Івонка Сурвіла — 90. Дарога першай беларускай прэзыдэнткі ў выгнаньні

Учора 90-годзьдзе адзначыла Івонка Сурвіла — старшыня Рады БНР, мастачка і аўтарка «Дарогі». Яе жыцьцё — гэта ня толькі гісторыя эміграцыі, але і настойлівая спроба вярнуць Беларусь у прастору дэмакратыі і годнасьці.

1775895033515blob.jpg

Учора ў далечыні ад бацькаўшчыны адзначыла 90-годзьдзе Івонка Сурвіла — перакладніца, мастачка, лінгвістка, пісьменьніца, грамадзкая дзяячка і з 1997 году старшыня Рады БНР. Дарога жыцьця канадзкай беларускі была доўгай і з процьмай перашкодаў. Свой шлях Івонка Сурвіла маляўніча і ўдала апісала ў кнізе пад назовам «Дарога».

Кніга ўспамінаў І. Сурвілы будуецца вакол месцаў і краінаў, дзе яна жыла: Стоўпцы, Капэнгаген, Парыж, Мадрыд, Атава і Менск. Апошні сымбалізуе мару і жаданьне вярнуцца ў Беларусь. Гэта адзінае месца ў сьпісе, дзе аўтарка не жыла. Менск яна бачыць канчатковым пунктам прызначэньня ўраду ў выгнаньні.

«Дарога» распавядае гісторыю беларускай эміграцыі пасьля Другой сусьветнай вайны, барацьбу за бачнасьць беларускага пытаньня і за эмансыпацыю беларускага руху. Гэта ўзбагачальная аўтабіяграфія, поўная асабістых гісторыяў і цікавых момантаў, якія апісваюць грамадзкае і палітычнае жыцьцё беларускай эміграцыі.

Акрамя таго, гэта падручнік па гісторыі беларускай дыяспары, які прапануе тлумачэньні таго, як Рада разьвівалася з 1940-х гадоў, калі, напрыклад, Ларыса Геніюш не магла быць прызначаная прэзыдэнткай толькі таму, што была жанчынай. Праз пяцьдзясят гадоў І. Сурвіла была прызначаная на гэтую пасаду без ваганьняў.

Глядзіце таксама

Таму кніга важная і з фэміністычнага пункту гледжаньня, бо аўтарка гаворыць ня толькі пра барацьбу за беларускую справу, але і пра барацьбу з забабонамі і слабасьцямі ўнутры беларускага руху: пэўным кансэрватызмам і нават мачызмам, а часам і з адсутнасьцю салідарнасьці ўнутры эміграцыі.

Ці не таму яна ўсё жыцьцё так шанавала айца Аляксандра Надсана, які заўсёды — і публічна, і ў лістах — падкрэсьліваў важную думку: «Тое, што нас лучыць, большае за тое, што нас дзеліць». Думка, да якой трэба прыслухацца і цяперашнім беларусам і беларускам у выгнаньні.

Акрамя таго, у шматлікіх інтэрв’ю І. Сурвіла падкрэсьлівае ролю жанчынаў у беларускай культуры і грамадзкім жыцьці — і асабліва тых, хто паўплываў на яе. Яна пералічвае іх: маці Эвэліна Шыманец, Зінаіда Гімпелевіч, Паўліна Сміт-Пашкевіч, Лёля Міхалюк, Віялета Кавалёва, Надзя Дробіна, Люда Войтанка, Раіса Жук-Грышкевіч, Валянціна Пашкевіч і многія іншыя.

Цікава і тое, што асобна Івонка Сурвіла падкрэсьлівае ролю свайго бацькі, які, магчыма, нават мацней за фэмінісцкі рух паўплываў на ейную эмансыпацыю: ён разумеў, што дзяўчатам у гэтым сьвеце складаней, і таму падтрымліваў яе нават больш, чым брата.

У 1989 годзе пры дапамозе мужа і сябровак — Зінаіды Гімпелевіч і Паўліны Сміт-Пашкевіч — І. Сурвіла стварыла Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Разам з канадзкімі беларусамі яна спрабавала дапамагчы суродзічам у бядзе.

Ня будзем забываць і пра яе як пра творчую асобу. Яна прыняла ўдзел у больш як 30 выставах як мастачка. У Вышэйшай нацыянальнай школе прыгожага мастацтва ў Парыжы ейным настаўнікам быў мастак Жан Сувэрбі.

1775895137520blob.jpg

Яна найбольш вядомая як партрэтыстка і пэйзажыстка. Працуе самастойна і знаходзіцца пад уплывам як францускіх імпрэсіяністаў, так і беларускіх графікаў. З 1979 году мастачка зацікавілася графікай: пачала працаваць у тэхніках дрэварыту, афорту і акватынты, якой і аддае перавагу.

Сярод яе працаў — акватынты і дрэварыты на беларускія матывы (бажніца ў Ішкальдзі, Эўфрасіньня Полацкая). Яна таксама шмат гадоў працуе над абразом «Вось што яны зрабілі з маёй песьняй».

Яна стала першай жанчынай-старшынёй Рады БНР — фактычна першай беларускай прэзыдэнткай. У 2013 годзе ёй быў прысвоены канадзкі дыямэнтавы юбілейны мэдаль каралевы Лізаветы II за «пажыцьцёвую працу па аднаўленьні дэмакратыі ў Беларусі».

Калі беларускі рэжым у арбіце Расеі і сёньня сьцьвярджае, што жанчына ня можа быць прэзыдэнткай, бо гэта «цяжкая мужчынская праца», то з 1997 году Івонка Сурвіла сьведчыць зусім адваротнае. Гэта сапраўды цяжкая праца — але яна па сіле кожнаму і кожнай, калі гэта дэмакратычны выбар, а не ўзурпацыя ўлады.

І ў 2020 годзе беларусы зноў паказалі працяг гэтай эвалюцыі: яны падтрымалі Сьвятлану Ціханоўскую як альтэрнатыву аўтарытарнай уладзе.

Рада БНР застаецца найстарэйшым урадам у выгнаньні, і сымбалічна яна не страціла сваёй вагі. У гэтым вялікая заслуга Івонкі Сурвілы — першай беларускай прэзыдэнткі.

З юбілеем, спадарыня Івонка!