».

Гэтыя дзеянні кваліфікавалі як «удзел у экстрэмісцкім фармаванні». Следства называла дваровыя чаты «падпольнымі супольнасцямі», якія дзейнічалі канспіратыўна і мелі «нефармальных лідараў».

Маладой фатографцы і дызайнерцы далі калонію за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

27-гадовую мінчанку Дар’ю Пучылу арыштавалі ў пачатку 2025 года. Паводле «Нашай Нівы», перад гэтым дзяўчына жыла ў Варшаве і шукала працу ў сферы вэб-дызайну.

Дар’я скончыла юрыдычны факультэт Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта ў 2019 годзе, удзельнічала ў студэнцкіх юрыдычных алімпіядах. Яна таксама займалася фатаграфіяй — працавала з вобразамі, студыйнымі фотасесіямі і дызайнам.

Апошні яе пост у Instagram датуецца снежнем 2024 года. У «ВКонтакте» яна была анлайн 7 лютага 2025-га — у дзень, калі пачаліся затрыманні па «справе Гаюна».

Суд прызнаў Дар’ю вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Сутнасць абвінавачання і памер прысуду невядомыя. Паводле праваабаронцаў, прысуд ужо ўступіў у сілу, і цяпер Дар’я, верагодна, знаходзіцца ў Гомельскай жаночай калоніі.

У гадавіну гібелі Рамана Бандарэнкі дыпмісіі ЕС і шэрагу краін заклікалі беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі

«Прайшло пяць гадоў з дня гібелі Рамана Бандарэнкі пры трагічных абставінах. Да гэтага часу не праведзена празрыстае расследаванне, вінаватыя не прыцягнутыя да адказнасці. Мы захоўваем памяць пра Рамана і заклікаем спыніць рэпрэсіі супраць мірных грамадзян», — гаворыцца ў звароце, распаўсюджаным акрэдытаванымі ў Мінску дыпмісіямі Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Германіі, Латвіі, Літвы, Фінляндыі, Францыі і Швецыі, піша Позірк.

18 лютага 2021 года Генпракуратура ўзбудзіла справу па факце «наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што пацягнула смерць па неасцярожнасці» (ч. 3 арт. 147 КК). Пры гэтым было заяўлена, што супрацоўнікі МУС не маюць дачынення да збіцця Бандарэнкі. Праз сем месяцаў расследаванне прыпынілі «з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».

У жніўні 2022-га «Кіберпартызаны» апублікавалі запісы размоў Наталлі Эйсмант, Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты пра падзеі 11 лістапада 2020-га на «Плошчы Пераменаў». ДзяржСМІ не адмаўлялі сапраўднасці запісаў, але назвалі іх інсцэніроўкай пад кантролем спецслужбаў.